
Таварыства беларускай культуры ў Літве знаходзіцца з афіцыйнай паездкай па Беласточчыне пасля больш чым 10-гадовага перапынку. Мэта візіту – пазнаёміцца з рэгіёнам і новымі арганізацыямі, а таксама падтрымаць супрацоўніцтва з Музеем малой бацькаўшчыны ў Студзіводах.
Пра гэта распавёў старшыня ТБК Аляксандр Адамковіч:
-Гэта ўжо другая паездка Таварыства афіцыйная. Першая была 13 ці 14 гадоў таму, калі мы праехаліся па Беласточчыне. Таксама мы вельмі шчыра супрацоўнічаем з Дарафеем Фіёнікам і Музеем малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах. Кожны год ладзім наш сумесны фестываль “Беларусь старажытная”, які адбываецца ў Вільні, куды збіраюцца беларускія фальклорныя калектывы.
Сябра Таварыства беларускай культуры ў Літве Таццяна Зімніцкая распавяла, якія ўбачыла адрозненні паміж Віленшчынай і Беласточчынай:
-Мяне якраз цікавіць беларускае жыццё тут, каб параўнаць, як мы там у Вільні жывём, і параўнаць, як беларусы тут жывуць. Беларусы тут больш аўтахтоны, а ў нас ужо палякамі зрабіліся нашыя беларускія аўтахтоны.
Таварыства беларускай культуры ў Літве сваю афіцыйную паездку распачало з наведвання сядзібы «Радыё Рацыя».


