Гэтая беларуска так удала парадзіруе беларускіх прапагандыстаў і рускіх лібералаў, што яе відэа ўспрымаюць за чыстую манету

«Я і феміністка, і веганка. Можаце яшчэ пра арыентацыю напісаць — што ў мяне поўны набор», — жартуе Ната Жукоўская

Наталлі Жукоўскай — 27. Яна без задняй думкі спарадзіравала «Нінэль із Маасквы», пасля «Жанну Амапаўну» і сама не заўважыла, як сабрала сотні тысяч праглядаў. Вялікая гутарка і шмат ролікаў.

Са сваіх 27 гадоў Наталля Жукоўская шэсць — у вымушанай эміграцыі, куды, як і многіх беларусаў, яе закінулі падзеі 2020 года. Тады дзяўчына дакументавала парушэнні на выбарчых участках, валанцёрыла, была адным з твараў праекта Girls Power Belarus і дапамагала палітзняволеным. Пасля была праца на Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў, «Байсол», «Белыя халаты» і шмат іншага, што лукашэнкаўцы называюць «экстрэмізмам».

«Я падумала, што мне варта сябе неяк весяліць — так я запісала першы ролік», — кажа Наталля.

І раптам гэтыя рылсы ў інстаграме пачалі збіраць сотні тысяч праглядаў.

Даведаліся, з чаго пачалося Натальчына захапленне пародыямі, як адрэагавала на яе пранікненне на канферэнцыю «Новая Беларусь» Святлана Ціханоўская і якіх новых персанажаў гледачы неўзабаве пабачаць у выкананні дзяўчыны.

«Калі бачу перад сабой вельмі смешнага чалавека, амаль на 100% упэўненая, што ў яго было няпростае дзяцінства»

Наталля нарадзілася ў Барысаве.

«Маці ў мяне беларуска. А тата з Запарожжа, са Славянска. Частка нашай сям’і знаходзіцца ў Марыупалі, але сувязі ў мяне з імі цяпер няма».

У дзяцінстве дзяўчына вымушана змяніла чатыры школы — дзве ў Барысаве і яшчэ дзве ў Мінску. У першай навучальнай установе Ната падпала пад бязлітасны булінг аднакласнікаў і класнай кіраўніцы.

«Я заўсёды была такім забітым дзіцем — можа таму. Я стала ў прамым сэнсе ізгоем і расла вось з гэтай траўмай адчужэння. Думаю, калі б я расказала пра булінг маці, яна б там з усімі разабралася, але я прамаўчала. Магчыма, мне не хацелася прызнаваць, што са мной «нешта не так». Магчыма, гэта было жаданне абараніць бацькоў ад перажыванняў.

Мне здаецца, я інтуітыўна знайшла для сябе выйсце быць смешнай, бо заўважыла, што, калі дураслівіш, адразу робішся душой кампаніі.

Так і здарылася ў новай школе. Я блазнавала, усе смяяліся, добрыя эмоцыі ўсе любяць. Так і сфармавала сабе бяспечнае асяроддзе. На жаль, коштам пагоршаных адзнак, бо ўвесь рэсурс сыходзіў на тое, каб увесь час быць часткай сацыяльнага жыцця класа. Вядома, думаю, ува мне ёсць і штосьці прыроднае гумарное. Але агулам

калі я бачу перад сабой ну вельмі смешнага чалавека, я амаль на 100% упэўненая, што ў яго было няпростае дзяцінства».

У эміграцыі Ната працягнула навучанне ў ЕГУ на медыякамунікацыі. З той толькі розніцай, што пасля 2020‑га ўжо не магла прыязджаць дадому кожныя выходныя. Традыцыі не засталося, як і ўсёй беларускай часткі жыцця:

«Ніколі не думала, што больш не пабачу Беларусі так доўга».

Калі пачаўся ўвесь жах з гвалтам і арыштамі пасля выбараў-2020, Ната дапамагала дакументаваць факты катаванняў для перадачы матэрыялаў у Гаагу.

«З таго перыяду ў мяне дагэтуль застаўся нервовы цік», — прызнаецца яна.

«У дрэнным стане падумала, што мне варта сябе неяк весяліць — так я запісала першы ролік»

У эміграцыі па выніку ўсіх падзей і напружанай працы Нату накрыла моцная дэпрэсія.

«Я амаль два гады знаходзілася ў жудасным стане, не магла сама згатаваць сабе паесці, жыла на ежы з даставак — пакетамі ад яе ў мяне была заваленая ўся маленькая арэндная кватэра, я магла праспаць 20 гадзін на суткі. У нейкі момант я адчула, што проста не магу з сабой жыць, але і паміраць не хацелася. Я набрала 30 кілаграмаў.

І стаяў выбар, ці далучыцца да «клубу 27», ці пачаць аднаўляцца і выкараскацца. Неяк змагла ўзяцца за розум — знайшла новага псіхіятра замест псіхолага, якая толькі мне нашкодзіла, запісалася да эндакрынолага. Мне выпісалі «Азэмпік». І ў гэтым дрэнным стане я падумала, што мне варта сябе неяк весяліць — так я запісала першы ролік».

«Калі па Дубаі пачало прылятаць ад Ірана, у Эміратах зрабілі вялікі заказ на блогераў, якія рабілі быццам пад капірку адны і тыя ж ролікі кшталту «я не баюся, я ведаю, хто нас абараняе», маючы на ўвазе арабскіх шэйхаў. Мне гэта падалося вельмі смешным, і я зрабіла такі ж ролік, толькі з Лукашэнкам».

Пасля быў ролік з рускім турыстам у Еўропе, які лічыў, што Варшава — гэта спрадвечна рускі горад і што ў Растове піва таннейшае. Выйшла таксама пародыя на беларускага актывіста ў эміграцыі, зацыкленага на лічбавай бяспецы, і нават на прапагандыста Рыгора Азаронка.

Сёння ў Наталлі ўжо цэлы набор персанажаў, якія маюць сваю біяграфію. Напрыклад, Жанна Амапаўна, якая перажывае за ўшчамленне рускай мовы і савецкіх артыстаў і імкнецца прадухіліць у Беларусі каляровыя рэвалюцыі. Ці масквічка Нінэль, абураная смакам бульбяных панкейкаў і адсутнасцю бярозавага малака ў кавярнях «Белоруссіі».

Першыя тысячы праглядаў Ната ўспрымала як выпадковасць, але цяпер яе ролікі лёгка збіраюць па сотні тысяч і больш. Асабліва публіцы заходзяць выпускі пра рускіх турыстаў і лібералаў.

«Беларусы нібыта спакойныя, але варта іх зачапіць «Белоруссіей», і яны самымі агрэсіўнымі робяцца»

Пасля таго, як ролікі пачалі залятаць, іх лагічным атрыбутам сталі хейтарскія каментары — найперш ад тых, хто ўспрымае персанажаў Наты за чыстую манету.

«На днях мяне перапосціў адзін рускамоўны паблік. Нібыта вось па-сур’ёзнаму дурная масквічка не можа ў Мінску безлактознае малако знайсці. Ну і там працягваюць сыпацца каментары, «каб я ехала дадому ў Маскву», там ужо іх пад шэсць тысяч.

Яшчэ цікавае назіранне: беларусы нібыта спакойныя, але варта іх зачапіць «Белоруссіей», і яны самымі агрэсіўнымі робяцца. Пыхлівыя паводзіны рускіх у краіне беларусаў вельмі раздражняюць. І я магу іх зразумець. Беларусы, якія мне там пад ролікам бязглуздзіцу нейкую пісалі і абражалі, я вас усіх выдатна разумею, я з вамі згодная! Хаця ёсць і тыя, хто піша, што я нібыта чарговы заходні праект для таго, каб раз’яднаць рускіх і беларусаў».

Ната падкрэслівае, што робіць відэа выключна па кайфе. Хаця некаторыя арганізацыі ўжо запрашалі яе здымаць пародыі за грошы і на заказ.

«Канечне, у мяне пры такім раскладзе было б больш рэсурсаў — на той жа рэквізіт. Але тады ў мяне ўжо не будзе творчай незалежнасці. Гэта была б здрада маёй існай аўдыторыі і здрада самой сабе. Я, канечне, дзякую за прапановы, але ветліва адмаўляюся.

У мяне пазіцыя такая: калі вы лічыце мой кантэнт важным, можаце проста даць мне грошай, без выстаўлення KPI. Або можаце падтрымаць мяне адразу практычна — вось, напрыклад, мне патрэбная новая мабілка для здымак, леапардавыя абцасы. А яшчэ чалавек, у якога ёсць савецкая машына і які можа даць магчымасць зняцца з ёй».

Большасць каментатараў, толькі разумеючы, што перад імі гумарыстычныя ролікі, хейтарскую інтанацыю адразу пераключаюць на рэспектаванне. Выключэннем тут хіба што з’яўляюцца вайскоўцы з Расіі, якія такога гумару не разумеюць.

«Мне неяк пісаў адзін рускі СВАшнік, што ён, маўляў, паказвае мае ролікі сваёй дачцэ і пужае мной, кшталту я пачвара, а я яму адказала, што мне шкада яго дачку, і заблакавала. Папраўдзе, хейт даўно на мяне ніяк не ўплывае, усё ж школьны булінг мяне загартаваў».

«Каманда Пятрухіна паслала мяне на*уй і абазвала сукай»

Тое, што глядач бачыць на відэа, — амаль заўсёды стоадсоткавая імправізацыя.

«У мяне проста досыць вялікая нагледжанасць. Псіхіятр кажа, што я звышадчувальны чалавек. І з аднаго боку праз гэта я вельмі пакутую, але з другога — магу заўважаць рэчы, падтэксты, на якія нехта не звярнуў бы ўвагі»

Па сваёй ініцыятыве Ната ў вобразе Жанны Амапаўны наведала апошнюю канферэнцыю «Новай Беларусі», дзе яе нагледжанасць якраз падказвала ёй, як удала падкалоць і Святлану Ціханоўскую, і прадстаўніка «Белпола», і экс-палітвязня Міколу Дзядка, і блогера Сяргея Пятрухіна.

«Праўда, каманда апошняга па выніку паслала мяне на*уй і абазвала сукай. Яны стаялі на вуліцы і спецыяльна здымалі ўсіх, хто прыходзіў на канферэнцыю. Ну і я вырашыла, што буду здымаць Пятрухіна ў адказ у вобразе Жанны Амапаўны. Маўляў, ён мой чалавечак, бедны, на канфу не пусцілі, але я каму трэба дала на лапу і прайду… Але адзін з членаў іх каманды схапіў мяне за руку і хацеў адвесці да паліцыі».

Ната кажа, што ролік з Пятрухіным і Жаннай Амапаўнай яшчэ з’явіцца на яе старонцы.

У будучыні дзяўчына хацела б рэалізаваць шмат персанажаў — напрыклад, беларускую суддзю, а таксама разбавіць партфоліа іншымі прапагандыстамі.

Азаронак жа пакуль на стопе.

«Ён мне проста агідны. Толькі часам з яго смешна. Мне цікавыя канфліктныя персанажы. З Азаронкам жа ўсё зразумела».

Ната лічыць, што сакрэт таго, што яе ролікі залятаюць — у іх праўдзівасці. Бо ўсе сітуацыі яна падглядае ў жыцці, пазначаючы сабе ў нататнік наступную «ахвяру».

«Гэтыя відэа — гэта мой спосаб даваць рады нашай жудаснай рэальнасці. Таму кашмару, які атачае мяне. Так, кантэкст і бабл могуць мяняцца, але ў цэлым наша рэальнасць сапраўды жудасная», — прызнаецца суразмоўца.

Наталлі прыемна, што вялікая колькасць аўдыторыі глядзіць яе знутры Беларусі.

«Напрыклад, у роліка пра прайд у Вільні, які я аглядала ў вобразе прапагандысткі, большая частка аўдыторыі беларуская».

nashaniva.com