
25 жніўня, верталёт спусціў з піку Курумды два целы, паведамляецца на адмысловым сайце, прысвечаным пошуку зніклых у гарах Кыргызстану трох альпіністаў з Беларусі і Літвы.
Целы спусцілі ў высакагорную вёску Сары-Таш.
«Адтуль у суправаджэнні міліцыі іх даставілі ў морг гораду Ош. Апазнанне прызначанае на 27 жніўня. Да яго мы не называем імёнаў. Ратаўнікі працягваюць шукаць трэцяга», – паведамляе пошукавая каманда.
Раніцай 24 жніўня распачаўся новы этап аперацыі ў пошуку трох альпіністаў з Беларусі і Літвы, якія зніклі ў гарах Кыргызстану падчас пад’ёму на пік Курумды. Верталёт высадзіў на ледавік на вышыні 4300 метраў каманду з пяці альпіністаў.
«Увечары яны знайшлі целы двух удзельнікаў групы. Распачатыя працы для спуску. Пошукі трэцяга працягваюцца», – паведамляла пошукавая каманда.
21 жніўня на дне цясніны Курумды зафіксавалі наяўнасць трох целаў, паведамляў сайт News.kg са спасылкаю на кіраўніка Федэрацыі альпінізму Кыргызстану Эдуарда Кубатава. З высокай імавернасцю гэта зніклыя грамадзянін Літвы Сяргей Рубцоў, беларусы Максім Палянскі і Мікалай Свірыдаў.
«Чакаем устойлівага надвор’я, каб пацвердзіць гэта, а затым перавезці іх у Ош. Гэта даволі складаная аперацыя, бо цяпер у гарах нестабільныя ўмовы, а сезон альпінізму ўжо завершаны. Целы застаюцца на вышыні каля 6,5 тысячы метраў», – казаў Эдуард Кубатаў.
Паведамленне наконт таго, што, імаверна, былі знойдзеныя целы альпіністаў, публікавалі яшчэ 16 жніўня – іх убачылі з дрона.
Максім Палянскі, Мікалай Свірыдаў і Сяргей Рубцоў здзяйснялі ўзыходжанне на пік Курумды вышынёю 6613 метраў. 2 жніўня яны паведамілі, што падняліся прыкладна на 6000 метраў і спускаюцца. Пазней сувязь з групаю знікла.
Для пошукаў стварылі супольны беларуска-кіргізскі штаб. Альпіністаў шукалі ратавальнікі, памежнікі і валанцёры, схіл абследавалі з верталётаў і беспілотнікаў. На пошукі сабралі 109 тысяч еўраў. Раней пошукавікі выявілі намёт і рэчы групы. Пошукі з удзелам ратавальнікаў трывалі з 7 жніўня.
Сябра зніклых беларусаў Сяргей Валасач апавядаў «Белсату», што на групу магла сысці лавіна, аднак падкрэсліваў, што гэта толькі адна з версіяў.
