
Сукупная выручка 20 найбуйнейшых транспартна-лагістычных кампаній з беларускім капіталам у Літве па выніках 2025 года вырасла на 12,4% і дасягнула €163,5 млн. Пры гэтым агульны аб’ём гэтай нішы эканамічны журналіст Вадзім Сяховіч у сваім Telegram-канале ацэньвае ў €175 млн.
Каля 60% сукупнага аб’ёму продажаў у рэйтынгу топ-20 сфармавала група кампаній Lotos Baltica. Яе ў 2006 годзе заснаваў у Шальчынінкаі выхадзец з Лідчыны, цяпер грамадзянін Літвы Андрэй Сабалеўскі.

Выручка трох кампаній бізнесмена ў 2025 годзе вырасла больш чым на 30%: галаўная Lotos Baltica з вялікім адрывам заняла першае месца ў рэйтынгу, а Lotos Baltica Solutions і Vilktra размясціліся адпаведна на чацвёртым і пятым радках.
Ключавая спецыялізацыя Lotos Baltica — перавозка садавіны і гародніны паміж Іспаніяй, Італіяй і краінамі Скандынавіі. У гэтых рэгіёнах група мае даччыныя прадпрыемствы — Lotos Nordica ў нарвежскім Клепе і Lotos Iberica ў іспанскай Лерыдзе. Таксама на польскім рынку дзейнічае структура Андрэя Сабалеўскага — Ketera.
Другое месца ў рэйтынгу заняло літоўскае падраздзяленне лагістычнага холдынгу Asstra Group — кампанія Asstra-Vilnius, заснаваная ў 2000 годзе. Швейцарскім холдынгам валодае Дзмітрый Лагун. У параўнанні з папярэднім годам выручка Asstra-Vilnius крыху знізілася.

Тройку лідараў замкнула кампанія Interfreitas, якая, наадварот, павялічыла абароты. Бізнес у 2019 годзе заснаваў Аляксандр Карнейка — кампанія спецыялізуецца на лагістычным суправаджэнні грузаў у Літву з Кітая, Паўднёвай Карэі і Індыі. У Карнейкі ёсць аналагічны бізнес і ў Гданьску — Multimodal Logistyka, створаны ў 2022 годзе.

Вось як выглядае топ-10 найбуйнейшых транспартна-лагістычных бізнесаў беларусаў у Літве:
- Lotos Baltica (Шальчынінкай) — €81,8 млн (2024 год — €66,9 млн);
- Asstra-Vilnius (Вільнюс) — €17,5 млн (€17,8 млн);
- Interfreitas (Вільнюс) — €16,4 млн (€14,8 млн);
- Lotos Baltica Solutions (Шальчынінкай) — €11,1 млн (€2,9 млн);
- Vilktra (Шальчынінкай) — €8,2 млн (€7,5 млн);
- Transetus (Вільнюс) — €5,9 млн (€4,8 млн);
- Alfaroute (Вільнюс) — €5,6 млн (€4,6 млн);
- Krafttrans Vernalis (Вільнюс) — €3,5 млн (€4,9 млн);
- MTE Cargo (Вільнюс) — €2,1 млн (€1,8 млн);
- Nurlana (Алітус) — €1,3 млн (€2,4 млн).
