«Шаўрон можна зняць толькі з майго халоднага цела». Дабраахвотнік «Соня» — пра тое, чаму вайна для яго стала надзеяй

«Запомні, Салавей: чым больш будзеш ваяваць, тым цішэйшым і сціплейшым будзеш», — казаў яму ўкраінскі пабрацім. Уладзіслаў Салавей з пазыўным «Соня» чацвёрты год ваюе ва Украіне. Ён быў камандзірам разведгрупы, атрымаў кантузіі і аскепкі ў спіну, на паўгода страціў баяздольнасць праз псіхічнае і фізічнае знясіленне. Цяпер Салавей рыхтуецца вярнуцца на фронт, не адкладае жыццё на пасля вайны і па-ранейшаму лічыць сябе байцом Палка Каліноўскага — бо гэта больш чым падраздзяленне. «Мне важна, каб мой прыклад даваў надзею тым, хто яе страціў. Я моцна сумняюся, што сам дажыву да вызвалення Беларусі. Але вырасце наступнае пакаленне, маладыя людзі ўбачаць, што да іх нехта змагаўся, і зразумеюць: усё не безнадзейна».

Уладзіслаў Салавей «Соня». Фота тут і далей — з архіву героя

«Мышы плакалі, калоліся, але елі кактус»

Нядаўна я выбраўся ў Харкаве ў кіно — на «Адысею» Крыстафера Нолана. Я вялікі фанат кінематографа, гэта маё хобі. Уявіце: Харкаў, бомбы, абстрэлы, а IMAX працуе і ў зале аншлаг. Я ледзьве купіў білет на крайняе месца.

Фільм ішоў тры з паловай гадзіны. Праз кантузію я доўга не вытрымліваю гучных гукаў, а там усё грымела. Мне было дрэнна. Але і добра, бо фільм выдатны. Мышы плакалі, калоліся, але працягвалі есці кактус. Вось так і я.

Гэты фільм мяне моцна закрануў. Любы чалавек з адукацыяй і разуменнем жыцця ўсё адно ў душы пацыфіст. Нават калі ён бярэцца за зброю, то дзеля таго, каб абараніцца і потым больш за яе не брацца. Ён не пачынае войнаў, ён іх заканчвае.

Героі «Адысеі» самі прыйшлі ў чужы горад і знішчылі яго. Тэхнічна яны перамаглі, але насамрэч прайгралі. Увесь фільм — расплата за тое, што яны зрабілі. Гэта гісторыя пра адказнасць.

Адна знаёмая ўкраінка ўбачыла ў фільме крыху іншае. Кажа: «Дык усё ж зразумела. Мужык збег ад жонкі, дваццаць гадоў недзе цягаўся, з нейкімі жанчынамі на астравах прападаў. Потым вярнуўся, калі яна ўжо адна сына выгадавала, і пачаў расказваць казкі: дарагая, я не мог прыехаць, там то віры, то сірэны. Казачнік!» Нам, вядома, спадабалася і гэтае апісанне.

Я стараюся не забываць, што жыццё ідзе цяпер. На вайне людзі сустракаюцца з сябрамі, святкуюць дні нараджэння і Новы год, ствараюць сем’і, нараджаюць дзяцей. Я гэтым летам нарэшце пабачыў мора ў Адэсе. Чатыры гады ва Украіне — і да гэтага ні разу не бачыў мора.

У Харкаве знайшоў краму, дзе прадаюць вафлі з малінай. Іх увесь час нехта раскупляў. Я прыехаў і кажу: «Паслухайце, я люблю гэтыя вафлі, што гэта такое?» Мы дамовіліся: прадаўшчыцы вафлі хаваюць, пакідаюць мне, я прыязджаю раз на тыдзень і забіраю.

У Харкаве (злева) і на моры ў Адэсе (справа)

Дробязі ратуюць. Нават калі гэта проста вафлі.

«А мы, трыццацігадовыя быкі накшталт мяне, скардзімся, што стаміліся. Сорамна казаць, што я стаміўся»

Калі ты ўвесь час знаходзішся ў вайне, думаеш толькі пра яе, перапоўнены нянавісцю і жорсткасцю, нервовая сістэма хутка знясільваецца. Гэта як ператрэніраваць цягліцы, толькі псіхіка аднаўляецца значна даўжэй.

Няма таблеткі або залатога рэцэпта, каб хутка аднавіць ужо знясіленую нервовую сістэму. Бадай, адзіны спосаб — з’ехаць кудысьці на паўгода, есці кашку, сядзець у басейне і глядзець удалечыню. І пакрысе яна адновіцца.

Я сябе да такога ўжо давёў. Амаль два гады таму ў Запарожжы страціў баяздольнасць і каля паўгода аднаўляўся. Тады загінулі людзі, у тым ліку вельмі блізкія мне. У мяне развіўся ПТСР. Ён праяўляўся хранічнай стомленасцю, раздражняльнасцю, зніжэннем кагнітыўных здольнасцяў і стратай кантролю над эмоцыямі. Да псіхічнага і фізічнага знясілення дадалася дэпрэсія.

У рэабілітацыйным цэнтры

Я не мог нармальна працаваць, планаваць, займацца фізічнай актыўнасцю, размаўляць з людзьмі. Уявіце, што заўтра ў вас надзвычай складаны экзамен, а сёння вы захварэлі на грып, ад вас пайшоў муж ці памерла мама. Ці зможаце вы нармальна падрыхтавацца? Наўрад ці. Але, калі вы праваліце экзамен, свет не абрынецца. А калі я дрэнна падрыхтую баявую задачу, могуць загінуць людзі.

Не скажу, што цалкам выйшаў з гэтага стану. Я ўсё яшчэ залечваю раны. Мне вельмі дапамагае псіхатэрапеўт і псіхіятр з пазыўным «Флой». Яна мае каля трыццаці гадоў прафесійнага досведу, была беларускай палітзняволенай, адседзела два гады, выйшла і прыехала служыць ва Украіну. Яна займаецца рэабілітацыяй байцоў. Дарослая жанчына, мае дзяцей. А мы, трыццацігадовыя быкі накшталт мяне, скардзімся, што стаміліся. Мне нават сорамна казаць, што я стаміўся.

Цяпер я паводжу сябе крыху хітрэй. Гэта здаровы эгаізм: не адмаўляю сабе ў кіно, сябрах, сустрэчах, добрай ежы. Не хачу думаць, што сапраўднае жыццё пачнецца пасля перамогі, а цяперашняе — нейкая дэма-версія, якую трэба перацярпець. Я хачу і цяпер быць шчаслівым: схадзіць у кіно, пакаштаваць нешта новае, пайсці на спатканне з прыгожай дзяўчынай, пасядзець у парку, пацалавацца. Мы ж людзі.

«У горадзе Крапіўніцкім, выбраліся з вучэнняў павячэраць»

«Мне ўвесь час страшна. Але ёсць страх, а ёсць паніка»

Мне ўвесь час страшна. Я ж чалавек. Але ёсць страх, а ёсць паніка. Страх можна кантраляваць, паніку — не. Страх мабілізуе: ты хутчэй думаеш, рухаешся, прымаеш рашэнні. Калі ён ператвараецца ў жах і завалодвае табой, ты губляеш баяздольнасць.

Да фонавага страху я амаль прывык. Мне нават падабаецца гук паветранай трывогі, асабліва ў Харкаве. У розных гарадах сірэны гучаць па-рознаму, а харкаўская, як на мяне, гучыць найлепш. Яна мяне супакойвае.

Але дзікі страх нікуды не знікае, калі ёсць непасрэдная пагроза жыццю. Аднойчы ў лесе побач ляжаў паранены канадскі баец — яму адарвала руку. Эвакуацыйная бронемашына ехала да нас, але не бачыла, дзе мы. Трэба было сярод белага дня выбегчы на адкрытае поле, дзе навокал расіяне, і махаць рукамі, каб машына нас заўважыла. Інакш чалавек памёр бы.

Я стаяў з рацыяй, чуў гул машыны і разумеў, што трэба выбягаць. Можа, пашанцуе, і мяне не заб’юць. А можа, заўважаць і расстраляюць. Усё ўнутры сціснулася, я быў нацягнуты, як струна. Гэта як стаяць на мосце перад скачком з тарзанкай: ты застыў, але мусіш зрабіць крок. Я ўдыхнуў, вырваўся з лесу і пабег па траве, пачаў махаць рукамі. Машына заехала да нас. Байца выратавалі, руку прышылі назад, і яна працуе.

Ці быў я героем? Ды не, я проста разумеў: калі не выбегу, чалавек памрэ. Іншага варыянта не было.

«Я рабіў сур’ёзныя памылкі, з якімі мне жыць да канца і якія ўжо немагчыма выправіць»

Без гумару ў гэта ўсё лепш наогул не ўвязвацца. Гэта і разрадка, і спосаб наладзіць кантакт, і псіхалагічная абарона.

З сябе я таксама смяюся. Але на вайне я пасталеў. Мяне не прыцягвае таксічная мужнасць — гэтыя напампаваныя барадатыя мужчыны з татуіроўкамі, якія на справе часта аказваюцца слабымі. Даросласць для мяне — унутраны спакой і ўменне несці адказнасць.

Соня (справа) з хлопцамі з яго баявой групы, рыхтуюцца да Купянска

На адным заданні ў мяне было дзесяць чалавек, якіх праз чатыры дні трэба было вярнуць жывымі. Калі я недзе памылюся, яны ў найлепшым выпадку могуць стаць людзьмі з інваліднасцю, у найгоршым — загінуць. Гэта вісіць на табе. Я гадзінамі сядзеў перад заданнем і напружваўся, мабыць, больш, чым матэматыкі над нейкай тэарэмай: як зрабіць так, каб мы не загінулі?

Адзін вельмі мудры ўкраінскі салдат некалі сказаў мне: «Запомні, Салавей: чым больш будзеш ваяваць, тым цішэйшым і сціплейшым павінен быць. Тады ты станеш прыкладам. Людзі ўбачаць твой баявы шлях і будуць раўняцца на цябе. Ты ўжо не можаш дазволіць сабе аказацца нейкім дэгенератам».

Я не хачу ствараць з сябе бездакорнага героя. Тут я рабіў сур’ёзныя памылкі, з якімі мне жыць да канца і якія ўжо немагчыма выправіць. Пра іх я не гатовы гаварыць.

Ёсць і загінулы чалавек, з якім я ўвесь час вяду ўнутраныя размовы. Гэта вельмі асабістае. Я не разумею, навошта нейкі асобны дзень памяці. Я памятаю кожны дзень. Ён і так заўсёды са мной.

«Магчыма, я не ўбачу новай Беларусі»

Я раней не асабліва імкнуўся ў медыя, публічнасць. Адзін разумны чалавек аднойчы сказаў мне: «Ты ўсё гэта робіш, але амаль ніхто гэтага не бачыць. Так яно і застанецца толькі з табой. А калі ўбачаць іншыя, нехта зразумее, што яшчэ варта змагацца».

Мне важна, каб мой прыклад даваў надзею тым, хто яе страціў. Я моцна сумняюся, што сам дажыву да вызвалення Беларусі. Такое жыццё. Але вырасце наступнае пакаленне, маладыя людзі ўбачаць, што да іх нехта змагаўся, і зразумеюць: усё не безнадзейна. Магчыма, я не ўбачу новай Беларусі, але магу падаць прыклад. Для мяне гэта і ёсць лідарства: узяць адказнасць, захаваць надзею і перадаць яе далей.

У 2020 годзе мне было 28. 9 жніўня я выйшаў на вуліцу, куртку прапаліла светлашумавая граната, а мяне самога закруцілі ў трэцюю камеру на першым паверсе Акрэсціна. Тры дні нас збівалі, катавалі. Да таго моманту я не бачыў столькі гвалту і крыві.

Цяпер успамінаю гэта амаль без эмоцый — пасля 2020‑га прайшло ўжо некалькі жыццяў. У памяці засталося добрае: момант, калі выйшаў з Акрэсціна, маршы, неймаверная надзея.

Пасля таго, як выйшаў з Акрэсціна. Фота: ПЦ «Вясна»

У мяне няма бязмежнай нянавісці да тых, хто гэта рабіў, і няма да іх жалю. Яны павінны адказаць. Калі людзі ў камеры казалі, што пойдуць адразаць галовы дзецям суддзі, я іх спыняў: «Якія галовы дзецям? Не ператварайцеся ў звяроў». Дзеці не вінаватыя ў тым, што зрабілі іх бацькі.

Да трыццаці гадоў я жыў хутчэй паводле прынцыпу «мая хата з краю». Усё жыццё быў летуценнікам, шмат часу праводзіў у фантазіях. А потым 2020 год, вайна і сталенне наклаліся адно на адно. Летуценнасць злучылася з абставінамі і нарадзіла мэту.

Уладзіслаў Салавей да пачатку вайны

Чаму я не магу свабодна жыць у сваёй краіне, дзе нарадзіўся і вырас? Толькі таму, што нехта так вырашыў? Значыць, гэты нехта адкажа. Я перастаў уцякаць. Калі б да свабоды можна было прыйсці іншым шляхам, пайшоў бы ім. Але пакуль шлях такі.

Уладзіслаў Салавей у Беластоку перад тым як паехаць на абарону Украіны

Калісьці ў самым пачатку я называў вайну куражом, пасля — дысцыплінай і працай. Цяпер вайна для мяне — надзея. Надзея, што ўсё гэта не марна, што вайна скончыцца нашай перамогай і мы зможам жыць людзьмі, а не рабамі.

У вучэбцы, адразу пасля прыезду ва Украіну

Калі яна працягнецца яшчэ дзесяць гадоў, я гатовы наколькі хопіць сіл і здароўя. Думаю, цела падвядзе мяне раней, чым душа. Душа несмяротная, з ёй усё будзе добра. З украінскімі пабрацімамі жартую: «Я не павінен памерці! У вас адна вайна, а ў мяне дзве. Мне пасля яшчэ сваю краіну вызваляць, таму мяне трэба берагчы!»

Чаму я называю сябе байцом Палка Каліноўскага

Апошнім часам у сацсетках з’явіліся допісы пра тое, што я нібыта ўжо не баец Палка Каліноўскага. Цяпер я сапраўды рыхтуюся перайсці ў новае падраздзяленне ўкраінскіх сіл і фармую там групу. Апошнія восем месяцаў служыў у разведвальным батальёне Нацыянальнай гвардыі, выключна з украінцамі. Але

для мяне Полк Каліноўскага — шырэйшае паняцце, чым адна вайсковая адзінка са штатам і кантрактамі. Гэта рух беларусаў, якія служаць у розных украінскіх падраздзяленнях, а таксама ветэранаў і валанцёраў. Нас аб’ядноўвае мэта — вызваленне Беларусі праз перамогу Украіны.

Каля двух гадоў таму мы сабралі прадстаўнікоў падраздзяленняў і байцоў і прынялі ўнутраны дакумент. У ім запісалі, што байцамі Палка з’яўляюцца тыя, хто ўдзельнічаў у баявых дзеяннях або забяспечваў іх, падзяляе місію Палка, а таксама рэзервісты і ветэраны незалежна ад таго, у якой вайсковай частцы яны цяпер.

Шаўрон для мяне — не лагатып канкрэтнай вайсковай часткі. Гэта сімвал прыналежнасці да руху і нашай мэты. Мне яго не выдаў нейкі канкрэтны чалавек, я не купіў яго ў кіёску. Каб яго насіць, мне давялося пабываць у пекле і заплаціць крывёю. Ніхто не будзе вырашаць за мяне, маю я права насіць гэты шаўрон ці не. Калі нехта захоча яго з мяне зняць, то зможа зрабіць гэта толькі з майго халоднага цела.

Некаторых маіх сяброў дагэтуль немагчыма пахаваць. Я ўжо год не магу забраць парэшткі аднаго з іх. Таму для мяне Полк — гэта не пра фонды, данаты або званні. Гэта пра людзей, якіх ужо няма побач.

Я разумею, што не ўсе падзяляюць такое шырокае разуменне Палка. Але не хачу рабіць з гэтага вайну ўнутры вайны. Большасць з нас нармальна служыць, сябруе, выконвае задачы. Так, у добраахвотніцкім асяроддзі здараюцца непаразуменні. Але пабрацімы, якія б яны ні былі, застаюцца нашымі беларускімі салдатамі.

Мне таксама важныя ўзнагароды. Яны дасталіся мне цяжкой крывёю. Такое не купіш за грошы: я плаціў рызыкай свайго жыцця. Узнагарода паказвае, што ўва мне яшчэ ёсць энергія і я ўсё яшчэ на нешта здольны. Для кагосьці гэта проста жалезкі, я нікога не папракну. Але для мяне яны маюць значэнне.

Медаль за адвагу

«Калі мне не хацелі выдаваць банкаўскую картку, афіцэры Нацгвардыі селі са мной у машыну і паехалі ў банк»

У беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне застаюцца прававыя праблемы. Беларусь — краіна-суагрэсарка, гэта аб’ектыўная рэальнасць: з яе тэрыторыі ішла атака на Украіну. Таму любому беларусу тут цяжка адстойваць свае правы, незалежна ад таго, ваюе ён на ўкраінскім баку ці не.

Я сам сутыкаўся са складанасцямі з банкаўскімі карткамі і дакументамі, хоць служу па кантракце і ўдзельнічаю ў баявых дзеяннях. Я прыехаў сюды паводле сваіх перакананняў і спачатку думаў: я нікому нічога не павінен, але і мне ніхто нічога не павінен.

Аднак замежны баец падпісвае афіцыйны кантракт з украінскай дзяржавай. Гэта прававыя адносіны, і яго правы, як і правы сям’і, павінны быць абароненыя законам.

Асабліва цяжка ўдовам беларускіх добраахвотнікаў. Ёсць жанчыны, чые мужы загінулі на баявых заданнях, але яны не могуць атрымаць выплаты. Сярод іх ёсць і ветэранка Інтэрнацыянальнага легіёна.

Уладзіслаў Салавей справа. З найлепшым сябрам маёрам Дэйвам Смітам

Пры гэтым асабіста я амаль заўсёды бачыў з боку ўкраінцаў вялікую павагу. Калі мне не хацелі выдаваць банкаўскую картку, афіцэры Нацгвардыі селі са мной у машыну, паехалі ў банк і сказалі: «Гэта наш баец, ён прыехаў абараняць краіну, вырашайце пытанне». Але хацелася б, каб усё залежала не ад прыстойнасці канкрэтных людзей на месцы, а ад закона.

Разам з паплечнікамі мы стварылі невялікі фонд «Булварк». Пакуль вялікіх заслуг у яго няма. Праз фонд аплачвалі рамонт аўтамабіляў для вайскоўцаў, дапамагаем з дакументамі і псіхалагічнай падтрымкай, можам афіцыйна запрашаць беларускіх валанцёраў ва Украіну.

Мы вырашылі: калі салдаты самі зарэгіструюць свой маленькі фонд для ўласных патрэб, то ўжо дакладна не змогуць падмануць саміх сябе.

«Калі спытаюць, як я памёр, лепей раскажыце, як я жыў»

Я не ведаю, колькі яшчэ працягнецца вайна. Адны кажуць — вось-вось скончыцца, іншыя — да 2030-га, да 2040-га, нехта чакае ядзернай вайны. Колькі людзей, столькі меркаванняў.

Я не жыву выключна сённяшнім днём, у мяне ёсць планы і сістэмнае мысленне. Проста не хачу ўпусціць сённяшні дзень дзеля будучыні. Павольна і цярпліва іду да мэты, але не адмаўляюся жыць. Асабістае жыццё ідзе — і ідзе выдатна. 

Я хацеў бы сям’ю і дзяцей, толькі не цяпер. Баюся, што мяне заб’юць і дзіця будзе расці без бацькі. Мая сяброўка Маргарыта Ляўчук пераехала да мужа ў Харкаў цяжарнай. Я пытаўся: «Марго, вайна, муж на фронце, ты ў Харкаве — не баішся яшчэ і нараджаць?» Яна паглядзела і сказала: «Дык што мне цяпер, не жыць, раз вайна ідзе?»

Малайчына. Я мужчын тут не баюся, а вось такіх жанчын баюся. Добра, што мы сябруем.

«Мая першая сустрэча з Маргарытай Ляўчук, мы пазнаёміліся, калі яна прыехала і дала канцэрт у школьным падвале для нашых байцоў, я гэты склеп і байцоў арганізоўваў»

Я не марыў быць вайскоўцам. Да трыццаці гадоў пазбягаў войска ўсімі спосабамі, у беларускае таксама не пайшоў. У мяне гуманітарнае, творчае мысленне. 

Не ведаю, чым буду займацца пасля вайны, але не баюся гэтага. Я знайду сябе, бо не буду баяцца шукаць. У юнацтве марыў стаць кінарэжысёрам, можа, ім і стану? Калі нейкім цудам выжыву. Цяпер не патрэбныя мільёны долараў, каб рабіць прыгожыя ролікі. Буду пісаць сцэнары. Калісьці пісаў вершы, меў ютуб-канал з аглядамі фільмаў. Можа, стану зусім іншым чалавекам.

Калі ўсё скончыцца, Беларусь будзе свабоднай і мы вернемся дадому, я акуратна складу ў сакрэтны чамаданчык форму, узнагароды, фотаздымкі і шаўроны, падораныя пабрацімамі — жывымі і тымі, каго ўжо няма. Схаваю яго на далёкую паліцу і ніколі ў жыцці больш не вазьму аўтамата.

Цяпер жа я заканчваю аднаўленне, фармую новую групу і рыхтуюся да фронту. Зіма будзе цяжкая. Папярэднюю я правёў на пазіцыі пры мінус дваццаці. Цяпер той вёскі і самой пазіцыі ўжо няма, усё знішчылі авіябомбамі.

Калі зняць з мяне форму і азначэнне беларускага добраахвотніка, то кім я буду? Проста чалавекам, грамадзянінам, Уладзіславам Салаўём, хлопцам. Не найлепшым сынам, не найлепшым братам і не найлепшым сябрам.

Я вайсковы чалавек, таму заўсёды маю некалькі планаў. Пакуль дзейнічае план А. У ім ёсць новая група, надзея вярнуцца ў Беларусь, поўная зала ў харкаўскім кінатэатры і пачак малінавых вафель, схаваны для мяне ў краме. 

Калі план А не спрацуе і вы вернецеся дадому ў Беларусь, мне б хацелася, каб журналісты расказвалі нашы гісторыі. І калі нехта спытае: «Як ён памёр?», лепей адкажыце: «Давайце я раскажу, як ён жыў». Бо як ён памёр — нікому не цікава.

nashaniva.com