Статкевіч паведаміў аб сваёй сустрэчы з прадстаўнікамі місіі Эўразьвязу ў Менску

Гэты здымак Мікола Статкевіч разьмясьціў разам з паведамленьнем аб сустрэчы з прадстаўнікамі Эўразьвязу

Былы палітвязень і палітык Мікола Статкевіч паведаміў, што меў сустрэчу з афіцыйнымі прадстаўнікамі місіі Эўразьвязу ў Беларусі, на якой падзякаваў за дапамогу і салідарнасьць з паняволенымі краінамі рэгіёну.

«Цяперашнія рэгіянальныя войны (абарончая ва Ўкраіне і халодная грамадзянская ў нас) — найперш войны за каштоўнасьці, дзе сілы свабоды супрацьстаяць сілам тыраніі. У гэтых войнах вызначыцца ня толькі лёс рэгіёну і кантынэнту, але і будучыня ўсёй плянэты. Падтрымка з боку вольнага сьвету, у якой ЭЗ адыгрывае самую значную ролю, паказвае, што мы не самотныя ў сваёй барацьбе, што сілы свабоды ў сьвеце пераважаюць сілы тыраніі. І што, урэшце, свабода пераможа рабства», — напісаў Мікола Статкевіч у сваім Telegram-канале.

Палітык таксама падзякаваў за дапамогу Ўкраіне ў барацьбе супраць расейскай агрэсіі.

svaboda.org