Каля плошчы Бангалор у Мінску вырас яшчэ адзін звышсакрэтны аб’ект

Летась на грамадскае абмеркаванне выносіўся праект, паводле якога ў парку Дружбы народаў вырасце Расійскі цэнтр навукі і культуры. Але ніхто не заўважыў, як побач на 12 гектарах вырас сакрэтны комплекс з цірам, для прыкрыцця якога абмеркаванне і было задумана.

Галоўны будынак комплексу, які праходзіць у праектна-каштарыснай дакументацыі як «аб’ект М», або многафункцыянальны комплекс. Канец красавіка 2026 года. Фота: карты Apple

Тэрыторыя ў межах вуліц Максіма Багдановіча, Арлоўскай, Ліліі Карастаянавай і Някрасава гістарычна з’яўлялася цэнтрам беларускай агранамічнай навукі. У 1911 годзе Мінскае губернскае земства заснавала тут Мінскую балотную доследную станцыю. Установа размяшчалася на масіве Камароўскага балота плошчай звыш 200 гектараў і стала першай у Расійскай імперыі базай па вывучэнні і асваенні балот. У 1930 годзе на яе аснове быў створаны Беларускі навукова-даследчы інстытут меліярацыі і воднай гаспадаркі. Частка асушаных доследных палёў у 1978 годзе была ператворана ў парк Дружбы народаў. У яго ўдавалася тэрыторыя на рагу вуліц Някрасава і Багдановіча, якая дзесяцігоддзямі функцыянавала як навукова-вытворчая база інстытута — там размяшчаліся цяпліцы, гадавальнікі і доследныя дзялянкі. У 2021—2022 гадах гэтыя пабудовы былі цалкам знесеныя.

Праект дэтальнага планавання, вынесены на грамадскае абмеркаванне ў сакавіку 2025 года, прадугледжваў стварэнне новых вуліц і кварталаў шматфункцыянальнай грамадскай забудовы. Фота: з матэрыялаў грамадскага абмеркавання

У сакавіку 2025 года адміністрацыя Савецкага раёна Мінска вынесла на грамадскае абмеркаванне праект дэтальнага планавання (ПДП) вызваленай тэрыторыі. Горадабудаўнікі прапаноўвалі пракласці новыя вуліцы, падзяліўшы тэрыторыю на кварталы шматфункцыянальнай грамадскай забудовы (О1 на плане). Звычайна пад гэтым разумеюцца адміністрацыйныя будынкі, бізнэс-цэнтры, гандлёва-забаўляльныя комплексы, культурна-асветніцкія ўстановы ды аб’екты грамадскага харчавання.

У канцы верасня 2025 года на пляцоўцы ўжо былі ўзведзены некаторыя будынкі сакрэтнага комплексу і вялося актыўнае будаўніцтва іншых. Фота: Гугл Зямля

Падчас абмеркавання жыхары горада накіравалі камісіі патрабаванне захаваць зялёную зону на месцы былых цяпліц Інстытута меліярацыі і далучыць яе да тэрыторыі парку Дружбы народаў, выказваліся супраць будаўніцтва Расійскага цэнтра навукі і культуры на пляцоўцы, якая шчыльна пакрытая дарослымі дрэвамі.

Камісія адхіліла заўвагі, аргументаваўшы выдзяленне 17‑га квартала пад будаўніцтва расійскага цэнтра тым, што скрыжаванне каля плошчы Бангалор, асабліва пасля ўвядзення новай станцыі метро, з’яўляецца адказнай зонай з павышанай значнасцю.

Праект дэтальнага планавання быў прыняты, але так ніколі і не быў зацверджаны. Ужо ў маі 2025 года тэрыторыя нерэалізаваных кварталаў з 25‑га па 29‑ты (усёй вызваленай тэрыторыі за выняткам той, што была аддадзена пад расійскі цэнтр) плошчай 12,38 гектара была вылучана ў кадастры ў асобны ўчастак «для размяшчэння аб’ектаў іншага прызначэння» па адрасе Някрасава, 51С. Сёння на закрытай тэрыторыі выраслі ўжо чатыры будынкі сакрэтнага комплексу.

Як паказаў аналіз тэндарнай дакументацыі і праектных чарцяжоў, новы аб’ект фігуруе з праектным шыфрам 10.23. Апошняя лічба ў шыфры азначае год заключэння дагавора на праектаванне — 2023. Там жа можна адшукаць, што Дзяржбудэкспертыза па г. Мінску выдала станоўчае заключэнне № 780-15/24 па ўжо спраектаваным аб’екце 27 лістапада 2024 года.

Гэта значыць, што праектаванне пачалося задоўга да грамадскага абмеркавання, якое было заведама фальшывым і служыла выключна для адцягнення ўвагі грамадскасці. 

Як хаваюць сакрэтную будоўлю 

Будаўніцтва комплексу даручана Будтрэсту № 4 і яго філіялам — будаўнічым упраўленням № 13 і № 10, а таксама ўпраўленню механізацыі № 208. Каб пазбегнуць лішняй увагі, на партале дзяржаўных закупак працэдуры па забеспячэнні будоўлі матэрыяламі размяшчаліся пад безаблічнай фармулёўкай «Аб’ект будаўніцтва ў г. Мінску» — такі аб’ект немагчыма адшукаць убудаваным пошукам, бо ён выкарыстоўвае словы, якія ўваходзяць у апісанне любога аб’екта, які будуецца ў сталіцы.

Толькі ў асобных дакументах з’яўляецца ўдакладненне — «вул. Багдановіча, 153А». Гэты адрас не адпавядае адрасу ўчастка, а належыць невялікаму будынку, які быў знесены на яго тэрыторыі. Згодна з тэндарнай дакументацыяй, фінансаванне сакрэтнай будоўлі ажыццяўляецца за кошт сродкаў мясцовага бюджэту горада Мінска, а таксама ўласных сродкаў заказчыка.

Дадае блытаніны і тое, што, нягледзячы на размяшчэнне аб’екта на тэрыторыі Савецкага раёна Мінска, афіцыйным заказчыкам будаўніцтва значыцца Упраўленне капітальнага будаўніцтва Заводскага раёна г. Мінска. Зрэшты, гэта ўжо не першы раз, калі гэтая структура з’яўляецца на важных будоўлях па-за межамі сваёй тытульнай юрысдыкцыі.

Спадарожнікавы здымак тэрыторыі сакрэтнага комплексу. 1 — «аб’ект М», або многафунцыянальны комплекс; 2 — «аб’ект К», або кантрольна-прапускны пункт; 3 — верагодны «аб’ект ГН»; 4 — верагодны «аб’ект П»; 5 — новая агароджа комплексу; 6 — будынак невядомага прызначэння; 7 — тэрыторыя, дзе плануюць пабудаваць Расійскі цэнтр навукі і культуры. Канец красавіка 2026 года. Фота: карты Apple / Наша Ніва

Меры сакрэтнасці былі ўстаноўлены таксама для субпадрадчыкаў. У дагаворах прапісана, што катэгарычна забаронены допуск на будаўнічую пляцоўку любых асоб, якія не з’яўляюцца работнікамі падрадчыка. Асобна прапісана забарона на правядзенне фота– і відэаздымкі, дэманстрацыю элементаў будынка трэцім асобам, а таксама на перадачу планаў, чарцяжоў і любой інфармацыі пра функцыянальнае прызначэнне памяшканняў.

Усе рашэнні ўзгадняліся з галоўным архітэктарам праекта Фёдарам Гарошкам. Але яго месца працы не ўказвалася, нельга яе вызначыць і па адкрытых базах. На рэдкіх сканах праектных чарцяжоў штампы, дзе ўказваюцца даныя пра распрацоўшчыкаў праекта, з меркаванняў сакрэтнасці, былі закладзены белай паперай.

Аднак мы адшукалі некалькі выпадкаў, калі гэта было зроблена неахайна і, параўнаўшы прозвішчы з адкрытымі крыніцамі, высветлілі, што генеральным праекціроўшчыкам быў інстытут «Ваенпраект», які знаходзіцца ў падпарадкаванні Міністэрства абароны Беларусі.

Галоўны корпус 

Галоўны будынак комплексу праходзіць у каштарысах як «аб’ект М», але ў тэндарнай дакументацыі як «корпус МФК», што можна расшыфраваць як многафункцыянальны корпус. 

Ён мае складаную сіметрычную канфігурацыю, якая ў плане нагадвае літару Ж. Цэнтральны ўваход на галоўным фасадзе вылучаны парадным порцікам, дзе масіўны сталёвы казырок з зенітным ліхтаром абапіраецца на бакавыя пілоны. Гэты фасад фланкіруюць сіметрычныя бакавыя крылы, якія саступаюць асноўнаму аб’ёму па вышыні. З задняга боку будынка, наадварот, выступаюць тры аднолькавыя па памеры крылы, аб’яднаныя агульным узроўнем даху з цэнтральнай часткай. Корпус мае паўнавартасны падвальны паверх (на адзнацы -3,300), тры звычайныя надземныя паверхі і чацвёрты тэхнічны.

Агулам на падземным паверсе размяшчаецца як мінімум 66 асобных памяшканняў. Праект патрабуе абсталяваць 30 з іх дзвярыма з прыстасаваннямі для апячатвання масцічнымі пячаткамі і палічкамі для датчыкаў ахоўнай сігналізацыі.

Там жа размяшчаецца стралковы цір, падлога і сцены якога пакрываюцца спецыяльнымі плітамі «Рэзіпол». Яны разлічаны на паглынанне рыкашэту ад баявых пісталетных патронаў калібру 9х19 міліметраў «Парабелум». На тым жа паверсе знаходзіцца памяшканне, сцены якога па перыметры ўзмоцнены сеткай з масіўнага прутка таўшчынёй 8 міліметраў. Такія меры прымаюцца выключна для спецсховішчаў або пакояў для захоўвання баявой зброі.

План спартыўнай залы ў левым крыле на галоўным фасадзе. Фота: з тэндарнай дакументацыі

Дакладна можна вызначыць, што левае крыло на галоўным фасадзе займае спартыўная зала з габарытамі 30,5 на 15 метраў і агульнай плошчай звыш 450 квадратных метраў. Каб упісаць нестандартны па вышыні аб’ём спартыўнай залы, яе падлогу заглыбілі да адзнакі -1,500. Зала наўпрост звязаная з першым паверхам асноўнага аб’ёму, дзе знаходзяцца раздзявалкі і душавыя, а таксама мае антрэсоль з выхадам на другі паверх.

Варта адзначыць, што ў дакументацыі згадваюцца адразу дзве спартыўныя залы — памяшканні 1142 і 1143. Пры гэтым у іншай спецыфікацыі памяшканне 1142 апісваецца ўжо як басейн. Магчыма, да яго прымыкае і парыльня, якая таксама фігуруе ў спісах аздаблення.

Парадная лесвіца вядзе з вестыбюля першага паверха ў вестыбюль другога. Фота: з тэндарнай дакументацыі

Прадстаўнічая частка будынка аздоблена дарагімі матэрыяламі. Вестыбюль першага паверха звязаны з вестыбюлем другога параднай лесвіцай. Пасля невялікага запрашальнага марша яна разыходзіцца ў бакі, прыкладна гэтак жа, як у Нацыянальным мастацкім музеі. Толькі замест балюстрад тут зманціраваны шкляныя агароджы са светла-зялёнага маціраванага шкла. Парадныя лесвіцы і вестыбюлі выкладзеныя плітамі з натуральнага граніту і мармуру. На столях зманціраваны рашотчатыя падвесныя канструкцыі «Грыльята». У кабінетах кіраўніцтва кладзецца паркетная дошка, у рабочых пакоях супрацоўнікаў — камерцыйнае дывановае пакрыццё (дыванліт, руск. ковролин).

На трэцім паверсе ў цэнтральным дваровым крыле размясціцца вялікая актавая зала амфітэатральнага тыпу плошчай каля 330 квадратных метраў. Таксама ў будынку прадугледжана асобная канферэнц-зала.

Фасады корпуса, мяркуючы па фрагментах плана, будуць вырашаны ў выглядзе вентыляваных сістэм з аб’ёмнымі металічнымі панэлямі ў выглядзе зубцоў і жолабападобных элементаў.

Кантрольна-прапускны пункт

План кантрольна-прапускнога пункта. Штамп з інфармацыяй пра аб’ект праектавання і выканаўцаў, якія звычайна размяшчаецца ў ніжнім правым вуглу ліста, з меркаванняў сакрэтнасці закрыты белым лістком паперы. Фота: з тэндарнай дакументацыі

Доступ на тэрыторыю комплексу будзе ажыццяўляцца праз асобны капітальны будынак — кантрольна-прапускны пункт (у дакументацыі праходзіць як «Аб’ект К»). Невялікі будынак агульнай плошчай каля 170 квадратных метраў узведзены з боку вуліцы Багдановіча са значным водступам ад чырвонай лініі вуліцы. Гэта адзіны аб’ект комплексу, чыя планіроўка вядомая. Набор памяшканняў тут стандартны: пакой дагляду грамадзян, пакоі дзяжурнага па КПП і прыёму наведвальнікаў, таксама ўнутры прадугледжаны пакоі адпачынку і прыёму ежы для персаналу, апаратная, электрашчытавая.

Збудаванне на поўнач ад КПП, засыпанае зямлёй. Спадарожнікавыя здымкі верасня 2025 г. і красавіка 2026 г. Фота: Гугл Зямля / Карты Apple

Пры параўнанні спадарожнікавых здымкаў рознага часу, можна заўважыць, што на поўнач ад КПП у катлаване былі залітыя падмуркі нейкага збудавання, якое цяпер засыпана зямлёй. На апошніх здымках таксама ўжо бачная агароджа, узведзеная па перыметры комплексу.

Аб’екты П і ГН

Меркаваны «аб’ект ГН» ў час будаўніцтва ў верасні 2025 г. і ў скончаным выглядзе ў красавіку 2026 г. Фота: Гугл Зямля / Карты Apple

Найбольш складанымі для ідэнтыфікацыі з’яўляюцца два будынкі прамысловага выгляду, размешчаныя за галоўным шматфункцыянальным корпусам. Іх літарныя абазначэнні — «Аб’ект П» і «Аб’ект ГН» — не паддаюцца адназначнай расшыфроўцы без ведання дакладнага функцыянальнага прызначэння, а ў даступнай дакументацыі пра іх утрымліваецца мінімум інфармацыі.

Від на меркаваны «аб’ект ГН» з паўночна-заходняга боку. Дзякуючы ракурсу здымкі са спадарожніка, можна разгледзець рад буйных варот у будынку. Зіма 2025/2026 Фота: Гугл Зямля

Найбольш імаверна, «Аб’ектам ГН» з’яўляецца будынак, які расцягнуўся ўздоўж задняга фасада галоўнага корпуса. У дакументацыі сярод памераў праёмаў пазначаны габарыты 4200×4500 мм і 4200×3200 мм, што адпавядае прамысловым секцыйным варотам. Большыя з іх здольныя прапускаць буйнатанажны грузавы транспарт і фуры, меншыя — сярэднетанажныя мікрааўтобусы і легкавыя аўтамабілі. На спадарожнікавых здымках на адным з фасадаў гэтага будынка бачны рад прынамсі з 13 такіх варот.

У каштарысах корпуса таксама згадваюцца адміністрацыйна-бытавы блок і станцыя тэхнічнага абслугоўвання (СТА). Наяўнасць унутры мыечнай пацвярджаецца асобным патрабаваннем абсталяваць яе вільгацетрывалымі варотамі.

Меркаваны «аб’ект П» з грабеньчатай структурай, звернутай да пляцоўкі з бетанаваным востравам. Красавік 2026 г. Фота: Карты Apple

Метадам выключэння «Аб’ектам П» (у асобных тэндарах пазначаецца абрэвіятурай «ПП») можна лічыць самы дальні корпус. З праектнай дакументацыі ніякай дадатковай інфармацыі пра яго здабыць не атрымалася. Адзіная візуальная адметнасць — наяўнасць з падоўжанага дваровага боку грабёнкі з канструкцыямі, якія дзеляць прастору на адкрытыя вузкія ячэйкі памерам каля 2х8 метраў. Гэтыя ячэйкі арыентаваныя на заасфальтаваную пляцоўку.

Побач знаходзіцца пляцоўка з трох масіўных бетонных пліт памерам каля 15х15 метраў кожная з асфальтаваным аб’ездам вакол іх. Падобныя ўмацаваныя асновы звычайна выкарыстоўваюцца або для адкрытага захоўвання цяжкіх грузаў, або для размяшчэння вайсковай і іншай спецыяльнай тэхнікі, для якой асфальтавае пакрыццё не пасуе. 

Будаўнічы бум для сілавых структур

Узвядзенне маштабнага сілавога комплексу з’яўляецца не адзінкавым выпадкам, а часткай шырокай кампаніі па пашырэнні інфраструктуры сілавых ведамстваў у Мінску. На працягу апошніх гадоў у сталіцы фіксуецца цэлы шэраг буйных будоўляў для патрэб сілавога блока, якія яднае сакрэтнасць з поўным ігнараваннем нормаў і заканадаўства.

Ідэнтычны падыход быў выкарыстаны пры будаўніцтве новага корпуса Акадэміі нацыянальнай бяспекі КДБ на Залатой Горцы. Шматпавярховы будынак быў узведзены непасрэдна на тэрыторыі гістарычных каталіцкіх могілак. Дзеля гэтага аб’екта ўлады праігнаравалі зацверджаны Міністэрствам культуры праект зон аховы і закон аб пахавальнай справе.

Яшчэ адзін сакрэтны гмах вырас на вуліцы Маякоўскага наўпрост перад гістарычным будынкам дрожджава-вінакурнага завода Яўстафія Любанскага 1903 года пабудовы. Новы пяціпавярховы комплекс цалкам закрыў сабой помнік архітэктуры і скасаваў яго ахоўныя зоны. Аналіз праектнай дакументацыі паказаў, што там таксама ўзводзіцца аб’ект для сілавікоў, унутры якога запраектаваныя 50‑метровая стралковая галерэя, кабінеты для допытаў, пакой з паліграфам і асобная аднапавярховая прыбудова для знішчэння дакументаў.

Паралельна з гэтым у прамысловай зоне Сцяпянкі ідзе будаўніцтва новага комплексу для Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў. На вуліцы Карвата пад выглядам рэканструкцыі старой казармы створаны новы ізалятар з разліковай умяшчальнасцю да 230 чалавек і больш жорсткімі ўмовамі ўтрымання.

Усе згаданыя аб’екты ўзводзяцца за кошт сродкаў дзяржаўнага і мясцовых бюджэтаў, а іх фінансаванне вылічаецца дзясяткамі мільёнаў рублёў. 

nashaniva.com