Беларускі пісьменнік, журналіст і экс-палітвязень Антон Бяляеў прэзентуе ў Варшаве ў бібліятэцы MDM сваю кнігу «Як я правёў гэтае лета». Гасцей івэнту чакае не толькі гутарка з аўтарам твору, але і своеасаблівы інтэрактыўны спектакль.

РР: 16 кастрычніка чакаецца сустрэча з табой у Варшаве. Распавядзі, што будзе ўяўляць сабой гэтая падзея.
Антон Бяляеў: Гэта будзе прэзентацыя маёй уласнай кнігі «Як я правёў гэтае лета». Гэта такая невялічкая імпрэза. Не зусім сумная аўтарская прэзентацыя. Гэта як быццам мона-спектакль. Я прыходжу з валізкай. У валізцы ёсць рэчы, якія я вывез з Беларусі, і рэчы, якія нагадваюць пра турму. Я размаўляю з гледачамі. Гэта інтэрактыўная сустрэча. Яны цягнуць нейкія карткі, на іх ёсць пэўныя катэгорыі, і па гэтых катэгорыях я раблю караценькія аповеды. Прэзентацыя на хвілін 40, ці гадзіну. У залежнасці, як падабаецца залу. Гэта вялікая культурна-асветніцкая праграма, у якую мяне запрасілі. І дзякуй вялікі за гэта. З задавальненнем прыму ўдзел.

РР: Датычна гэтай валізкі, што менавіта гэта за рэчы?
Антон Бяляеў: Самыя розныя рэчы – ад вокладкі пашпарта, да фотаздымка дома, дзе я жыў у Менску, напрыклад. Там ёсць лялька, там ёсць ключы ад майстэрні. Кожная рэч мае сваю гісторыю. Там розныя рэчы. Яны ўжо там нейкім сталым саставам. Звыкла, гэта пяць – шэсць гісторый за прэзентацыю. Нягледзячы, што рэчы адны і тые ж, гісторыі кожны раз атрымліваюцца розныя, бо яны ідуць у рознай паслядоўнасці, розныя пытанні. Карткі розныя, таму і гісторыі з рознымі адценнямі. Нягледзячы на агульную падобнасць, кожны раз усё па-рознаму.
РР: Гэта ўжо ў цябе не першая такая падзея будзе. На што з гэтых рэчаў публіка рэагуе найбольш эмацыйна?
Антон Бяляеў: Ёсць такі на картках падраздзел «лічнае-трагічнае». Я маю такую гісторыю, што беларусы зараз з’яднаныя 2020-ым годам, дакладней, рэпрэсіямі, але гэта не тое яднанне, якое было патрэбнае нашай нацыі. Лепш мы былі б з’яднаныя, напрыклад, творчасцю. А ў кнізе маёй мы ўсе з’яднаныя 2020 годам. І гісторыя, якая прывязаная да гэтай высновы, гэта гісторыя пра піва, і таму ў валізцы ёсць бутэльна піва «Аліварыя 10». Зразумела, што ў Польшчы гэтага піва няма. І калі я распачынаю гэтую гісторыю, то найперш я распавядаю пра тое, што ёсць звыклыя нам рэчы, якія ёсць у звыклым жыцці на радзіме, а калі ты з’язджаеш за мяжу, то гэтых рэчаў увогуле больш няма. І зараз я вам адну рэч прадэманструю. І пад сумную-сумную музыку дастаю бутэльку «Аліварыі». І зал кладзецца ўпокат.
РР: Ты зараз працуеш журналістам на «Белсаце», наколькі табе камфортна ў гэтай якасці, у гэтай ролі?
Антон Бяляеў: Ёсць пэўны дыскамфорт. Бо я пачынаў сваю кар’еру з тэлебачання. І гэта было вельмі даўно. Я сваё першае пасведчанне журналіста атрымаў, напэўна, у 2002 годзе. І гэта амаль што 25 гадоў таму. Гісторыя прайшла па коле. Шмат часу мінула. І большасць з гэтага часу я працаваў на радыё. Радыё і тэлебачанне – гэта ўсё ж такі дзве вельмі непадобныя рэчы. Таму зноў апынуцца там, дзе ты не быў чверць стагоддзя, гэта даволі складана. Спадзяюся, з цягам часу прызвычаюся.
Марына Савіцкая, racyja.com
