Як беларусы перадаюць свае траўмы праз пакаленні? Даследуе псіхалагіня Віялета Нікіцік

Удзельнікі акцыі «Дзень годнасці» ў Варшаве. Варшава, Польшча. 9 жніўня 2026 года. Фота: Белсат

Як пачуваюцца беларусы пасля пераезду ў Польшчу? Які ўплыў на іхны псіхалагічны стан і жыццё зрабіла эміграцыя? Ці атрымалася перажыць досвед 2020 года і ці можна сцвярджаць, што траўма беларусаў перадаецца з пакалення ў пакаленне? Гэтыя пытанні вывучае беларуская псіхалагіня, гештальт-тэрапеўтка Віялета Нікіцік. Пра ход даследавання і папярэднія высновы экспертка расказала «Белсату». 

«Унёсак у тое, каб досвед беларусаў быў даследаваны навукова» 

Віялета працуе як псіхолаг з 2020 года, таму наўпрост сутыкнулася з уплывам падзеяў апошніх гадоў на псіхіку беларусаў. Акрамя таго, яна мае гісторыю рэпрэсіяў у сваёй сям’і – ейны прадзядуля быў вывезены ў савецкія часы ў Варкуту, а ягоная жонка з дзецьмі – у Казахстан. Гэта дало Віялеце падставы меркаваць, што траўматычны досвед беларусаў не абмяжоўваецца толькі 2020-м і наступнымі гадамі – ён нашмат глыбейшы і перадаецца з папярэдніх пакаленняў. 

Каб зразумець, як працуе псіхіка ў гэтых умовах няспыннага ціску, як яна адаптуецца і інтэгруе цяжкі досвед, Віялета ў рамках свайго навучання ў магістратуры па клінічнай псіхалогіі ва Універсітэце VIZJA ў Варшаве распачала даследаванне, прысвечанае перажыванню беларусамі рэпрэсіяў на радзіме, вымушанай эміграцыі і таму, як на гэта ўплываюць гісторыя сям’і і краіны. 

Цяпер ідзе першая частка даследавання, якая складаецца з анкеты, да запаўнення якой Віялета запрашае ўсіх ахвочых беларусаў ва ўзросце ад 18 гадоў, што жывуць у Польшчы. Апытанне ананімнае, займае каля 15 хвілінаў, даступнае на беларускай і расейскай мовах. 

«Кожная запоўненая анкета – гэта ўнёсак у тое, каб досвед беларусаў у эміграцыі быў не толькі пачуты, але і даследаваны навукова», – падкрэслівае Віялета Нікіцік.

Псіхалагіня вельмі ўдзячная тым, хто ўжо адгукнуўся і прайшоў апытанне – на сённяшні дзень гэта амаль 500 чалавек. 

Замежнікі – пужаюцца, беларусы – прызвычаіліся 

Анкету Віялета складала на падставе Гарвардскага апытальніка траўмы. 

«У нас скарочаная версія. Там ёсць даволі далікатныя пытанні, хоць, з іншага боку, усё гэта – проста зводкі беларускіх навінаў, якія мы чытаем штодня, гэта падзеі, якія ў Беларусі адбываліся і адбываюцца з 2020 года», – зазначае даследчыца. 

Псіхолаг Віялета Нікіцік. Фота: Виолетта Никитик – психолог / Facebook

Сярод пытанняў, напрыклад, такія: ці сутыкаліся рэспандэнты ці іхныя блізкія з пагрозамі жыццю ці здароўю, фізічным гвалтам, жорсткім ці бесчалавечным абыходжаннем, пагрозамі, ціскам, сексуалізаваным гвалтам, ці былі сведкамі смерці, цяжкага ранення ці гвалту ў дачыненні да іншай асобы, масавых затрыманняў ці гвалту ў дачыненні да групы людзей, ці мелі рэспандэнты ці іхныя сваякі досвед зняволення, ізаляцыі, вымушанай разлукі і/ці эміграцыі, немагчымасці бяспечна вярнуцца ў сваю краіну, дыскрымінацыі ці рэпрэсіяў за карыстанне роднай мовай, публічную дэманстрацыю сваёй ідэнтычнасці ці выказванне меркавання, іншых рэпрэсіяў з боку ўладаў і да т.п. 

«Калі пералічваеш гэта, разумееш, што з многім з гэтага ў нас сутыкнулася вялікая колькасць людзей. Але калі я падавала анкету на ўхваленне этычнай камісіі нашага ўніверсітэту, яе чальцы перапужаліся, маўляў, так шмат траўматычных пытанняў, і яны могуць мець наступствы, таму мо лепш, каб разам з псіхолагам на іх адказвалі. Ну, але для беларусаў гэта праўда звычайныя навіны, мы чытаем пра падобны досвед кожны раз, калі выпускаюць палітвязняў, напрыклад», – кажа Віялета. 

Што зацягвае ў варонку траўмы? 

Даследаванне яшчэ не скончанае, таму сказаць пра тое, якія высновы яно прынясе, псіхалагіня пакуль не можа, аднак папярэдне бачыць, што для інтэгравання траўматычнага досведу рэпрэсіяў беларусам, якія выехалі за мяжу, патрэбна больш часу. 

«Напрыклад, некаторыя мае сябры лічылі, што ў іх ужо ўсё добра, што яны перажылі стрэс і ўжо распачалі посттраўматычны рост, а калі яны праходзілі гэтае апытанне, то для сябе зазначылі, што нешта яшчэ зусім не інтэгравалі. Я разумею, што каб беларусы маглі сказаць, што яны ўсё гэта ўжо перажылі і перайшлі ў посттраўматычны рост, патрэбна ўсё ж больш часу. Так, хтосьці ўжо справіўся, асабліва тыя, хто прыняў, што цяпер яны ўжо не толькі беларусы, але як мінімум беларусы ў Польшчы, што знайшлі нейкія іншыя апоры, ідэнтычнасці, якія дапамагаюць ім адаптавацца ў гэтым свеце, які вельмі моцна змяніўся. Але, канечне, ёсць і тыя, хто захрас у траўматычным досведзе», – кажа аўтарка даследавання. 

Людзі ідуць па цэнтры Варшавы. Варшава, Польшча. 23 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

Са словаў псіхалагіні, найцяжэй траўматычны досвед перажываюць тыя, хто сутыкнуўся з фізічным гвалтам ці быў вымушаны эміграваць, калі не хацеў з’язджаць – гэта дадае адразу шмат балаў да сур’ёзнасці стану чалавека. Эміграцыя можа перажывацца як сапраўды цяжкая падзея, як смерць папярэдняй ідэнтычнасці, мінулага жыцця. Гэта нараджае стан дэзарыентацыі, які патрабуе ад чалавека, як ад малога дзіцяці, зноў вучыцца жыць у новай супольнасці. 

Таксама цяжэй тым, хто захрас у пазіцыі ахвяры, перажыванні несправядлівасці таго, што з імі адбылося і адбываецца. 

«Людзі падтрымліваюць у сабе вялікія надзеі, ідэі вяртання, адваявання, і гэта ўсё толькі зацягвае іх у варонку траўмы. Паглядзім, што пакажа даследаванне, але ёсць гіпотэза, што захрасанне ў мінулым досведзе не спрыяе посттраўматычнаму росту і пашырэнню псіхалагічнага і сацыяльна-эканамічнага дабрабыту. Даследаванне пакажа, ці шмат такіх беларусаў, але пакуль, з таго, што я бачу ў атачэнні і ў сацсетках, такія, на жаль, ёсць», – зазначае Віялета.

«Нам патрэбна шмат тэрапіяў» 

Таксама абцяжарваць асабістую сітуацыю могуць траўмы з дзяцінства, якіх у выхадцаў з нашага грамадства сапраўды вельмі і вельмі шмат, бо жорсткае выхаванне прымалася за норму, зазначае Віялета. Акрамя асабістых траўмаў, важную ролю могуць граць калектыўныя, гістарычныя. Каб глыбей даследаваць гэтае пытанне, псіхалагіня ўключыла ў анкету пытанні пра ўстаноўкі і перакананні ў дачыненні да гісторыі Беларусі і да сваёй ідэнтычнасці беларуса і эмігранта. 

Даследчыца таксама пытаецца ў рэспандэнтаў, ці ведаюць яны пра факты палітычных рэпрэсіяў, пераследу ці іншых формаў гвалту з палітычных матываў у сваёй сям’і падчас гістарычных падзеяў ХХ стагоддзя. Таксама адзін з блокаў прысвечаны таму, што чалавек адчувае, калі думае пра гісторыю Беларусі і лёсы беларусаў, у тым ліку – свой. 

Наведнікі канцэрту, прысвечанага святкаванню Дня Волі, на Замкавай плошчы ў Варшаве. Варшава, Польшча. 24 сакавіка 2024 года. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

У сваім даследаванні псіхалагіня хацела б паказаць, наколькі моцна траўмаваныя беларусы – не толькі падзеямі апошніх гадоў, але і ранейшай гісторыяй – і сваёй асабістай, і грамадства. 

«І што нам патрэбна шмат-шмат розных тэрапіяў – і групавых, і сацыяльных, і культурніцкіх, і індывідуальных, каб вылечыць гэтую траўму, якая ідзе скрозь пакаленні. Гэта практычна ў кожнай сям’і. Гэта ўсё потым адбіваецца на наступных пакаленнях – гэтыя жахі, нявыплаканыя слёзы, боль страты. А на гэтае неперажытае накладаюцца новыя траўмы», – кажа даследчыца. 

Каб траўму перажыць, яе трэба адрэфлексаваць, пра яе трэба гаварыць, зазначае Віялета. А з гэтым у Беларусі праблема. Напрыклад, так і не было шырокіх публічных дыскусіяў на тэму сталінскіх рэпрэсіяў – «толькі-толькі пачалі размаўляць пра гэта, і ўсё згарнулася». 

Таксама мала, на думку псіхалагіні, рэфлексіі над тым, што адбылося ў 2020 годзе. 

Калі пачынаецца посттраўматычны рост? 

Віялета падкрэслівае, што механізм перадачы траўмы праз пакаленні складаны і не да канца даследаваны Аднак ужо даказана, што стрэс, асабліва назапашаны, і траўматычныя падзеі пакідаюць эпігенетычныя сляды ў ДНК палавых клетак. 

«То бок гэта літаральна ў спадчыну перадаецца. А акрамя таго, траўма ўплывае на тое, як мы прызвычайваемся жыць, як пабудаваная сацыяльна-эканамічная сістэма. Гэты стрэс, страх, у якім мы жывём, вызначаюць нашыя патэрны паводзінаў, якія мы перадаём наступным пакаленням. Ствараецца такая сямейная культура, якая, скажам так, не спрыяе свабоднаму, дэмакратычнаму ладу жыцця, агулам развіццю асобы чалавека. Гэта могуць быць побытавыя рэчы. Напрыклад, бабуля так не рабіла, мама не робіць, і дачка і ўнучка таксама так не робяць. А могуць быць пэўныя псіхалагічныя праявы. Напрыклад, бабуля ніколі не плакала, бо аднойчы яна нешта такое бачыла і хацела плакаць, але не магла, бо яе б за гэта расстралялі. Таму і ейная дачка не плакала, і я, напрыклад, гледзячы на маму, якая ніколі не плача, пераймаю, што плакаць нельга. І так чалавек і жыве з такімі ўстаноўкамі, узятымі ад пакаленняў, пакуль не пойдзе ў псіхатэрапію», – кажа Віялета. 

Людзі шпацыруюць у старым горадзе. Варшава, Польшча. 23 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

Калі ж чалавек адрэфлексаваў свой досвед, змяніў устаноўкі, стаўленне да жыцця ў бок большай гнуткасці, адаптыўнасці, пачынаецца посттраўматычны рост.

«Гэта можа праяўляцца таксама ў тым, што чалавек пачынае лепш распараджацца сваім жыццём, становіцца бліжэй да нейкай рэлігіі, калі раней думаў, што ён слабы і нічога не можа, зразумеў, што цалкам можа сам спраўляцца і самастойна жыць у эміграцыі. Калі асоба гэта ўсведамляе, праходзіць гэты працэс, то яна прыходзіць да посттраўматычнага росту», – кажа наша суразмоўца.

На супрацьлеглым баку – тыя, хто перакананы, што пасля выпрабаванняў стала толькі горш і далей будзе кепска, што, напрыклад, «мама казала, што я такі нікчэмны, і так яно і аказалася». 

«Гэта захрасанне ў варонцы стратаў, і тут росту не будзе», – падкрэслівае псіхалагіня. 

Дзе цяпер больш беларусаў, якія жывуць у Польшчы – на этапе росту ці захрасання ў траўме – пакажуць вынікі даследавання. Высновы на падставе апытання псіхалагіня плануе прадставіць ужо да канца гэтага года. Далей пачнецца другая частка, на якую Віялета запросіць рэспандэнтаў, якія далі на гэта згоду пры запаўненні анкеты.  

Паўдзельнічаць у даследаванні можна па спасылцы. 

Ганна Ганчар, belsat.eu