
9 кастрычніка былая палітзьняволеная Марыя Калесьнікава ўзяла ўдзел ва ўсясьветнай прэм’еры твору Radiophobia на міжнародным фэстывалі сучаснай і экспэрымэнтальнай музыкі ORF musikprotokoll у аўстрыйскім Грацы. Упершыню за больш чым пяць гадоў Калеснікава выступіла як салістка.
Яна грала на флейце разам зь Венскім радыёсымфанічным аркестрам і сапрана Вікторыяй Вітрэнкай. Музыку напісаў беларускі кампазытар, імя якога не называецца дзеля бясьпекі.

Як напісала Калесьнікава ў сваім допісе ў Facebook, «гэта сапраўдны квантавы скачок для мяне! Яшчэ год таму я не была ўпэўненая, што калі-небудзь змагу вярнуцца на сцэну ў якасьці салісткі», — напісала яна. Марыя адзначыла, што пасьля больш як пяцігадовага перапынку зноў граць з сымфанічным аркестрам, адчуваць энэргію сцэны і публікі — неймавернае пачуцьцё. Яна назвала вяртаньне ў сьвет музыкі, творчасьці, сяброўства і свабоды вялікай радасьцю і падзякавала ўсім, хто дапамог гэтаму адбыцца.

ORF musikprotokoll — фэстываль сучаснай музыкі, які ладзіць аўстрыйская дзяржаўная тэлерадыёкампанія ORF. Ён праходзіць у Грацы і прысьвечаны найноўшай акадэмічнай музыцы, экспэрымэнтальным гукавым праектам і сучасным кампазытарскім тэхнікам. Фэстываль аб’ядноўвае кампазытараў і выканаўцаў, якія працуюць на стыку клясычнай музыкі, электронікі і мастацкіх экспэрымэнтаў.

Чаму гэта важна
Марыя Калесьнікава — беларуская музыкантка і адна зь лідэрак пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе. Яна была прадстаўніцай штабу Віктара Бабарыкі, а пасьля стала адной з кіраўніц Каардынацыйнай рады беларускіх дэмакратычных сілаў разам зь Сьвятланай Ціханоўскай і Веранікай Цапкалай.
У верасьні 2020 году Калесьнікаву затрымалі пасьля спробы прымусова вывезьці яе зь Беларусі. У 2021 годзе яе асудзілі на 11 гадоў зьняволеньня. У сьнежні 2025 году яна выйшла на волю ў выніку вызваленьня групы палітвязьняў і была вывезеная зь Беларусі.
Да палітычнай дзейнасьці Калесьнікава займалася музыкай: вучылася і працавала ў Нямеччыне, выступала як флейтыстка і ўдзельнічала ў музычных праектах. Вяртаньне на сцэну стала для яе аднаўленьнем прафэсійнай музычнай кар’еры пасьля гадоў, зьвязаных з палітычным перасьледам і зьняволеньнем.
