Чэхія пагадзілася выдаваць кароткачасовыя візы сваякам беларусаў

Беларускія пашпарты на фоне валізак. Крыніца: vitebsk.biz

Урад Чэхіі ўпершыню з 2022 года ўхваліў змены, якія дазволяць блізкім сваякам беларусаў, што легальна жывуць у краіне, падавацца на кароткатэрміновыя візы.

Гэта сталася вынікам паслядоўнай працы Святланы Ціханоўскай і дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі.

Офіс Святланы Ціханоўскай паведамляе, што пасля ўступлення зменаў у сілу (пакуль дакладнай даты няма) магчымасць падавацца на кароткатэрміновыя візы атрымаюць блізкія сваякі грамадзянаў Чэхіі і грамадзянаў Беларусі, якія легальна жывуць у Чэхіі на падставе дазволу на жыхарства або сталага месца жыхарства.

«Гаворка пра найбліжэйшых сваякоў: бабуль, дзядуляў, бацькоў, дзяцей і ўнукаў. Мы будзем дадаткова высвятляць, ці распаўсюджваецца ўхваленая сёння пастанова таксама на сваякоў тых, хто мае ў Чэхіі міжнародную абарону», – абяцае дырэктарка Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы Крысціна Шыянок.

Нагадаем: Чэхія спыніла прыём і апрацоўванне заяваў на кароткачасовыя і доўгатэрміновыя візы для грамадзянаў Беларусі 5 сакавіка 2022 года ў звязку з суўдзелам Беларусіў поўнамаштабным расейскім уварванні ва Украіну. Спачатку гэтая захада ўводзілася часова, аднак у лютым 2024-га зрабілася бестэрміноваю. Выключэнне складаюць толькі гуманітарныя візы.

Тэса Анэйда, belsat.eu