Івонка Сурвілла: «Калі штосьці прагнеш зрабіць — у нашых руках мноства магчымасцяў, каб дапамагчы сваёй краіне»

«Салідарнасць» пагутарыла со старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвіллай пра светлыя моманты і балючыя перажыванні, захаванне мовы і традыцый у эміграцыі, пра месцы, у якія хочацца вярнуцца і чаму хоча, каб Беларусь была падобнай на Данію. А таксама пра будучыню нашай краіны і людзей, якія здольныя прайсці самыя цяжкія выпрабаванні і падтрымаць адно аднаго.

Сёмая старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Выбітная дзяячка беларускай эміграцыі. Таленавітая мастачка і пісьменніца. Жанчына, якая ўмее згуртаваць неабыякавых і апантаных людзей, каб разам дасягаць значных мэтаў. Маці і бабуля, якая з цеплынёй распавядае пра сваю сям’ю.

Але, мабыць, перадусім — шчырая дачка Беларусі, якая і ў доўгім расстанні пяшчотна любіць сваю родную зямлю і верыць у лепшы лёс для яе.

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла. Фота: Радыё Свабода

Мы стэлефаноўваемся праз месенджар у адзін з вераснёўскіх дзён, калі ў Мінску ўжо вечар, а ў Атаве яшчэ нават не поўдзень. Спадарыня Івона, дарэчы, даволі ўпэўнена карыстаецца сучаснымі тэхналогіямі, хоць часам і падсмейваецца сама з сябе:

— Я шмат у якіх пытаннях вельмі няграматная. Але мушу карыстацца тэхналогіямі, бо няма іншага выйсця.

На друкарскай машынцы ў свой час навучылася вельмі добра, пісала на ёй фактычна ўсе праграмы, што Янка дыктаваў, для «Радыё Свабода». Камп’ютарам і смартфонам карыстацца вучыцца ўжо не так лёгка. Тым больш, я ж пішу лацінкай, так яшчэ ў Беларусі ў школе навучылася. Але не маю звыклай лацінкі на клавіятуры, то знакі дастаўляю сама, і не для ўсіх мае допісы чытэльныя.

1964 год, Мадрыд. Рыхтуецца чарговы беларускі выпуск на іспанскім радыё. Фота з асабістага архіву Івонкі Сурвіллы, скарыстанага для кнігі «Дарога»

«Думала, што ніколі больш не вазьмуся за пэндзаль»

— Сёлета вы адзначылі прыгожую дату — 90 год. Які самы кранальны альбо важны для сябе падарунак атрымалі на народзіны?

— Самой не верыцца, што дажыла — пасля дзяцінства, якое мела, пасля доўгіх год, калі матэрыяльна жыццё было вельмі цяжкое. Неяк грошай ніколі не было, каб сабою займацца, іншы час і з ежай цяжка было… З усёй сям’і толькі цётка, сястра майго таты, дажыла да 98 год, іншыя раней паўміралі. Так што я на другім месцы (усміхаецца).

Адзначылі 90-ыя ўгодкі цудоўна, я нават не чакала. Падрыхтавалі пераклад маіх дзіцячых успамінаў з французскай на беларускую мову — пра 10 месяцаў, што мы ратаваліся і ехалі ад Баранавічаў да Даніі. Ня тое каб таемна гэта рабілі, але кнігі да сваіх народзінаў я не бачыла — і такая была прыемная неспадзеўка, так прыгожа выдалі!

Вясна 2026 года, выдавецтва Połackija Łabirynty выпусціла кнігу ўспамінаў Івонкі Сурвіллы. Фота: bellit.info

А якое свята зладзілі з гэтай нагоды. З іншых гарадоў прыехалі людзі, музыка цудоўная была (у нас тутака ёсць дуэт «Кантабіле», у Таронта гурт «Яваровы людзі») — таму спявалі, гралі, паказвалі розныя здымкі з майго жыцця, так цёпла віншавалі, што я была на сёмым небе ад шчасця. Але ж цяпер, як згадваю гэты дзень — нібыта прыснілася.

Сёння ў Івонкі Сурвіллы шмат спраў: і асабісты архіў трэба ўпарадкаваць, і бібліятэку, якую збіралі доўгія гады з мужам Янкам, і час для малявання хацелася б знайсці — але «на кожным кроку пачуццё, што няма часу, а хацелася б пакінуць усё скончаным».

— Ваш тата маляваў некалі маркі БНР. Вы вучыліся ў Вышэйшай мастацкай школе ў Парыжы, удзельнічалі ў дзясятках выстаў у Канадзе і ЗША, і выяўленчае мастацтва стала значнай часткай жыцця. Ці цяпер стае на яго часу і натхнення і ці ёсць у вас улюбёныя сюжэты?

— Сапраўды, я пачала адукацыю ў Вышэйшай мастацкай школе, дзе правучылася год. Памятаю, усе мае сябры працавалі, каго не ўтрымоўвалі бацькі: хто вартаўнікамі, хто на розных чорных працах уначох, а днём наведвалі ўніверсітэт.

1955 год, падчас святкавання Дня Волі ў Парыжы

Бацька мой таксама, будучы інжынерам па адукацыі, шкадаваў вельмі, што не абраў шлях мастацтва. Нават потым раней выйшаў на пенсію і намаляваў, не ведаю дакладна, то, 100 ці 200 абразоў.

І я дакладна тое самае адчувала, што бацька. Але каб перажыць цяжкія часы, трэба было неяк зарабляць на хлеб. Дзеля гэтага я перайшла ў Сарбону, скончыла лінгвістычнае аддзяленне. Але разам з тым я займела ўражанне, што нават пасля году вучэння мастацтву магу быць мастаком — такім змястоўным, насычаным і цікавым быў той перыяд.

Каля Нотр-Дам. Канец 1950-х

Таму ўсё жыццё, як толькі мела крышку часу — малявала. Болей за ўсё любіла партрэты, асабліва алейнымі фарбамі. У 1979 годзе захапілася яшчэ гравюрай — кожны тыдзень хадзіла ў майстэрню, каб гэтым займацца.

Але ў 1986 годзе, пасля Чарнобыля, напаў такі песімізм, такая роспач — мастацтва страціла ўсякі сэнс. Думала, што ніколі больш не вазьмуся за пэндзаль, бо як можна эгаістычна быць шчаслівай і забаўляць сябе, калі свет цэлы памірае?

Нават было, што наклеіла на вялікую дошку ўсе свае гравюры ды хацела запляміць фарбамі, як мастацкі перформанс: вось што яны зрабілі з майго жыцця!

Але ж год праз дзесяць неяк вярнулася ахвота. Я зрабіла вялікі партрэт мужа, яшчэ шэраг партрэтаў. І ўжо будучы старшынёй Рады БНР, я хадзіла доўга ў студыю, каб маляваць, не траціць рукі. Потым доўга не мела на тое часу. І вось у гэтым годзе зноў намалявала патрэт адной цудоўнай беларускі.

І ведаеце, перастала пераймацца, што трачу здольнасці. Цяпер толькі адна дылема: трэба рабіць патрэбнае, а што асабіста мне падабаецца, — усё часу няма (смяецца).

— Калі ўжо гаворка пра мастацтва, хачу запытаць таксама пра музыку. Вы згадвалі ў кнізе «Дарога», як тата напяваў вам з братам мелодыі народных песень, каб іх занатаваць; таксама вашая дачка Паўліна глыбока вывучала беларускую музыку. Якія беларускія песні для Вас і сёння асабліва дарагія?

— Для таты было вельмі важна пакінуць нам тыя песні ў спадчыну, захаваць іх. Ён не меў моцнага голасу, але, што называецца, меў вуха, дакладна і прыгожа спяваў. Мне ж такога таленту ніхто з бацькоў не перадаў, таму люблю толькі слухаць — асабліва беларускі фальклор.

1946 год, з бацькамі і братам у Даніі

Каб сама нешта напявала сабе падчас спраў, то хутчэй не песня, а мелодыя, якая вельмі падабаецца — «Рэчанька», такая яна адначасна сумная і прыгожая.

Шмат гадоў я папросту плакала, слухаючы «Магутны Божа». У царкве ў нядзелю кожная служба сканчалася гэтай песняй — і я штораз плакала, так мне падабаліся і словы Арсенневай, і музыка Равенскага.

Наагул, люблю музыку вельмі. Мая дачка Паўлінка, дый Ганя, абедзве мелі талент у гэтай сферы — мабыць, узялі і ад дзядулі, і ад Янкі, майго мужа, у якога таксама былі вялікія здольнасці. Праз яго ў хаце заўсёды гучала класічная музыка.

Паўлінка нават прысвяціла жыццё музыцы: стала этнамузыколагам, вывучала ўсе аспекты, выкладала ва ўніверсітэце, сама грала на клярынэце. Праз яе я пазнаёмілася і з беларускай рок-музыкай, хоць сама ніколі не захаплялася гэтым кірункам.

«Кожная з краін, дзе мы жылі, шмат прынесла добрага — не магу наракаць»

— Ці захаваліся традыцыі і любоў да беларушчыны ў сем’ях вашых дачок — Ганны, якая жыве і працуе ў Францыі, Паўліны, якая з мужам, прафесарам музыкі, выхавала двух сыноў?

— Я, дарэчы, шмат разважала на гэты конт: як цяжка выхоўваць дзяцей і перадаваць ім свае традыцыі ў эміграцыі. Асабліва другому пакаленню, калі адзін з бацькоў не беларус. Мяркую, калі абое бацькі беларусы і гавораць па-беларуску, як у нашай хаце — тады і дзеці будуць. Тут недалёка ад мяне жыве ся’мя: трое дзетак, усе размаўляюць па-беларуску.

У сям’і маёй дачкі Паўлінкі (Паўліна Сурвілла памерла з-за цяжкай хваробы 6 год таму — С.) і цяпер муж і сыны святкуюць Купалле і Куццю, і запрашаюць усіх сяброў па-беларуску адзначыць. То яны захавалі гэтыя традыцыі. Антон, старэйшы ўнук, вельмі добры віяланчэліст, робіць дактаратуру ў гэтай галіне. Малодшы вельмі добра рытм адчуваў, граў на барабанах — але пайшоў усё ж такі ў экалогію.

Ганя таксама мае добры слых, яны з Паўлінкай, як былі малыя, выступалі на кожным канцэрце беларускім. Магчыма, ім гэтага было нават зашмат — мы іх цягалі ад паседжання да паседжання, і часам замест вакацый ехалі на які кангрэс.

Я чула тое і ад іншых дзяцей іхняга пакалення. Ім крыху крыўдна: бацькі столькі часу прысвячалі беларускім справам, што на дзяцей — не забываліся, канешне, але менш давалі ўвагі і рабілі ім прыемнасцяў.

У эміграцыі ў другім пакаленні гэта вельмі моцна адчуваецца: людзі гавораць па-беларуску, але сем’і іхныя ўжо не.

— Дарэчы пра сем’і. Улічваючы, што тэрытарыяльна ваша сям’я далёка адзін ад аднога, наколькі вы блізкія?

— Вельмі блізкія. Ганя звоніць кожны дзень, і зяць Эрык, муж Паўлінкі, таксама кожны дзень. Асабліва ад часу, як не стала Паўлінкі, яны мною моцна пераймаюцца. І ўсе ўнукі таксама.

Я цяперака выбіралася ў Парыж першы раз пасля ковіду — таму што мая ўнучка Шарлота не хацела выходзіць замуж без маёй прысутнасці, то я прыехала на вяселле.

Правяла ў Парыжу пяць дзён, гэта было штосьці надзвычайнае! Хоць, канешне, таго Парыжу, які я ведала і дзе 11 гадоў пражыла, ужо не пазнаю: шмат пабудавалі, шмат новага. А вось раней пачувалася там, як у сваёй вёсцы.

А пасля Ганя зрабіла прыемнасць, на якую я чакала ўсё жыццё — паехала яшчэ на 5 дзён са мной у Данію. Там мы з бацькамі аказаліся пасля вайны. І я вельмі любіла Данію — пасля бомбаў, пасля цяжкога жыцця там быў проста рай. Я хадзіла там у школу, лёгка заводзіла знаёмствы і збірала сяброў… Да гэтага часу люблю гэтую краіну, і атрымаць яшчэ такі падарунак на мае 90 год было вельмі прыемна.

— З гарадоў, праз якія пралеглі вашыя жыццёвыя дарогі — ці ёсць жаданне вярнуцца яшчэ ў Мадрыд, і, зразумела ж, у родныя Стоўбцы?

— У родныя мясціны, у Беларусь — заўсёды такое жаданне. Хоць кожная з краін, дзе мы жылі, шмат прынесла добрага — не магу наракаць. Але я заўсёды тужыла па Беларусі, і нечага заўсёды не хапала.

Але і ў Мадрыд хацела б вярнуцца. Пасля Даніі Гішпанія для мяне і для Янкі была на другім месцы (а для яго, мо, і на першым), так усё захапляла ў гэтай краіне.

1959 год, Сартрувіль, вяселле з Янкам Сурвіллам

Калі французы, шчыра кажучы, вельмі ксенафобныя, непрыязныя да чужынцаў — то гішпанцы наадварот, вельмі адкрытыя. Мы мелі там папросту паўсотні блізкіх прыяцеляў, там нарадзіліся нашыя дачушкі, там была нашая праца, мы адчувалі, што робім вельмі патрэбную беларускую справу, якую ніхто іншы не зробіць — мабыць, тое быў найшчаслівейшы час нашага жыцця.

Мадрыд, 1964 год. Сямейныя Каляды. Ганна, Івонка, Паўлінка ды Янка Сурвіллы

А ў Канаду мы паехалі, бо тады краіна афіцыйна абвесціла двумоўе і шукала перакладчыкаў з ангельскай на французскую — трэба перакладаць было ўсе законы, усе дакументы. І я ўбачыла абвестку ў газеце ды пайшла на іспыт. Было 400 кандыдатаў, толькі 40 здалі — і я ў тым ліку. Тады ўжо амбасада ўсё рабіла, каб нас завабіць, дарогу аплацілі. Мы і паехалі, падумалі: як не будзе падабацца, то вернемся.

Але штука ў тым, што туды дарогу нам аплацілі, а назад вярнуцца — толькі за свой кошт, а нам не было каму плаціць. Так і засталіся (смяецца).

Цяпер ужо не ведаю, ці атрымаецца пабываць зноў у Мадрыдзе. Авіялініі вельмі дапамагаюць, даюць зручныя ўмовы, але доўгія пералёты, розніца ў часе — у маім веку ўжо цяжка вельмі.

«У Раду заўжды ішлі тыя, хто бясконца любіў Беларусь, быў моцным патрыётам»

— Мікола Абрамчык некалі назваў вас «маленькай, але бравай беларускай, што так моцна змагаецца за сваю беларускасьць». Насамрэч, вы робіце ўражанне жанчыны з нязломным, дыяментавым стрыжнем. Ці цяжка трымаць гэтую планку?

— Так ужо і нязломным (усміхаецца). Думаю, беларускасць была адным з генаў, з якімі я нарадзілася. Бо заўсёды адчувала сябе беларускай, дзе б я ня была.

А другое, з чым я адразу прыйшла ў гэты свет — нарадзілася аптымісткай. І ў маіх успамінах шмат добрага. Дрэннае — толькі калі змушу сябе прыпомніць. Таму я ўдзячная жыццю, што шмат рэчаў дасягнула і шмат што мне было дадзена.

— А вы, у сваю чаргу, шмат што зрабілі для іншых. Адной з такіх важных спраў стала стварэнне ў Канадзе фонду дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. Тры самалёты з лекамі і медыкаментамі, тысячы дзяцей, якія змаглі выехаць на аздараўленне — гэта была вельмі каштоўная і патрэбная дапамога. Што для вас чарнобыльская тэма сёння?

— Я вельмі задаволеная працай, якую мы зрабілі тады для Беларусі. Фактычна, гэта найбольшае дасягненне ў маім жыцці.

Восем год я была старшынёй фонду, 5500 дзетак прынялі ў Канадзе, наша арганізацыя мела 42 аддзелы — і думаю, нідзе не было столькі захаплення гэтай справай, як тутака ў нас. Увесну 1995 года больш як паўсотні канадскіх сем’яў, якія прымалі тут дзетак, ездзілі ў Беларусь іх адведаць, і лічылі іх сваімі сем’ямі.

Квебек, Канада, 1992 год. Івонка Сурвілла з дзецьмі, якія прыехалі з чарнобыльскіх раёнаў на аздараўленне

Але і цяпер засталася трывога: што сёння робіцца ў Беларусі, колькі людзей, якія рана паміраюць, паміраюць з-за наступстваў Чарнобыля? І ці робіцца што, каб дапамагчы гэтым людзям? Я да гэтага часу пераймаюся за Беларусь. Але тады, у 1986-м, наогул было адчуванне, што гэта канец жыцця і канец Беларусі… Страшэннае гора.

— Амаль 30 год вы — на чале Рады БНР. І гэта, на мой погляд, вельмі добры прыклад таго, як можна і трэба ў выгнанні не перасварыцца, а кансалідавацца і рушыць далей. Наколькі складана гэта атрымліваецца?

— Адна з прычын таго, што я так доўга на гэтай пасадзе — старшыня Рады не можа быць працоўным чалавекам, мець дзяржаўнае забяспечанне ці заробак ад нейкай інстытуцыі. Бо тады ўважалася б, што на ягоныя рашэнні і дзеянні маглі б паўплываць ягоныя кіраўнікі, казаць яму, што рабіць. А Рада да той ступені цэніць сваю незалежнасць, што старшыні Рады былі старэйшага веку, альбо жылі, як Мікола Абрамчык — мелі вельмі цяжкае матэрыяльнае становішча.

Сёння ўсе мае супрацоўнікі — маладзейшыя за мяне, усе маглі б быць маімі дзецьмі (усміхаецца). То яны ўсе працавалі да гэтага часу, толькі цяпер пачынаюць браць пенсію — і я не магла сказаць: выбірайце кагосьці другога, бо не было людзей, якія маглі б дазволіць сабе не працаваць.

Цяперашні мой мандат — тры гады. Але я гатовая, як толькі знойдзем кагосьці, хто пагодзіцца ўзяць на сябе абавязкі старшыні, перадаць яго. З прыемнасцю гэта зраблю.

Што да пытання, ці цяжка кансалідавацца… Ведаеце, у Раду заўжды ішлі тыя, хто бясконца любіў Беларусь, быў моцным патрыётам. Хто жыў, як у нас гавораць на эміграцыі, ідэаламі 25 сакавіка. Пакуль радныя жылі гэтым духам — сварак не было і не магло быць.

Але ж апошнім часам сапраўды бываюць цяжкасці з новымі чальцамі. Бо ў людзей, якія эмігравалі, столькі іншых клопатаў, столькі турбот, так хочацца дасягнуць таго, чаго няможна было дасягнуць у Беларусі — прыярытэты змяняюцца.

Але тыя, з кім я пачынала — у іх Беларусь перадусім, яны гатовыя на гатовую ахвярнасць дзеля агульнай справы.

— Ведаю, што вы натхняеце беларусаў, якія шчыруюць на ніве беларушчыны. А хто ці што найбольш натхняе вас?

— Як я была малая, то захаплялася Жаннай д’Арк — гераіняй, якая ратавала сваю краіну. Пасля, як у школе трэба было пісаць сачыненне, кім вы захапляецеся — то пісала пра Еўфрасінню Полацкую, нават апісвала, як яна прыгожа выглядала (усміхаецца).

Калі казаць пра іншых выбітных асоб — героя, большага за Кастуся Каліноўскага, цяжка сабе ўявіць, праўда? Агулам жа мяне натхняюць усе тыя людзі, хто звязаны з любоўю да краіны і змаганнем за шчасце яе людзей.

А з другога боку — і кругом мяне было столькі цудоўных людзей! Часам думаю: трэба неяк сесці ды запісаць, то цэлы сшытак імёнаў цудоўных людзей набярэцца.

1950-ыя, Парыж, Сарбона

У мяне была сяброўка ў Даніі, Грэтэ, памёрла яна ў 94 гады, а пазнаёміліся мы і пасябравалі 80 год таму, уявіце. І ўся яе сям’я, і іншыя мае дацкія сябры — выдатныя людзі. Фактычна, дзякуючы такім людзям у цяжкім жыцці я мела шмат шчасця. Столькі было шчаслівых момантаў, што наракаць зусім не маю права.

«Гаварыць па-беларуску і трымацца разам, каб не страціць каранёў»

— Вы згадвалі, што ўжо ў другім-трэцім пакаленні ў эміграцыі ўзнікаюць праблемы з тым, каб захаваць традыцыі і перадаць іх дзецям ды ўнукам. На вашу думку, што самае галоўнае мы можам (і нават мусім) рабіць, каб не адарвацца ад зямлі, не растварыцца ў іншых краінах?

— Думаю, асабліва пасля 2020 года, калі выехалі вельмі шмат людзей і беларусы расцярушаныя па ўсім свеце, гэта найцяжэйшае — быць далёка ад свайго асяродку. Бо тады чалавек прывыкае да чужога жыцця, і мовы, і абставінаў. А нам трэба гуртавацца вакол свайго.

І першая рэч — каб тыя, хто выязджае з Беларусі з беларускай мовай, працягвалі ёй гаварыць у сям’і. Бо тады і дзеці будуць гаварыць па-беларуску. Як казаў айцец Надсан, беларуская мова не была б нам дадзена, калі б не была патрэбная.

Другое — каб было нейкае яднанне, суполкі беларускія. Тутака ў Атаве суполка даволі вялікая, але шмат хто не проста ведае адзін аднога, а сябруе сем’ямі, ладзяць разам розныя канцэрты і імпрэзы. Яны для мяне як дзеці, вельмі люблю іх і думаю, што ўсе будуць моцныя беларусы.

Калі ж сям’я апынаецца далёка ад іншых беларусаў, гэта патрабуе вялікіх высілкаў, каб захаваць беларушчыну і не асімілявацца. Але і тут — гэтыя дзве рэчы, я перакананая, працуюць: гаварыць па-беларуску і трымацца разам, каб не страціць каранёў.

…Што да павароту ў Беларусь — тут справа асабліва цяжкая. У нашай хвалі эміграцыі, у маім пакаленні толькі і гаварылі пра гэта: гэта імперыя хутка разваліцца, як усе імперыі, і мы вернемся. Аднак калі прыйшоў час і імперыя развалілася — нас ужо не чакалі ў Беларусі. Больш за тое, вельмі шмат дрэннага пра нас казала савецкая прапаганда: «фашысты», здраднікі… І нават для добрых беларусаў, якія гэта чулі, мы не былі такімі блізкімі, як свае.

Мне даводзіцца часта і многа даказваць людзям, што эміграцыя ёсць часткай беларускага народу. Пра гэта трэба гаварыць. Бо ўсё, што мы робім, чым жывём — дзеля Беларусі.

1999 год, Вільня. Станіслаў Шушкевіч, Івонка Сурвілла, Радзім Гарэцкі і Сямён Шарэцкі. Фота: архіў Таварыства беларускай культуры ў Літве

Ужо ў новай хвалі эміграцыі, хто прыехаў у Атаву пасля 2020 года, няма падазрэнняў у наш бок, а ёсць разуменне. Але ж гэта столькі часу дзяўблі ў галовы людзям — і цяпер дзяўбуць пра «збеглых». Між тым тыя, хто вымушаны быў пакінуць краіну, каб уратаваць сваё жыццё — яны тужаць па Беларусі, часам усё жыццё.

— Нават не ўяўляю, наколькі гэта баліць вашаму пакаленню. Бо шмат хто з беларусаў, хто вымушана з’ехаў у апошнія 6 год, спадзяюцца на хуткае вяртанне — але ж гісторыя паказвае, што «хутка» можа быць вельмі адносным. Што дае сілы вытрымліваць такое доўгае расстанне і тугу?

— Тутака, мабыць, я зноў вярнуся да бацькоў. Бо гэта яны выхоўвалі нас так, што Беларусь была ў цэнтры свету, папросту ў цэнтры жыцця.

Я змагла наведаць Беларусь у 1992 годзе. Памятаю, як прызямляўся самалёт у Менску і якое гэта было ўсеабдымнае шчасце. Параўнальнае толькі з тым, як нарадзіла Ганю, маю першую дачку, і як Янка пабудзіў мяне і сказаў, што мы маем цудоўную дачушку.

Адзінае расчараванне — расейская мова. Нават на канферэнцыях мусіла слухаць даклады па-ангельску, бо расейскую не вучыла, не ведаю і не разумею. Але ўсё астатняе — і як прынялі, і з якімі людзьмі сустрэлася — тое было цудоўна. Успаміны з таго падарожжа вельмі цёплыя.

— Але ж гэта ўспаміны. А калі паглядзець у будучыню Беларусі — вы хутчэй аптымістка ці песімістка ў гэтым пытанні?

— Не магу сабе дазволіць быць песімісткай. Беларусь мусіць адрадзіцца, мусіць стацца той еўрапейскай Беларуссю, пра якую мы марым.

Паколькі мы жылі шмат у якіх розных краінах, то можам параўноўваць. І асабіста я хацела б, каб Беларусь была падобнай да Даніі. У тым сэнсе, што людзі ветлівыя і прыязныя адзін з адным. У Менску на вуліцы, нават на здымках я гэта бачу, чамусьці ўсе надзьмутыя. Тады як у Даніі, нават малой была, але помню: кожны чалавек глядзеў і ўсміхаўся. Гэтая дабрыня і ветлівасць мяне захаплялі.

І я б хацела, каб людзі ў Беларусі шанавалі адно аднаго. Каб забыліся на тыя цяжкія савецкія часы, калі трэба было працаваць у калгасе і забыцца на сябе, толькі б неяк выжыць. Каб краіна стала нармальнай, еўрапейскай — дзе людзі ганарацца сваёй мовай, культурай і гісторыяй, ведаюць і вывучаюць яе, а не расейскую гісторыю.

Беларусь — зямля людзей, якая складаецца з косцяў нашых продкаў. І кожны беларус, які ходзіць па нашай зямлі, мае за сабой тысячу гадоў гісторыі.

Хацелася б, каб людзі разумелі, да якой ступені гэта іх зямля. І нават у эміграцыі — так доўга, як вы будзеце адчуваць прыналежнасць да беларускай зямлі, вы не будзеце бяздомнымі. Бо ёсць месца на Зямлі, якое толькі вам належыць.

Што яшчэ хацелася б сказаць усім беларусам: не забывайцеся, хто вы, адчувайце прыналежнасць да нашай зямлі. Кожны з нас можа нешта зрабіць для Беларусі і кожны патрэбны.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, якія мы перажылі — наш край цудоўны, прыгожы і поўны добрых людзей. І нашая задача — старацца яднацца, трымацца разам, а не сварыцца і не даказваць, што мы лепшыя за другіх. Бо калі штосьці прагнеш зрабіць — усё робіцца магчымым, і ў нашых руках мноства магчымасцяў, каб дапамагчы сваёй краіне.

Лера Ракіцкая, gazetaby.com