Пасьля падзеяў 2020 году беларусы і беларускі сталі значна лепей ведаць сваіх герояў і гераіняў, як сучасных, так і гістарычных, якіх ад нас часта хавалі і замянялі савецкімі і расейскімі ідаламі. Але дасюль мы ўсё яшчэ кепска ведаем гераіняў і герояў, якія змагаюцца на беларускай ніве замежжа — мы іх недаацэньваем, не аберагаем, ня кажам простага «дзякуй» і не ўзнагароджваем прэміямі і мэдалямі, піша «Новы Час».
Да такой гераіні, на маю думку, належыць Віржыні ці Віржынія Шыманец. Францужанка па маці, але ў роўнай ступені і беларуска па бацьку. Тэатразнаўца, перакладніца, гістарыца, выдаўчыня, пісьменьніца, доктарка тэатральных дасьледаваньняў. Адна з галоўных сучасных беларусістак Францыі. А яшчэ цудоўная пісьменьніца, якая ў сваёй першай кнізе апісвае шлях франка-беларускі ў Францыі ад навуковай беларусазнаўчай кар’еры, калі яе называлі «Мадам Беларусь», да выдавецкай авантуры, сталай новым жыцьцём, калі яе пачалі называць «Кніжнай дамай».
Зьяўленьне ў 2019 годзе ейнага першага мастацкага тэксту — хронікаў, як вызначыла жанар сама пісьменьніца — «Barnum» («Ятка» ці яшчэ «Кірмашная палатка») застаўся малазаўважаным у нас і дасюль, вядома, не перакладзены. І дарма. Ужо самы пачатак твору зацягвае з вушамі ў чытво: «На самай справе мне трэба было вывучаць Беларусь, каб ня быць адарванай ад бабулі і дзядулі. Эвэліна, каталічка, ураджэнка Ішкалдзі, і Ўладзімер, сын Сымона, праваслаўны (менавіта так!) ураджэнец Рыгі, выпускнік Віленскага політэхнікуму, размаўлялі паміж сабой па-беларуску; калі працавалі, размаўлялі па-польску; народжаныя ў царскай імпэрыі, яны размаўлялі і вучыліся па-расейску. З унукамі размаўлялі па-беларуску. Я хаджу ў школу Рэспублікі, і мяне прымаюць за брэтонку».
Гісторыя выгнаньня ейных родных, гісторыя інтэграцыі, гісторыя звычайнай эўрапейскай сям’і. Не пакінуць вас без усьмешкі і іншыя гісторыі пісьменьніцы, зьвязаныя зь ейным прозьвішчам (Шыманец ці Шыманек, як часта вымаўляюць яго на францускі капыл), якое насьцярожвала многіх французаў, якія ўспрымалі Віржынію за замежніцу і рабілі ёй камплімэнты наконт ейнай добрай францускай мовы. Тады як Віржыні была натуральна франкамоўнай дзякуючы сваёй маці-францужанцы. З кнігі вы даведаецеся і пра спэцыфічнае жыцьцё беларусаў Францыі, бабулі і дзядулі Віржыніі, якія жылі ў Сартрувілі (каля Парыжу). Але яшчэ цікавейшым стане шлях да беларушчыны і Беларусі самой пісьменьніцы. На жаль, кар’еры ў беларусістыцы не зрабіць у сучаснай Францыі, якая дасюль ігнаруе гэты вэктар, цалкам застаючыся ў расеяцэнтрычнай традыцыі вывучэньня рэгіёну і Беларусі ў прыватнасьці. Гэта і стане адной з прычынаў, чаму «Мадам Беларусь» зьменіць працу і стане «Кніжнай дамай». Праўда, і ў новай іпастасі выдаўца працягнула займацца беларусікай: яна выдае беларускую лінію ва ўласным выдавецтве Le Ver à soie (Шаўкапрад). У выдавецтве ўжо зьявіліся пераклады на францускую тэкстаў Альгерда Бахарэвіча і Ганны Краснапёркі.
«Ятка» — гэты вельмі жывы тэкст, дзе гумар і сур’ёзнасьць пастаянна зьмешваюцца, распавядае нам пра цяжкі шлях, які трэба прайсьці, каб стаць выдаўчыняй у Францыі. Аўтарка пазначае, што цяжка ў прынцыпе быць незалежным выдаўцом — і ўдубальт цяжэй быць незалежнай выдаўчыняй. Нібыта ў раўнапраўнай Францыі дасюль застаецца процьма гендарных стэрэатыпаў, забабонаў і бар’ераў — цікава піша і пра гэта Віржыні Шыманец.
Кірмашная палатка, у якой гераіня прадае кнігі па ўсёй Францыі, сталася працоўным месцам, важнай кропкай на правінцыйных кірмашах, дзе звычайна прадаюць харчы, рэчы — толькі не кнігі. Выдаўчыня вырашыла паспрабаваць незвычайны шлях да чытацтва — не праз традыцыйныя кнігарні і гандлёвыя цэнтры, а яна задумала пайсьці як мага бліжэй да чытачоў, па магчымасці туды, дзе публіка гэтага не чакае: большую частку сваёй прадукцыі яна прадае на мястовых рынках і месьцячковых ды вясковых пляцах. Падаецца, Віржыні Шыманец вярнула нас у час кірмашных кніжнікаў і кніганошаў.
Яна сама стала актыўнай кнігавозкай. Хронікі выдаўчыні варта ўспрымаць і як пэўную інструкцыю для пачаткоўцаў-выдаўцоў, як і дзе лепей прадаваць кнігі, чаго пазьбягаць, а чаго ў гэтай працы пазьбегнуць не ўдасца: «Размотваньне нітак — у тым ліку думак, прывязваньне іх да прафэсіі, але таксама і ўсе крокі, якія неабходна выканаць, каб прысутнічаць у кнігарнях і на літаратурных кірмашах, карацей кажучы, штодзённае жыцьцё выдаўца, часам стомнае, але заўсёды ўзнагароджанае, калі творы зьяўляюцца своечасова і вядуць да публікі».
І, канечне, дадзены твор ня толькі пра цяжкасьці працы незалежнай выдаўчыні, поўна ў ім цудаў, якія здараюцца з кніжнымі прафэсіямі: гэта і чаканьне кнігі, ейнае зьяўленьне, гэта і кантакт з чытацтвам. А яшчэ Віржынія Шыманец апісала незабыўны сьвет, які літаральна зьнікае: часта да ейнага стэнда ў правінцыі падыходзяць людзі, якія праз клопаты і працу ніколі ў жыцьці не чыталі і не трымалі ў руках кнігі. Завязваюцца кніжныя і калякніжныя размовы, кантакты, і тады часта стомленая выдаўчыня разумее, што выбраны ёю шлях цалкам апраўданы і варты. Зрэшты, гэтая кніга пра салідарнасьць, шматкультурнасьць і дабрыню людзей правінцыі: не аднойчы ёй на дапамогу прыходзілі цыганы ці іншыя суседзі-гандляры афрыканскага паходжаньня.
Няма сумневу, першы мастацкі твор слыннай францускай беларусісткі мусіць быць перакладзены на беларускую мову. А яшчэ цікава было б дачакацца працягу хронікаў ці наагул новай мастацкай кнігі Віржыні.