«Радзіма», створаная пры падтрымцы Украіны, Швецыі і Нарвегіі, адзначаная прызам FIPRESCI на 23-м Міжнародным фестывалі кіно Цэнтральнай і Усходняй Еўропы goEast у Вісбадэне ў катэгорыі дакументальнага кіно.
На думку журы FIPRESCI, стужка беларускіх рэжысёраў вызначаецца «адважным выкрыццём гвалту і карупцыі ў беларускім войску праз гісторыі маці, якія спрабуюць прыцягнуць вінаватых да адказнасці». «Нягледзячы на правал іх спробаў, фільм нясе моцнае пасланне аб сіле чалавечнасці і супраціву», — лічаць сябры журы.
«Святлана не верыць, што яе сын скончыў жыццё самагубствам падчас тэрміновай службы ў войску. Цяпер яна змагаецца за тое, каб прыцягнуць да адказнасці забойцаў свайго сына і пакласці канец жорсткай дзедаўшчыне ў беларускім войску, якая забрала жыццё яе сына. У іншым кутку Беларусі жыве Мікіта разам з бацькам, ён любіць хадзіць на вечарыны з сябрамі, але яго таксама чакае прызыў на службу ў войска. Аднак неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў пачынаюцца пратэсты, а разам з імі і жорсткае падаўленне з боку дзяржавы. Гэта прымушае Мікіту і яго сяброў запытаць сябе: каму служыць армія? Якую ролю яна адыгрывае ў грамадстве? У сваім фільме Аляксандр Міхалковіч і Ганна Бадзяка даюць погляд на жыццё ўнутры беларускай арміі, жыццё, адзначанае гвалтам і карупцыяй. У той жа час рэжысёры паказваюць складаныя ўзаемаадносіны паміж грамадзянскай супольнасцю, грамадскай сферай і дзяржаўнай уладай напярэдадні і падчас масавых дэманстрацый па выніках прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 года», — так прадстаўленая стужка ў фестывальнай праграме.
Лепшым фільмам дакументальнай праграмы прызнаная ўкраінская стужка «Мы не знікнем» Алісы Каваленкі.
Міжнародны фестываль кіно Цэнтральнай і Усходняй Еўропы goEast прайшоў упершыню ў 2001 годзе.
23-і фэст праходзіў з 26 красавіка па 2 траўня.