16 снежня 1951 года беларусы, якія апынуліся на эміграцыі ў Злучаных Штатах Амерыкі, заснавалі ў Нью-Ёрку легендарную арганізацыю – Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ), які праз усе гэтыя гады актыўна ўзбагачаў беларускую навуку і культуру, дапамагаў наладжваць трывалыя сувязі паміж беларускімі навукоўцамі і навуковымі асяродкамі, а ў самыя няпростыя часы нават трываў цяжар адзінай установы, якая на высокім акадэмічным узроўні даследавала беларускую эміграцыю – без ідэалагічных скажэнняў, а таксама без рэлігійных падзелаў.
Усталяваныя за гэтыя гады кантакты з навучальнымі ўстановамі, бібліятэкамі, фондамі ды іншымі арганізацыямі вымяраюцца сотнямі. Навукоўцы і даследчыкі з Беларусі і іншых краінаў свету, якіх інстытут заахвоціў займацца Беларушчынай і прафесійнаму росту якіх актыўна спрыяў, складаюць некалькі пакаленняў.
Сёння БІНіМ працягвае актыўную працу, мае філіял у Канадзе (Таронта), шчыльна супрацоўнічае з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва. З друку рэгулярна выходзяць грунтоўныя шматстаронкавыя выпускі альманаху „Запісы“ (пачалі выдавацца ў 1952 г.). Сябры БІНіМ падрыхтавалі ці не большую частку тамоў вядомай кніжнай серыі „Бібліятэка „Бацькаўшчыны“.
Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына“ сардэчна дзякуе і віншуе з юбілеем усіх далучных да працы БІНіМа і асабіста старшыню Інстытута спадара Вітаўта Кіпеля! Працы на ніве Беларушчыны не робіцца меней, а БІНіМ вучыць нас, як рабіць яе годна.
Інфармацыйны цэнтр МГА „Бацькаўшчына“