Мастацтва не мае межаў — гэты выраз збіты на горкі яблык і праўдзівы горкай праўдай. Беларускія творцы працягваюць рабіць нашу культуру і дзяліцца ейнымі пладамі — нават удалечыні ад родных гоняў. «Сойка» прапануе свой топ-7 рэжысёраў, якія тут і цяпер робяць наш беларускі тэатр сусветным. Нават калі вы не трапіце на найбліжэйшыя спектаклі, варта запомніць гэтыя імёны (ці мала, у якое культурнае таварыства вас занясе).
Мікалай Халезін
Нязменны мастацкі кіраўнік Свабоднага тэатру, які меў паказаў за мяжой ці не болей, чым у Беларусі (дый і тое ўнутры краіны — збольшага на канспіратыўных кватэрах, паролі, яўкі, вось гэта ўсё). Да Халезіна дакладна не паўстане пытання «дзе вы былі ўсе гэтыя 29 гадоў?» — Свабодны тэатр ніколі не супрацоўнічаў з дзяржавай і заўжды быў па-сапраўднаму андэрграўндным праектам.
«Дзікае паляванне караля Стаха», 16+, Свабодны тэатр
«Дзікае паляванне караля Стаха» паводле Уладзіміра Караткевіча — гэта сінтэз оперы, драматычнага тэатру, мультымедыя і жывой музыкі, характэрны для жанру «гатычны нуар». У спектаклі граюць артысты з Беларусі і Украіны, і ўвогуле тут зорны склад тых, хто працаваў над спектаклем: музыку пісала Вольга Падгайская, а лібрэта — Андрэй Хадановіч.
Прэм’ера анансаваная на 14-16 верасня ў Barbican Centre у Лондане, квіткі прадаюцца тут.
Аляксандр Гарцуеў
Былы мастацкі кіраўнік РТБД, які пасля звальнення ў 2021 годзе далучыўся да калектыву Свабодных Купалаўцаў, дзе граюць яго жонка Зоя Белахвосцік і дачка Валянціна Гарцуева. Гарцуеў паставіў больш за 35 спектакляў у розных тэатрах Беларусі, у тым ліку найлепшы спектакль усіх часоў і народаў (вядома, на суб’ектыўны густ Сойкі) «Івона — прынцэса Бургундская» паводле п’есы Гамбровіча.
«Гусі-людзі-лебедзі», 16+, Свабодныя Купалаўцы
Гэта антыўтапічны і фантасмагарычны погляд на будучыню Беларусі на падставе адной з частак рамана Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы». Як далей складзецца лёс краіны? Вымалёўваецца сумная карціна: поўнай дэградацыі падлягаюць мова, культура, мараль, тэхналогіі. Няма больш на гэтых землях такога паняцця як Беларусь.
Спетакль ужо паказвалі ў Польшчы, наступны паказ запланаваны на 18 жніўня ў Варшаве, квіткі можна купіць тут.
Юры Дзівакоў
Самы вядомы рэжысёр «нашай генерацыі», які пачынаў з магілёўскага тэатру лялек, супрацоўнічаў з Купалаўскім («Войцэк»), з Моладзевым тэатрам у Гомелі, а пасля ставіў страшна прыгожую «Песню Песняў» і «Крыжовы паход дзяцей» у «ОК16». Яго называюць адным з самых эпатажных рэжысёраў — здаецца, яго не надта хвалюе, што пра яго падумаюць, затое і спектаклі выходзяць вельмі нон-канфармісцкія, якія не зблытаеш з працамі іншых рэжысёраў. Пасля затрымання Дзівакоў выехаў у Польшчу, паставіў у варшаўскім Teatry Powszechnym «Насцю» паводле Сарокіна, заснаваную на міфах эксцэнтрычную «Дрэнную кроў», а цяпер вось разам з мастачкай Таццянай Дзіваковай зрэжысаваў спектакль для дзяцей.
«рЭвалюцыя Зайца», 6+
Інтэрактыўны тэатральны праект, які складаецца з выставы, тэатральнай пастаноўкі і майстар-класаў. Мастачка Таццяна Дзівакова і акторка Вольга Калакольцава запросяць паглядзець кароткае казачнае шоў, а затым пазнаёмяць з тонкасцямі лялечнага тэатру падчас майстар-класаў. У першай частцы сустрэчы ўдзельнікі знаёмяцца з казкай пра зайца, якому даводзіцца сутыкацца са сваімі страхамі. На дапамогу яму прыйдуць адважныя сябры з лесу, але ці здолеюць яны разам пераадолець усе нягоды? Прыгоды хатніх жывёл стануць падставай для размоў пра нашыя эмоцыі, патрэбы і дзіцячае сяброўства. Спецыяльна падрыхтаваныя лялькі і рэквізіт дапамогуць удзельнікам увайсці ў чароўны свет тэатру. Затым, падчас семінару, дзеці змогуць зрабіць сваіх лялек і падрыхтаваць уласную версію казкі пра адважнага зайца.
Найбліжэйшы паказ адбудзецца 19 жніўня ў Варшаве, квіткі можна купіць тут.
Паліна Дабравольская
Рэжысёрка-эксперыментатарка, пачынала як акторка прыватнага тэатру «Тэрыторыя мюзіклу», а таксама кампазітарка і спявачка (Charnabrova). Супрацоўнічала з «ОК16» у яго залатыя часы. Улетку 2020-га далучылася да руху «Культпратэст», пасля чаго, у 2021-м вымушана была выехаць з Беларусі. Сёння ставіць спектаклі ў Польшчы, самы вядомы з якіх — прыгожая і балючая «Сарматыя» паводле Мартысевіч.
«Сарматыя / SarmaTY/JA», 16+
Гэта музычны монаспектакль, які спалучае народную музыку з хіп-хопам. Ён распавядае трагічную гісторыю пра немагчымасць укараніцца на чужой зямлі. Гэта гісторыя кахання і смерці. Цёмная, пульсуючая рытмам, пачуццёвая. Спектакль заснаваны на аднайменнай паэме Марыі Мартысевіч, напісанай у 2018 годзе. Яго гераіня змагаецца за выжыванне ў выгнанні ў чужой краіне. Тэкст падзелены на 12 частак, якія можна слухаць як асобныя песні. «Сарматыя» — невядомы тэатральны жанр для рэйв-вечарынкі. Гэта сінтэз музыкі, тэксту, відэакантэнту, руху і тэатру. Ролі выконваюць Святлана Анікей, Алесь Малчанаў, Дзмітры Лук’янчык.
Паказ у Варшаве адбудзецца 25 жніўня, квіткі можна купіць тут.
Андрэй Бардухаеў-Арол
Пачынаў як актор Гомельскага дзяржаўнага тэатра, адкуль пасля сышоў разам з жонкай Алесяй, каб заснаваць свой Team Theatre — творчую лабараторыю, дзе можна было эксперыментаваць з формай і матэрыялам. Так яны сталі ствараць імерсійныя спектаклі для людзей з дадатковымі патрэбамі. У 2020-м улады закрылі ўнікальны праект, а Андрэю ды Алесі праз пагрозу арышту давялося з’ехаць з Беларусі. Цяпер яны адрадзілі свой інклюзіўны тэатр у Польшчы.
«Вераскавы мёд», Team Theatre
Атмасферны спектакль*, заснаваны на баладзе Р. Л. Стывенсана Heather Ale (1880). 9 стагоддзе. Вёска піктаў захоплена шатландскімі воінамі. Сям’я медавара мае сакрэтны рэцэпт, якім зацікавіўся шатландскі кароль. Бацька і сын медавары, якія трапілі ў рукі шатландцаў, захоўваюць гэтую таямніцу цаной уласнага жыцця.
*Атмасферны спектакль — гэта спектакль, які ўплывае на пачуцці слыху, паху і дотыку. Гледачы ўспрымаюць відовішча з завязанымі вачыма.
Прэм’ера адбудзецца ў Варшаве 18 чэрвеня, квіткі прадаюцца тут.
Святлана Бень
Шматгадовая лідарка гурта «Серебряная свадьба» (а яшчэ акторка і паэтка), пачынала ў віцебскай «Ляльцы». Пасля была рэжысёрскай менскага лялечнага тэатра і арганізавала ўласны лялечны тэатр «Картонка». Сёння Бень запісвае песні і выступае па розных гарадах Еўропы, аднак і рэжысёрскі бэкграўнд нікуды не падзеўся.
«Беспрацоўнае дрэва», 5+
Гісторыя дрэва, якое вымушана пакінуць парк, дзе ўсё сваё жыццё прапрацавала… дрэвам. Яго чакае дарога, поўная прыгод, цудоўных, небяспечных, а часам абсалютна нечаканых. Гэта гісторыя пра тое, што кожны можа дапамагчы іншым, знайсці сяброў і сваю важную справу. Нават калі ты пазбаўлены дому і звычайнага ладу жыцця. У гэтай монадраме выкарыстоўваюцца тэатральныя лялькі і прадметы, якія стварыла берлінская мастачка Ліна Хесіна.
Паказ чакаецца ў Варшаве 29 ліпеня, квіткі можна набыць тут.
Раман Падаляка
Рэжысёр спектакля-хіта «Радзіва Прудок» паводле кнігі Андруся Горвата, шматгадовы актор Купалаўскага тэатра здаровага чалавека (адпаведна, цяпер — сярод Свабодных Купалаўцаў), удзельнік іншых тэатральных праектаў. Сярод найлепшых роляў Падалякі — роля Густава-Конрада ў пастаноўцы «Дзяды» паводле Міцкевіча ў незалежным «Тэатры Ч».
«Шэпт», 14+, Свабодныя Купалаўцы
«Шэпт» — пастаноўка паводле кнігі Сяргея Лескеця, гэта дакументальнае падарожжа праз свет беларускай традыцыі лекавання шэптам. Гэта запісаныя замовы і лёсы тых, хто ўмее павярнуць сусвет. На валасок, але далей ад смерці. Гэта сцэнічнае падарожжа да людзей прасторы міфу, пракладзенае рэжысёрам пры ўдзеле аўтара. Гэта не толькі таямнічыя замовы, але і гісторыі людзей, чыё складанае і вірлівае жыццё прыпала на мяжу стагоддзяў. Наш шэпт на няпэўны час.
У чэрвені спектакль ідзе ў розных гарадах Польшчы, аднак квіткі паўсюль распрададзеныя, таму варта падпісацца на Купалаўцаў і сачыць, калі анансуюць новыя паказы. У Вільні паказ адбудзецца 20 чэрвеня, і квіткі пакуль што ёсць тут.