Думаю, шмат хто з журналістаў з цеплынёй і пяшчотай згадвае былога кіраўніка Беларусі Станіслава Станіслававіча Шушкевіча. Таму што, нягледзячы на ўсю сваю палітычную вагу, ён заставаўся чалавекам. 15 снежня — яго дзень народзінаў.
Дзядуля Шушкевіч
Са Станіславам Шушкевічам было працаваць адначасова і проста і складана. Таму што ён быў вельмі прыязным і гасцінным чалавекам. Ён шчыра адгукаўся на просьбы аб каментарах і інтэрв’ю, калі ў яго быў на гэта час. Але каментары і інтэрв’ю ён мог наўпрост даваць у сябе дома.
Думаю, не кожны кіраўнік дзяржавы запросіць журналістаў да сябе дадому. Але Шушкевіч наўпрост запрашаў. Прычым, ён аднолькава ставіўся як да «маладых» журналістаў, так і да «зуброў» нашай прафесіі. Каб патрапіць да яго ў хату і паразмаўляць з ім за кубкам гарбаты, не трэба было быць нейкай знакамітасцю — трэба было найперш мець да яго справу ці размову.
Вось гэтая шчырасць яго маладых вельмі бянтэжыла: «Я? І да яго?» Але менавіта ў яго дома адбывалася знаёмства з Шушкевічам, як з чалавекам.
Такое знаёмства з ім адбылося і ў мяне. Прычым, яшчэ ў 1990-я, калі палітычная вага ў Шушкевіча была о-го-го якая. Як жа: чалавек, які «разваліў СССР», першы кіраўнік незалежнай Беларусі… А ў выніку аказалася, што ён быў вельмі просты ў стасунках, і ніякай «зорнай хваробы» ў яго не было.
Знаны навуковец-фізік
Гэта цяпер мы ведаем Шушкевіча найперш як палітыка. Але насамрэч ён быў і выбітным навукоўцам. Самы вядомы беларускі фізік-ядзершчык, выкладчык Лі Харві Освальда, які забіў прэзідэнта ЗША Джона Кенэдзі. Прычым Шушкевіч-навуковец, нават калі стаў Шушкевічам-палітыкам, не пераставаў цікавіцца сваёй прафесіяй.
Калі ў Беларусі напачатку 2000-х толькі пачыналі размаўляць пра будаўніцтва АЭС, да каго было звярнуцца па каментар?
І Шушкевіч, як навуковец, не баяўся пайсці супраць грамадскай думкі. Тады многія рабілі ўпор на тое, што: «Як гэта, ядзерная станцыя ў краіне, якая ці не найбольш пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС?» Станіслаў Шушкевіч доўга разважаў пра ядзерную энергетыку, сцвярджаючы, што сама па сабе атамная энергетыка, роўна як і атамная станцыя — не зло. Пытанне толькі ў яе надзейнасці і бяспецы.
Тым больш, што з часоў Савецкага Саюза атамная энергетыка прасунулася далёка наперад. Напрыклад, ён распавёў аб такой распрацоўцы, як ядзерны рэактар на фазавых пераходах — гэта калі ў крытычныя моманты рэактар пераходзіць у іншы агрэгатны стан: напрыклад, замест выбуху — замярзае.
Але пры гэтым ён перасцерагаў ад будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі менавіта Расіяй. На яго думку, можна было выбраць і больш надзейнага партнёра, таму што расійскія тэхналогіі — гэта працяг савецкіх. І казаў, што новыя тыпы рэактараў у Расіі не апрабаваныя, як, у прынцыпе, і новыя тыпы рэактараў наогул у свеце. Адпаведна, Беларуская АЭС будзе «выпрабавальным палігонам» для расійскіх атамных карпарацый.
У прынцыпе, як прадказваў Шушкевіч, — так яно і атрымалася. Расійскі рэактар ВВЭР-1200/В-491 цяпер дзейнічае толькі ў нас і на АЭС «Ленінград-2». Таму не варта здзіўляцца, што ў нас АЭС палову часу прастойвае праз ліквідацыю недаробак. Не варта здзіўляцца і таму, што яе выводзяць на «запарогавыя» магутнасці і наогул эксперыментуюць, як могуць. Таму што Расіі трэба прадаваць свае рэактары па ўсім свеце.
Шушкевіч казаў, што самая вялікая праблема атамнай энергетыкі — выпрабаванні. Той жа рэактар на фазавых пераходах ёсць у разліках, але ніхто ў свеце не згаджаецца даць сваю тэрыторыю для выпрабавання ядзерных тэхналогій. І толькі Лукашэнка не толькі падаў гэтую тэрыторыю «Расатаму» і «Атамбудэкспарту», але і яшчэ заплаціў за гэта. Хай расійскім крэдытам, але яго ж аддаваць. Хай не дзесяць мільярдаў долараў, а сем, як ён хваліўся. Але наогул «эксперыментальная пляцоўка мірнага атаму» павінна каштаваць больш. І каштаваць не нам.
Карацей, Шушкевіч меў рацыю.
Палітыка — мастацтва мажлівага
Многія абвінавачвалі Шушкевіча ў «нерашучасці», «згодніцтве». Маўляў, калі б ён дзейнічаў у пэўных момантах больш строга, больш аўтарытарна, ён бы прывёў Беларусь да больш дэмакратычнай будучыні.
Я не думаю, што гэта была нерашучасць. Проста Станіслаў Станіслававіч разумеў, што вельмі проста было ў такіх намерах скаціцца да таго, ад чаго Беларусь у тыя гады не так даўно і не так лёгка сышла — да аўтарытарнага кіравання нейкай адной групы, як КПСС. Таму ён імкнуўся выпрацоўваць нейкія кампрамісныя рашэнні, улічваць інтарэсы ўсіх груп у парламенце. А «кампрамісныя» рашэнні ніколі не бываюць жорсткімі.
Ці дрэнна гэта? Думаю, насамрэч не. Думаю, што менавіта «згодніцтва» Шушкевіча, якое яму не даравалі і за якое яго крытыкавалі, дазволіла яму зрабіць столькі, колькі ён зрабіў. А зрабіў ён насамрэч багата.
Неяк адзін знаёмы журналіст у Фэйсбуку папрасіў накідаць ідэй у жанры «альтэрнатыўнай гісторыі»: што было б, калі б у 1994 годзе Лукашэнка прайграў прэзідэнцкія выбары. Большасць меркавала, што ў Беларусі цяпер была б дэмакратыя і рынкавая эканоміка, і я вымушаны быў нагадаць, што Лукашэнка ў другім туры сышоўся з тагачасным старшынёй урада Вячаславам Кебічам. Тым самым Кебічам, які цалаваўся з Чарнамырдзіным, абяцаў цягам года ўвесці ў Беларусі ў якасці грошай расійскі рубель і ўсур’ёз казаў пра стварэнне Савецкага Саюза ў абноўленым выглядзе.
Палітыка — гэта мастацтва магчымага. Ці мог Станіслаў Станіслававіч праводзіць у парламенце палітыку «дэмакратычнага аўтарытарызму», калі большасць у парламенце складалі посткамуністы, «чырвоныя дырэктары» ды аграрыі? Не думаю. Ці мог ён праводзіць «больш рашучыя» дэмакратычныя рэформы пры прамаскоўскім урадзе? Наўрад ці.
Хутчэй, Шушкевіч рабіў усё, што мог. І тое, што Беларусь тады засталася незалежнай — у немалой ступені заслуга той самай «цэнтрысцкай» палітыкі Шушкевіча, як бы ні называлі яе «нерашучай».
Больш за год тармазіў уступленне Беларусі ў АДКБ
«Нерашучасць» Шушкевіча можна паглядзець на прыкладзе яго супраціву ўступленню Беларусі ў АДКБ.
Дамова аб калектыўнай бяспецы была падпісаная 15 траўня 1992 года ў Ташкенце кіраўнікамі Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана. Беларусь ад пачатку ў ёй не ўдзельнічала, і ў сакавіку 1993 года ў падтрымку далучэння да дамовы выступілі прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч і міністр абароны Павал Казлоўскі. Яны апраўдвалі сваю пазіцыю тым, што без цеснага супрацоўніцтва з Расіяй Беларусь не зможа захаваць свае ўзброеныя сілы і выратаваць ад краху абаронную прамысловасць, якая абслугоўвала да нядаўняга часу Савецкую Армію.
Станіслаў Шушкевіч быў супраць далучэння Беларусі да дамовы, бо Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь абвяшчала нейтральны і бяз’ядзерны статус дзяржавы.
Да ліпеня 1993 года прайшло некалькі самітаў СНД, аднак Шушкевіч так і не падпісаў дамову, нягледзячы на тое, што гэтага патрабавалі і ўрад, і дэпутаты. Улетку 1993 года ўзнікла нават пытанне аб даверы да спікера, і, каб адправіць Шушкевіча ў адстаўку тады, не хапіла толькі некалькіх галасоў. Прычым, за АДКБ выступалі як экс-камуністы, так і «лібералы», уключаючы фракцыю Генадзя Карпенкі.
Толькі 31 снежня 1993 года — пад ціскам парламенцкай большасці — Шушкевіч падпісаў Дагавор аб калектыўнай бяспецы.
Куды нас завяла «дарога ў АДКБ», я думаю, тлумачыць не варта. Ужо больш за год у Беларусі бесперапынна знаходзяцца расійскія войскі, і можна сказаць, што краіна ператвораная ў расійскую вайсковую базу. Карацей, Шушкевіч меў рацыю — 2.
Пару цікавых фактаў пра Станіслава Шушкевіча
Станіслаў Шушкевіч быў двойчы намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру. У 2007 годзе на саісканне Нобелеўскай прэміі міру за 2007 год намінаваў Шушкевіча Лех Валенса. У 2011 годзе па ініцыятыве старшыні камісіі па міжнародных справах Сейма Літвы Эмануэліса Зінгерыса Шушкевіч атрымаў такую ж намінацыю.
Лідар дзяржавы з пенсіяй менш за долар. У 1996 годзе Шушкевіч атрымліваў пенсію ў памеры 3 млн 196 тыс беларускіх рублёў ($300). Пасля дэнамінацыі 1999 года яму выплачвалі 3196 беларускіх рублёў, што было эквівалентна $1,87. Такая сітуацыя ўзнікла, калі Лукашэнка адмяніў пастанову парламента аб пажыццёвай пенсіі былым прэм’ер-міністрам і кіраўнікам дзяржавы ў памеры 70-75% ад акладу дзеючых прэм’ера і спікера. Прэзідэнцкі ўказ прадугледжваў выплату пенсіі за асаблівыя заслугі асобам, вызначаным асабіста Лукашэнкам. Такія пенсіі атрымалі былыя кіраўнікі КПБ Мікалай Слюнькоў і Яфрэм Сакалоў, але не Шушкевіч.
А ў 2013 годзе 3196 рублёў пенсіі Шушкевіча складалі ўсяго 37 амерыканскіх цэнтаў па курсе Нацбанка.
У выніку жонка Шушкевіча аформіла дакументы на атрыманне ім пенсіі па ўзросце, і з 2015 года пенсія былога кіраўніка Беларусі была павышаная. Пасля ўводу новых грошай Шушкевіч атрымліваў каля 500 рублёў ($200).