12 ліпеня Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўніком ЗША Джо Байдэнам. Беларуская лідарка распавяда Байдэну, што беларусы працягваюць змагацца за вызваленне сваёй краіны, піша «Новы Час».
Сустрэча Святланы Ціханоўскай з прэзідэнтам ЗША адбылася адразу пасля выступлення Байдэна ў Вільнюскім універсітэце.
Падчас выступлення Байдэн згадаў Беларусь і заклікаў беларусаў не спыняцца.
«Вельмі ўдзячна прэзідэнту за гэту сустрэчу. Я данесла яму нашу пазіцыю, распавяла, што беларусы працягваюць змагацца за вызваленне сваёй краіны.
Я рада, што ў нас атрымліваецца непублічна пагаварыць пра тое, што нам сапраўды важна. Беларусы могуць разлічваць на падтрымку ЗША», – пракаментавала Святлана Ціханоўская.
Нагадаем, у камюніке па выніках сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін-сябраў NATO арганізацыя заклікала Беларусь спыніць дапамогу Расіі і адмовіцца ад варожых дзеянняў у дачыненні да сваіх суседзяў.
Таксама ў час правядзення саміту NATO ў Вільні па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай адбыўся сайд-івэнт «Суверэнітэт Беларусі і трансатлантычная бяспека». Яго мэта — распавесці замежным партнёрам пра ключавое значэнне Беларусі ў сістэме рэгіянальнай бяспекі, давесці неабходнасць рашучых дзеянняў у дачыненні да рэжыму і прапанаваць супрацоўніцтва ў гэтым напрамку. «Беларусы заслугоўваюць жыць ва ўмовах свабоды, дэмакратыі і міру. Беларусы дастойныя месца ў еўрапейскай сямʼі нацый. Гучыць як мара, але за гэтую мару варта змагацца. І я хачу, каб мы сёння абмеркавалі, як зрабіць гэтую мару рэальнасцю», — адзначыла Ціханоўская падчас сайд-івэнту.