12 ліпеня адбылася акцыя ў памяць аб беларускім мастаку Алесю Пушкіну, які загінуў у турме 11 ліпеня 2023 году. Месцам правядзеньня акцыі стала плошча перад катэдральным саборам імя сьвятога Кірылы Тураўскага ў Брукліне.
Імпрэза была арганізаваная Беларуска-Амэрыканскім Згуртаваньнем ”Пагоня”, Парафіяй катэдральнага сабору імя сьвятога Кірылы Тураўскага ў Брукліне (БелАПЦ), Асацыяцыяй Беларусаў Амэрыкі (АБА) і Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньнем (БАЗА).
На ганку царквы быў усталяваны імправізаваны мэмарыял, які складаўся з фатаграфій мастака, ўскладзеных кветак і нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцяга. Удзельнікі сталі ў круг з плякатамі ў руках, і ўшанавалі памяць Алеся Пушкіна, а таксама ўсіх загінулых беларусаў хвіліной маўчаньня.
Першым, хто выступіў з прамовай, быў Віталь Зайка. Ён зазначыў, што Алесь Пушкін прысьвяціў усё сваё жыцьцё барацьбе за вольную й незалежную Беларусь. Мастак аб’ядноўваў у сабе нацыянальны й духоўны аспэкты. У свой час Алесь Пушкін прыйшоў да веры, займаўся аднаўленьнем беларускіх цэркваў і касьцёлаў, і ў яго творчасьці ёсьць мноства твораў высокага ўзроўню, асабліва на рэлігійную тэматыку. Гэтыя выбітныя творы служаць памяцьцю пра вялікага беларускага мастака. Віталь таксама падкрэсьліў, што сьпіс тых, хто аддае сваё жыцьцё за свабодную Беларусь, на жаль, пастаяннна папаўняецца. Гэтае імпрэза непасрэдна была арганізаваная, каб выказаць пратэст супраць катаваньняў у Беларусі, а таксама каб паказаць салідарнасьць з палітзьняволенымі.
Гэнік Лойка ў сваёй прамове згадаў школьныя гады Алеся Пушкіна й яго нацыянальную пазыцыю, якая была выразна адлюстраваная ў творчасьці мастака.
Ганна Шарко выказала шкадаваньне аб тым, што мы часта даведваемся пра выдатных людзей са запазьненьнем, калі яны ўжо не з намі. Яна адзначыла, што перамога над злом павінна пачацца з малых дзеяньняў: з удзелу ў імпрэзах, з фінансавай падтрымкі, з напісаньня лістоў да палітыкаў у ЗША. Ганна заклікала кожнага, хто пакідае імпрэзу, задаць сабе пытаньне: ”Што я зрабіў, каб гэтага больш не адбывалася?”
Міхась Чаропка ўзгадаў, як і дзе ён пазнаёміўся з творчасьцю мастака. Ён падкрэсьліў, што Алесь Пушкін змагаўся з рэжымам да апошняга й выкарыстоўваў сваё мастацтва як сродак барацьбы. Міхась заклікаў прысутных распавядаць пра гэтага выдатнага беларускага творцу сваім сябрам і знаёмым, каб памяць аб ім жыла як мага даўжэй.
Прадстаўніца ўкраінскай дыяспары, пані Людміла Вазьнюк, заклікала працягваць падтрымку беларускіх валантараў ва Ўкраіне. Па яе словах, такія ахвяры, як мастак Алесь Пушкін, не павінны праходзіць проста так.
Пасьля прамоваў прысутныя ўвайшлі ўнутар сабору, дзе змаглі паразмаўляць бліжэй і абмеркаваць сытуацыюў Беларусі й Украіне.