Дождж, які распачаўся ў Ню-Ёрку яшчэ з суботняга вечара, не напалохаў актывістаў, якія сабраліся на “Марш паняволеных народаў” 16 ліпеня. Ён традыцыйна праводзіцца на трэцім тыдні ліпеня ад 1959 году і адкрывае Тыдзень паняволеных народаў у ЗША. На ім Злучаныя Штаты выказваюць салідарнасьць з народамі, што знаходзяцца пад таталітарным прыгнётам.
У гэтым годзе “Марш” прайшоў па скарочанай праграме з-за надвор’я і не атрыманьня дазволу на набажэнства за паняволеныя народы ў Саборы сьв. Патрыка.
Але ня гледзячы на абставіны, удзельнікі марша сабраліся каля гатэля “Плаза” на Мангэтане (перакрыжаваньне 59 стрыт і 5 авэню). Актывісты трымалі ў руках нацыянальныя сьцягі і плякаты на ангельскай мове. Таксама гучалі лёзунгі “Жыве Беларусь!” і “Freedom!” Віталь Зайка, старшыня Беларуска-Амэрыканскага Згуртаваньня “Пагоня” выступіў з прамовай пра змаганьне беларусаў супраць рэжыму.
На дадзенае мерапрыемства сабраліся беларусы як Ню-Ёрку, так і Філадэльфіі.
А потым невялічкая калёна рушыла ўздоўж Цэнтральнага парка і спынілася каля Мэйн-манумэнту (Maine Monument). Пад праліўным дажджом былі зачытаныя прывітальныя словы цяперашняга амэрыканскага прэзідэнта Джо Байдэна.
На дадзенае мерапрыемства сабраліся беларусы як Ню-Ёрку, так і Філадэльфіі. “Тыдзень паняволеных народаў” пачаўся ў ЗША ў 1959 годзе пры прэзідэнце Дуайце Айзенгаўэры, які падпісаў закон пра абвяшчэньне трэцяга тыдня ліпеня “Тыднем паняволеных народаў”. Тады ж Айзенгаўэр заснаваў антыкамуністычнае згуртаванне – Нацыянальны камітэт паняволеных нацыяў (National CaptiveNations Committee).
Паняволенымі нацыямі ў 1959 годзе ЗША лічылі:
- Польшча (цяпер у Еўрапейскім Зьвязе)
- Вугоршчына (у ЕЗ)
- Літва (у ЕЗ)
- Украіна (імкнецца ў ЕЗ)
- Чэхаславаччына (у 1993 г. падзялілася на Чэхію і Славакію – абедзве краіны члены ЕЗ)
- Латвія (у ЕЗ)
- Эстонія (у ЕЗ)
- Беларусь
- Румынія (у ЕЗ)
- Усходняя Нямеччына (абʼядналася з Заходняю Нямеччынай)
- Балгарыя (у ЕЗ)
- Кантынентальны Кітай (КНР)
- Арменія
- Азербайджан
- Грузія
- Паўночная Карэя (КНДР)
- Албанія
- Ідэль-Урал (нерэалізаваны нацыянальны праект татараў і башкіраў)
- Тыбет (частка КНР)
- Казакія
- Туркестан
- Паўночны Вʼетнам
Алесь Пазьняк, bielarus.info,
здымкі: Алесь Пазьняк, Вадзім Васільеў