У варшаўскім Шматкультурным цэнтры прайшла выстава беларускіх мастакоў-анархістаў. Сярод твораў — карціны з красамоўнымі назвамі «Сістэма любіць цішыню», «Сем колаў Беларусі», «Па кім званіць апошні званок», «Дом узорнага ўтрымання». Мы паразмаўлялі з адным з творцаў Уладзіславам Боханам пра яго мастацтва і бачанне сітуацыі ў Беларусі, а таксама спыталі пра ўражанні ад выставы наведвальніц Аліну Коўшык і Крысціну Шыянок.

Выстава беларускіх мастакоў-анархістаў у Варшаве

Выстава беларускіх мастакоў-анархістаў прайшла 4–5 жніўня ў Варшаве. Асноўную частку выставачнай прасторы займалі працы Уладзіслава Бохана. Таксама на экспазіцыі можна было пабачыць карціны, графіку і інсталяцыі Надзеі НаўроцкайАлены Бярэзінай і Сяргея Раманава.

Выстава беларускіх мастакоў-анархістаў у Варшаве

Праект Herzland.Schaft, у рамках якога ладзілася выстава, прысвечаны дыктатуры і ролі саміх людзей, якія ад яе пакутуюць, у стварэнні і ўмацаванні аўтарытарызму. Акрамя мастацкай часткі з карцінамі была «практычная» частка — відэа пра перфомансы Уладзіслава Бохана, падчас якіх ён пісаў у дзяржаўныя ўстановы Беларусі і Расіі з патрабаваннем выканаць абсурдныя загады. Установы выконвалі, высылалі фота- і відэасправаздачы.

Уладзіслаў Бохан са сваім творам «Сем колаў Беларусі»

Калаж Уладзіслава Бохана «Сем колаў Беларусі» створаны з выкарыстаннем слоў, якія палітвязень-анархіст Мікола Дзядок выразаў з часопісаў падчас свайго першага зняволення ў 2010–2015 гг., седзячы ў магілёўскай крытай турме. Цяпер Мікола таксама з’яўляецца палітвязнем. Ён затрыманы 12 лістапада 2020 г. Для афармлення кола на карціне прыдалася тканіна з кедаў актывіста Сяргея Спарыша. Ён рабіў пікет падчас Еўрапейскіх гульняў 2019 г. у Мінску. Актывіста затрымаў АМАП і падчас затрымання падраў яму абутак. Цяпер Сяргей з’яўляецца палітвязнем. Ён у няволі з 22 чэрвеня 2020 г. Рукавы на калажы — Максіма Кавалёва, актывіста Студэнцкага Блока. Яго затрымлівалі на Дзень Волі ў 2017 г., падчас пратэстаў супраць Дэкрэту аб тунеядстве.

«Каранаванне страўніка». Уладзіслаў Бохан

Уладзіслаў Бохан распавёў: «Карціна «Каранаванне страўніка» прысвечана майму пераасэнсаванню пытання санкцый. У 2020 г. яны павінны былі б падзейнічаць, калі б былі рэальнымі, а не кардоннымі, што камусьці забаранілі ўезд. Цяпер я ў іх не бачу сэнсу, бо я паспрабаваў пераасэнсаваць сацыяльны склад беларускай рэвалюцыі. Гэта ў асноўным быў, па беларускіх мерках, сярэдні клас. Рабочы рух, на маю думку, быў перабольшаны. Большасць рабочых не адрэагавалі на заклікі не выходзіць на працу. Чаму?

Таму што ў постсавецкіх краінах, у Беларусі, у Расіі — культ страўніка. Па сутнасці, страўнік усё вызначае. Не тады, калі ў чалавека пуста, ён пачынае бунтаваць. Наадварот, трымаецца за апошнія крохі, пакуль і гэта не адабралі.

У мене сапраўды ствараецца ўражанне, што санкцыі цяпер заганяюць людзей яшчэ ў большую кабалу. І тым менш шанцаў на нейкі бунт, таму што ў іх забралі яшчэ больш, чым раней, і яны ўчапіліся за тое, што засталося. І чым больш будуць забіраць, тым мацней яны будуць трымацца за вось гэта апошняе.

У рабочых няма грашовай падушкі бяспекі. Калі іх звольняць, то ў іх больш нічога няма. А ІТ-шнікаў, па-першае, складана звольніць, бо яны дыстанцыйна могуць працаваць на каго заўгодна. І ў іх ёсць на што пражыць месяц-два-тры. А ў звычайнага рабацягі няма. Таму яны чапляюцца за тое, што маюць. Таму чым бяднейшы народ, тым больш ён зняволены. Яму не да бунту, яму б захаваць, што ё».

Фрагмент выставы беларускіх мастакоў-анархістаў ў Варшаве

«Дзяржаве выгодна трымаць насельніцтва бедным, — кажа Уладзіслаў Бохан. — Тады яно пагружана ў пытанне выжывання. А калі чалавек мае сродкі, ён можа займацца развіццём, тэатрам ці культурай. А калі заняты пытаннямі выжывання, яму няма калі думаць пра нешта іншае. Таму беднасць — гэта ўмова паспяховага функцыянавання аўтакратычнай улады».

«Русский пир». Уладзіслаў Бохан

Уладзіслаў Бохан распавёў пра карціну «Русский пир»: «Тут метафара дастаткова відавочная. Гульня слоў «русский мир» — «русский пир». Па сутнасці, гэта класіка, калі тыя, хто маюць уладу, накіроўваюць салдат несці свой мір, разбурэнне, угнойваць тым самым глебу. Ваенна-імперыялістычную тэматыку мне складана зразумець. І я яе не разумею. Гэта хутчэй такое эмацыйнае выяўленне карцінак, якія ўзнікаюць у галаве падчас асацыяцый з вайной. Я спрабаваў для сябе патлумачыць карані рускага імперыялізму, але для мяне ён незразумелы».

«Родина жрать зовёт». Уладзіслаў Бохан

«Тут гульня слоў — расказвае мастак, — «Родина мать» і «Родина жрать»Радзіма корміць грамадзянаў фаршам. Бо ім падабаецца. У іх культ пакут, культ смерці — ён мае нейкі аб’яднальны фактар для гэтых людзей. Людзям у нас падабаецца пакутаваць. Чаму у нас не любяць ІТ-шнікаў? У Беларусі, у Расіі… Ім здаецца, што яны нічога не робяць, але атрымліваюць за гэта грошы. Каб атрымаць грошы, трэба адпакутваць. Папоўзаць ракам на заводзе і іншае. І тых, хто атрымлівае грошы, займаючыся любімай справай, ненавідзяць.

То бок у нас грамадства, якое любіць пакутаваць. На тым і трымаецца гэтая ўлада. Таму што ў нас не любяць шчаслівых людзей».

«Сістэма любіць цішыню». Уладзіслаў Бохан

З подпісу пад карцінай: «Гэту фразу я аднойчы пачуў, калі працаваў у школе. Гэта выбітны ідэалагічны лозунг пост-савецкіх дыктатур. Гэтыя рэжымы ўсталёўваюцца ціха, без грамадзянскай вайны ці ваеннага перавароту. Усталёўваюцца шляхам выбараў, пад выглядам дэмакратыі. Дыктатары прасоўваюцца малымі крокамі, распускаюць свае шчупальцы, усё больш і больш прывязваючы людзей да рэжыму, падначальваючы сферы грамадства адну за адной. Галасы супраць ледзьве чуваць і цішыня разглядаецца як маўклівая згода. Гэты клубок коціцца далей і клянецца прывесці да лепшай будучыні. Але калі ён абвіваецца вакол тваёй шыі, ужо запозна крычаць…»

Інсталяцыі Уладзіслава Бохана «Пазаўчассе» і «Урачыстае адкрыццё» і графіка Сяргея Раманава

Інсталяцыя Уладзіслава Бохана «Пазаўчассе» — гадзіннік з цаглінай, прывязанай да стрэлак. На цыферблаце гадзінніка — кавалкі лістоў з-за кратаў, якія прысылае брат мастака, палітвязень Дзяніс Болтуць. Яго затрымалі 25 верасня 2020 г.

Малюнак Сяргея Раманава і фрагмент інсталяцыі Уладзіслава Бохана «Пазаўчассе»

Палітвязень Сяргей Раманаў — мастак з Гомеля. Асуджаны па справе «анархістаў-партызанаў» за атакі на карныя ўстановы да 20 гадоў і 11 месяцаў зняволення. Сяргея затрымалі 29 кастрычніка 2020 г. З турмы ён высылае свае малюнкі, якія робіць падручнымі сродкамі. Іх фотакопіі і экспанаваліся на выставе ў Варшаве.

Інсталяцыя з маляванкай Алены Бярэзінай

На выставе была прадстаўлена таксама інсталяцыя з маляванкай Алены Бярэзінай. Алены Бярэзіна — постфольк-мастачка з Гомеля. Цяпер жыве ва Уроцлаве. У 2020 г. стварала плакаты з матывамі беларускай маляванкі. Больш яе прац мы публікавалі ў рэпартажы з выставы «Водар волі» ў Беларускім моладзевым хабе, вакол якога нядаўна разгарэўся канфлікт.

Надзея Наўроцкая — мастачка, псіхолаг і даследчыца змяненняў асобы ва ўмовах дыктатуры і аўтакратычнай сістэмы. Заснавальніца і куратарка галерэі сацыяльнага мастацтва ў Пізе.

Аліна Коўшык на фоне карцін Уладзіслава Бохана

Выставу наведала прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык і падзялілася ўражаннямі:

«Нельга сказаць, што гэта выстава можа спадабацца, але яна дазваляе задумацца над існасцю таго, што адбываецца ў нашай краіне амаль трыццаты год, а то і болей, калі мы зазірнем глыбей у камунізм. Асэнсаванне мастаком гэтых падзей вельмі ўражвае.

Выстава сапраўды вельмі цікавая. Яна паказвае розныя абліччы таталітарызму, культу асобы, аўтакратыі, абсурду таго, што адбываецца ў нашай краіне. Мне падаецца, гэта зараз тое, чаго не хапае. Калі Беларусь сыходзіць з павесткі, усім падаецца, што ў нашай краіне змаганне спынілася. Яно не спынілася. І дзякуючы такім людзям, як Уладзіслаў, мы можам аб гэтым пракрычаць на ўвесь свет».

Крысціна Шыянок на фоне карціны Надзеі Наўроцкай

Крысціна Шыянок, былая прадстаўніца беларускай нацыянальнай меншасці ў Чэхіі, таксама падзялілася ўражаннямі:

«Сёння такая вялізная плынь беларускіх навінаў, якія нас знішчаюць псіхалагічна, што часта псіхіка проста для таго, каб абараніцца, перастае ўспрымаць. Мы перастаем, напрыклад, за лічбамі палітвязняў бачыць людзей, бо гэтыя лічбы проста не ўскладаюцца ў галаву. І на навіны перастаеш рэагаваць так, як ты рэагаваў, калі гэта ўсё пачыналася. І вось такія выставы нейкім чынам дакранаюцца да іншых частак псіхікі і зноў дапамагаюць табе адчуць сябе жывой, з эмоцыямі, бо па чытанні СМІ я часцей пачуваюся робатам. А тут ты можаш праз мастацкія вобразы зноў адчуць некаторыя рэчы.

Мяне закранулі не столькі карціны на тэматыку, якая прысвечана Беларусі як вязніцы, але вазы. Жоўтыя мінскія вазы. Я жыву ў Чэхіі з 2009 г., але калі страчваеш магчымасць прыехаць, усё бачыцца па-іншаму. Раптам бачыш вазы — і цябе працінае проста. Кавалак таго, што ў цябе забралі».

Фрагмент інсталяцыі з маляванкай Алены Бярэзінай

Усе карціны, якія экспанаваліся на выставе, можна набыць, звязаўшыся з аўтарамі, якія знаходзяцца на волі, праз сацсеткі.

Алена Ляшкевіч, budzma.org,
фота аўтаркі