Топ-7 лепшай літаратуры пра Каляды. Новае відэа ад Андрэя Хадановіча

У Калядную ноч прынята загадваць жаданні. У беларусаў іх будзе два: свабода і перамога святла над цемрай.

У чарговым выпуску на сваім Youtube-канале паэт, перакладчык, знаўца літаратуры Андрэй Хадановіч расказвае пра Каляды ў сусветнай і беларускай літаратуры.

1.Эрнст Гофман. «Шчаўкунок»

Гэта кніга пра неабходнасць выйсці з адной эпохі, якую Гофман недалюблівае, і крочыць у іншую. З эпохі матэрыялістычнага скепсісу ў свет рамантызму, энтузіязму, у свет містыкі і веры ў цуд, але найперш у свет разумення, што вера, надзея і любоў мацнейшыя за халодныя веды.

2. Чарльз Дыкенс «Калядны харал»

Дыкенс піша твор у адказ на замову. Яго сябра просіць напісаць трактат, які дапамог бы бедным, трактат, які б дапамог скараціць працоўны дзень. Дыкенс бярэцца за гэта, а потым прапанаваў лепшае — не сухі трактат, а мастацкі твор, які будзе ў сотні разоў мацней, чым проста добры трактат пра добрыя рэчы. Чарльз Дыкенс стрымаў сваё слова.

3. О. Генры «Дары мудрацоў»

Прачытайце ці перачытайце апавяданне і адкажыце на пытанне: героі — гэта бязглуздыя дзеткі, якія зрабілі глупства, ці можа быць зрабілі наймудрэйшы ўчынак у сваім жыцці?

4.Вольга Такарчук «Прафесар Эндрус у Варшаве»

Кніга пра Захад і Усход. Пра тых на Захадзе, якія і блізка не разумеюць нашы праблемы, пакуль не сутыкнуцца з імі. А таксама пра тое, як мала разумеюць нашы ўсходнія суседзі нашу гісторыю.

5. Джанэт Уінтэрсан «Леў, аднарог і я» і іншыя

Гэта калядная гісторыя таго, хто павінен дапамагчы немаўляці Хрысту ўратавацца. На гэту ролю прэтэндуюць геральдычныя англійскія жывёлы леў і аднарог, але ўсё дастаецца сціпламу восліку, бо ён здольны на вернасць і трываласць.

6.Сяргій Жадан «Merry Christmas, Jesus Christ, альбо Вясёлага Раства, Ісусе»

Аўтар спрабуе зняць гэты пыл са старажытнага сюжэта. З іншага боку твор адгукаецца сёння падвоена, таму што ўвесь наш рэгіён, і Украіна найперш, сама ўвайшла ў той стан, які, як бы з дыстанцыі гледзячы, апісвае Жадан.

7. Антон Францішак Брыль «Мышыныя Каляды»

Пісьменнік з аднаго боку рэабілітуе мышэй, якіх Гофман паказвае цёмным войскам, а з другога боку ажыўляе старажытны беларускі народны тэатр.

budzma.org