У Літве будзе беларуская бібліятэка. Названыя пераможцы праекта «Новай Беларусі»

Сталі вядомыя пераможцы пілотнага праекта «Новай Беларусі», дзе беларусы вырашалі, на што выдаткоўваць свае падаткі.

Пілотны праект «Новай Беларусі» па лічбавым самакіраванні доўжыўся некалькі месяцаў і, нарэшце, вызначыліся яго пераможцы. 

Гэта быў эксперымент не толькі для яго ўдзельнікаў і ўдзельніц, але і для каманды «Новай Беларусі». Расказваем, як гэта было і што арганізатары зразумелі ў выніку.

Якія ідэі перамаглі?

У траўні беларусы, якія плацяць падаткі ў Польшчы і Літве, маглі накіраваць адсотак на дабрачыннасць у фонды-партнёры «Новай Беларусі» («Тутака», Littouwin Lions Club і Fanimani), каб потым самастойна вырашыць, якую праблему беларускай супольнасці вырашыць на гэтыя грошы. Падчас пілота яго ўдзельнікі прапаноўвалі ідэі праектаў, галасавалі падабайкамі за тыя, якія палічылі вартымі, і разам дапрацоўвалі ідэі з дапамогай каментароў і анлайн-сустрэч. 

У выніку перамаглі наступныя ідэі:

Польшча: Англамоўны партал па гісторыі Беларусі 

Варта стварыць англамоўны партал, дзе будзе расказвацца пра гісторыю Беларусі так, як бачаць яе беларусы. «Мэта праекта — вярнуць Беларусь на гістарычныя мапы Еўропы, данесці наш погляд на гісторыю да ўсяго свету, падкрэсліць унікальныя асобы і падзеі, з’яўленне якіх немагчыма патлумачыць па-за кантэкстам Беларусі», — тлумачыць аўтар ідэі.

Літва: Беларуская бібліятэка

Стварыць у Літве беларускую бібліятэку з сучаснай беларускай літаратурай для дзяцей і дарослых. «На базе бібліятэкі можна будзе арганізаваць іншыя актыўнасці: чытальны клуб беларускай літаратуры, запрашаць пісьменнікаў», — прапануе аўтар ідэі.

Нешта пайшло не па плане, але насамрэч такі і быў план!

Гэты праект пілотны, то-бок тэставы, эксперыментальны. Эксперымент быў у тым, што не каманда «Новай Беларусі» вырашала, як пойдзе праект, а яго ўдзельнікі і ўдзельніцы. 

«Безумоўна, у нас быў план, але мы былі гатовыя яго змяняць у залежнасці ад жаданняў і дзеянняў удзельнікаў і ўдзельніц. І на працягу гэтых двух месяцаў мы насамрэч яго не раз змянялі. Гэта было стрэсова для нас, але ў тым і ёсць сутнасць пілоту: мы прапанавалі людзям план і інструменты, акрэслілі заканадаўчыя межы, а яны самі вырашылі, што ім патрэбна і як скарыстацца гэтымі магчымасцямі», — тлумачыць Павел Лібер.

Самая маштабная змена ў праекце — бо так вырашылі ўдзельнікі і ўдзельніцы, — гэта адмена апошняга этапу — фінальнага галасавання. 

Палітычная каманда «Новай Беларусі» распрацавала цікавую і складаную сістэму, як конкурс мае адбыцца, каб усё прайшло максімальна дэмакратычна і празрыста. Але фінальнае галасаванне не спатрэбілася, таму што пераможцы вызначыліся па выніках папярэдніх этапаў: у іх проста не засталося канкурэнтаў.

Пасля непрацяглых унутраных дэбатаў каманда «Новай Беларусі» пагадзілася, што так таму і быць. Бо ў гэтым і ёсць сутнасць дэмакратыі: даваць грамадству магчымасці і акрэсліваць шырокія межы дазволенага, а яно ўжо само будзе вырашаць, як дзейнічаць у гэтых межах і карыстацца магчымасцямі. 

Арганізатары вучыліся даваць і карыстацца свабодай разам з усімі ўдзельнікамі і ўдзельніцамі праекта.

Што зразумелі пра беларусаў і беларусак?

Беларусам у эміграцыі не ўсё адно на нацыянальныя праблемы. Агулам удзельнікі і ўдзельніцы прапанавалі 24 ідэі: кожная з іх была канструктыўная і накіраваная на вырашэнне пэўнай беларускай праблемы ў эміграцыі.

Беларусам цікава ствараць разам. У сярэдзіне праекта мы прапанавалі сустрэцца з іншымі ўдзельнікамі і ўдзельніцамі анлайн у перагаворных пакоях, каб разам дапрацаваць ідэі. І гэтыя сустрэчы сталі папулярнымі.

«Я не чакаў, што столькі людзей прыйдзе і выкажа столькі ідэй, як палепшыць праект. Дзякуй, вы мяне натхнілі», — так сказаў у канцы адной з сустрэч аўтар ідэі.

Беларусы здольныя вырашаць самастойна. Дайце беларускай супольнасці пляцоўку, неабходныя інструменты і экспертную падтрымку — і ўсё астатняе яны зробяць самі.

Нам усім яшчэ трэба вучыцца дамаўляцца. Каманда «Новай Беларусі» адзначае, што яны і самі не раз паспрачаліся за гэтыя два месяцы. Так, падчас першай праверкі прапанаваных ідэй каманда выдаліла некаторыя з іх, а потым яшчэ раз усё абмеркавала — і вырашыла іх вярнуць ды папрасіла прабачэння ў аўтараў.

Такім чынам, беларусы і беларускі вырашылі, якія ідэі будуць рэалізаваныя на агульна сабраныя грошы. 

Каманда «Новай Беларусі» лічыць гэты этап паспяховым. Удзельнікі і ўдзельніцы праекта патрэніраваліся самастойна прымаць рашэнні, браць на сябе адказнасць, прыслухоўвацца адно да аднаго і дамаўляцца. Яны адчулі, што іх голас мае значэнне і можа вырашаць. І нагадалі адно аднаму пра моц беларускай супольнасці.

Што будзе далей

Агулам у пілотны праект па лічбавым самакіраванні праз падаткі і ўнёскі пералічана 13004.6 еўра ў Літве і мінімум 8010 еўра ў Польшчы (дакладная сума будзе вядомая пазней).

Пераможцы маюць ажыццявіць свае ідэі цягам 1 года і зрабіць справаздачу. 

Каманда «Новай Беларусі» прапануе аўтарам ідэй сваю экспертную дапамогу на ўсіх этапах рэалізацыі праекта. А ўсе ахвочыя змогуць назіраць за яго рэалізацыяй праз суполкі.

А ўсім беларусам і беларускам, якія жывуць у эміграцыі і ў наступным годзе хочуць ажыццявіць такі праект у сваёй краіне, каманда «Новай Беларусі» прапануе напісаць пра гэта на support@newbelarus.com.

Спампаваць аплікацыю можна па спасылцы

novychas.online