Нядзеля 27 жніўня выдалася адметнаю для беларускай грамады ў Нью-Ёрку. У гэты дзень адбыліся дзьве падзеі, арганізаваныя Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньнем (БАЗА) у будынку Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага на 401 Атлантык Авэню.
А 12 гадзіне пасьля Багаслужбы ў царкве грамадзкая заля напоўнілася людзьмі. Штогод беларусы Нью-Ёрку адзначаюць напрыканцы жніўня Дзень аднаўленьня незалежнасьці Беларусі, якое адбылося ў 1991 годзе. Імпрэза была адчынена сумесным сьпевам нашага незалежнага дзяржаўнага гімна “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.
Далей слова ўзяла сп. Натальля Федарэнка – старшыня Галоўнай управы БАЗА. Яна павіншавала прысутных са Сьвятам і запрасіла вярнуцца ў мінулае, каб згадаць тыя гістарычныя падзеі. У залі былі старэйшыя людзі, якія ці самі былі ўдзельнікамі ці памятаюць той час. А для маладзейшага пакаленьня пра падзеі ў Менску 25 жніўня 1991 году дэталёва распавёў у сваім рэфэраце сп. Міхал Чаропка – намесьнік старшыні Управы Нью-Ёркскага аддзелу БАЗА. Свой аповяд ён завяршыў паказам дакумэнтальнага фільму, у якім можна было пабачыць непасрэдных удзельнікаў той палітычнай дзеі, чыімі намаганьнямі тады ўдалося юрыдычна замацаваць права нашага народу на сваю дзяржаўную незалежнасьць.
Далей прамаўляў прадстаўнік старэйшага пакаленьня беларускай эміграцыі сп. Расьціслаў Гарошка – старшыня Парафіяльнай рады Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага. Ён падкрэсьліў вялікую гістарычную значнасьць таго, што Беларусь аднавіла сваю дзяржаўную незалежнасьць. Сп. Расьціслаў згадаў, што паваенная эміграцыя, да якой належыць і ён сам, доўгія гады марыла пра гэта і рабіла шмат намаганьняў, каб захаваць на чужыне ідэю незалежнасьці і гістарычныя дзяржаўныя сымбалі – герб “Пагоню” і бел-чырвона-белы сьцяг, які і сёньня лунае на нашым будынку, а тут у зале мы бачым і наш герб
Сп. Ганна Сурмач зьвярнула ўвагу на тое, як і сёлета годна сьвяткавала аднаўленьне незалежнасьці суседняя Україна, іх сьвята было на дзень раней ад нашага. Там вайна, там гора і сьлёзы, але пра сваё галоўнае сьвята украінскі народ не забыўся. А як на нашай Бацькаўшчыне? Дыктатар, які прыйшоў да ўлады менавіта дзякуючы здабытай беларусамі незалежнасьці, нават не ўзгадаў у гэтыя дні пра значнасьць падзеяў 1991 году. А тым часам, Украіну павіншаваў. Лукашэнка не толькі не лічыць гэта сьвятам, але робіць ўсё, каб зьнішчыць здабытую намі незалежнасьць. Свабода тады не звалілася нам з неба, а стала рэальнасьцю дзякуючы многім пакаленьням беларусаў, якія ў розных неспрыячльных гістарычных абставінах захоўвалі сваё неадольнае імкненьне да волі і змагаліся за яе.
Ідэю дзяржаўнай незалежнасьці і яе рэалізацыю ў 1991 годзе захоўвалі і дасягнулі не толькі беларусы на Бацькаўшчыне, але і беларуская эміграцыя ў замежжы. Складаны гістарычны шлях Беларусі стаўся прычынаю таго, што мільёны нашых суродзічаў мусілі пакінуць Радзіму. Але, вельмі многія з іх не страцілі сувязі са сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьцю і актыўна працавалі дзеля беларускай справы. Асабліва важкі ўклад у разьвіцьцё беларушчыны зрабіла беларуская дыяспара ў Злучаных Штатах. Таму працягам нядзельнага сьвяткаваньня сталася другая частка імпрэзы, якая была прысьвечаная 70-гадоваму юбілею адной з самых вядомых і пасьпяховых беларускіх арганізацый у Амэрыцы – Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва (далей-БІНіМ).
БІНіМ — грамадзкая навукова-культурная арганізацыя беларускай эміграцыі ў ЗША. Быў фармальна заснаваны 16 сьнежня 1951 году, зарэгістраваны 15 жніўня 1953 году як арганізацыя з галоўным офісам у Нью-Ёрку з правам дзейнасьці на ўсёй тэрыторыі ЗША. Пазьней БІНІМ займеў свае філіялы ў Нямеччыне (Мюнхен, з 1955 году) і ў Канадзе (Таронта, з 1967 году). На сёньня БІНІМ існуе толькі ў Канадзе.
БІНІМ стаўся самай галоўнай навукова-дасьледчай арганізацыяй ў беларускім замежжы ў галіне гуманітарнай навукі і культуры.
Першым кіраўніком БІНІМ быў Уладзімір Тамашчык, наступным Янка Ліманоўскі, далей цягам 30 гадоў гэтую пасаду займаў Вітаўт Тумаш, а з 1982 году па 2022 год – Вітаўт Кіпель. Пасьля адыходу ў вечнасьць сп. Вітаўта кіраўніком абраны ягоны сын Юрка Кіпель.
Дасьледаваньні і інфармацыі публікаваліся на старонках друкаваных выданьняў БІНІМ. У 1953-1969 гадох выходзіў інфармацыйны часопіс “Абежнік”, у 1954-1963 гадох – літаратурна –мастацкі часопіс “Конадні”.
Але, найбольш вядомым друкаваным выданьнем стаўся зборнік “Запісы БІНІМ”, якія пачалі выходзіць ў 1952 годзе ў Нью-Ёрку, у перыяд з 1952 па 1954 год выйшлі першыя 6 нумароў. Наступныя кнігі выдаваліся ў Мюнхене, дзе да 1970 году было выдыдзена 5 нумароў. З 1974 году па 1999 год зборнік ізноў выдаваўся ў Нью-Ёрку, выйшла 12 тамоў. Пасля часовага перапынку выданьне «Запісаў» аднавілася ў 2002 годзе як супольны нью-ёркска-менскі праект. У цяперашняй сытуацыі выданьне “Зборніка”, як выглядае, ізноў перанясецца ў Амэрыку. На сёньня ўсяго выйшла ў сьвет 42 тамы “Запісаў БІНІМ”.
БІНІМ таксама выдаваў асобныя зборнікі, прысьвечаныя творчасьці літаратараў і навукоўцаў беларукага замежжа, а таксама дасьледчыя працы асобных навукоўцаў, успаміны вядомых дзеячаў, асаблівую каштоўнасьць уяўляюць выдадзеныя публікацыі Вітаўта і Зоры Кіпеляў пра беларускія выданьні і перыёдыку ў замежжы,пра гісторыю беларускай дзяржаўнасьці, кнігі сп. Вітаўта пра гісторыю беларускай эміграцыі ў ЗША, беларуска-ангельскі слоўнік і іншыя.
Амаль усе гэтыя выданьні былі прадстаўленыя на выставе, якая дэманстравалася ў залі і якую падрыхтавала бібліятэка Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага.
Напачатку ўзяла слова Ганна Сурмач, якая займалася дасьледаваньнем гісторы беларукай эміграцыі і чые кнігі таксама былі выдадзены пры дапамоз БІНІМ. Яна зрабіла кароткі ўступ пра гісторыю ўтварэньня БІНІМ і прадставіла ганаровых гасьцей імпрэзы – дырэктара Інстытута сп. Юрку Кіпеля, сп. Лявона Юрэвіча, сп. Галіну Тумаш.
Сп. Юрка Кіпель, якога першым запрасілі да размовы, згадаў пра тое, якую працу ўкладалі ягоныя бацькі Вітаўт і Зора ў дзейнасьць Інстытуту. Ён таксама сказаў, што будзе працягваць гэтую важную працу, каб і надалей БІНІМ мог існаваць і прыносіць карысьць беларускай справе.
Сп. Лявон Юрэвіч працягнуў размову аб перспектывах дзейнасьці Інстытута, пра пляны на бліжэйшую будучыню. Паведаміў, што зараз рыхтуецца да друку наступны 43 нумар “Запісаў БІНІМ”, пра выданьне ”Беларускія могілкі ў сьвеце” і інш творчыя задумы. Сп. Юрэвіч працуе ў знакамітай Нью-ёрскай публічнай бібліятэцы, там ён працягвае справу Зоры І Вітаўта Кіпеляў, якія працавалі ў гэтай бібліятэцы доўгія гады і сабралі там адмысловы збор беларускіх выданьняў. Шмат гадоў сп. Лявон супрацоўнічае з БІНІМам, зьяўляецца аўтарам шматлікіх публікацый на старонках “Запісаў БІНІМ” і аўтарам асобных кнігаў, некаторыя з якіх таксма выдаваліся з дапамогаю БІНІМ.
Адным з галоўных спонсараў друкаваных выданьняў БІНІМ была і застаецца Беларуская Фундацыя імя Крэчэўскага, якая таксама дзейнічае ў Нью-Ёрку і захоўвае беларускія кнігі і архівы. На сёньня Фундацыю ўзначальвае сп. Галіна Тумаш, якая ёсьць дачкою шматгадовага былога кіраўніка БІНІМ сп. Вітаўта Тумаша. Сп. Галіна ўзяла слова і павіншавала БІНІМ са слаўным юбілеем, а таксама запэўніла прысутных, што Фундацыя і на далей па сваіх магчымасьцях будзе дапамагаць у выданьні публікацый БІНІМ.
На імпрэзе Нью-Ёрку быў прысутны адзін са старэйшых беларускіх дзеячаў, прадстаўнік паваеннай эміграцыі, сп. Анатоль Занкавіч. Незадоўга перад тым у гэтай жа залі адбывалася прэзентацыя ягонай кнігі ўспамінаў “Лёс беларуса: паміж Эўропай і Амэрыкай”, якая была выдадзена з дапамогаю БІНІМ. Пад час імпрэзы прысутныя мелі магчымасьць набыць гэтую цікавую кнігу, а таксама нядаўна перавыдадзеную ў Беластоку дзякуючы таму ж БІНІМу кнігу Ганны Сурмач “Беларускі Нью-Ёрк”.
На жаль, у сьвяткаваньні юбілею не магла ўзяць непасрэдны ўдзел сп. Натальля Гардзіенка, якая цяпер знаходзіцца ў Вільні, бо вымушаная была пакінуць Беларусь. Сп.Юрэвіч і сп. Гардзіенка сёньня зьяўляюцца галоўнымі творчымі асобамі ў складзе Інстытута. Менавіта на іх ляжыць увесь цяжар працы па падрыхтоўцы публікацый да друку ў зборніку “Запісы БІНІМ” і іншых выданьняў.
Сп. Натальля ведала пра гэтае сьвяткаваньне і даслала нам пісьмовае прывітаньне:
“Шаноўныя сябры!
Сёлета БІНіМ адзначае 70-я ўгодкі сваёй афіцыйнай гісторыі.
Як параўнаць 1953-ці й 2023-ці гады? Калі было болей небясьпекі для беларускай мовы й культуры? Ці верылі сябры-заснавальнікі, што іх словы пачуюць на Бацькаўшчыне, а працы прачытаюць і з часам перавыдадуць?
Тагачасная сытуацыя давала мала падставаў для такой веры…
Але, як кажа нашая прымаўка, паміраць зьбірайся — а жыта сей! От толькі мы паміраць не зьбіраемся, а сеяць будзем. Новыя сябры Інстытуту з новым старшынём працягваюць традыцыі пачынальнікаў БІНіМу ў справе захаваньня й пашырэньня набыткаў беларускае эміграцыі, якое цяпер, зь ведамых прычынаў, значна пабольшала.
Павелічэньне эміграцыі — заўсёды маларадасны факт для краіны, але сёньня гэта значыць, што нас у вольным сьвеце паболела, дык таму й можам мы болей.
А як можам — дык і робім. Плянаў — багата, працы — поўна.
У “Запісах БІНіМу” ў 2024 годзе мы плянуем зрабіць тэмаю нумару сучасныя
беларускія асяродкі ў замежжы. Дык запрашаем усіх ахвотных да супрацы!
Далучайцеся! Тэксты можна дасылаць на zapisybinim@gmail.com
Натальля Гардзіенка”
У залі былі прысутныя нашы суродзічы, якія належаць да беларускай грамады пры Царкве Сьв.Кірылы Тураўскага ў Квінсе. Ад іх прамаўляў а. Васіль, які служыць у гэтай царкве. Ён таксама павіншаваў БІНІМ з юбілеем. А потым засяродзіўся на сёньняшняй трывожнай сытуацыі ў Беларусі і ва Украіне, гаварыў пра ўзаемасувязь таго, што зараз адбываецца ў абедзвюх суседніх краінах. А. Васіль сам украінец і таму прысутныя віталі яго воклічам “Слава Украіне”, а ён у сваю чаргу адказаў “Героям слава” і “Жыве Беларусь!”.
На завяршэньне імпрэзы вядоўца Ганна Сурмач згадала аптымістычныя словы аднаго з аўтараў публікацый у апошнім 42 нумары “Запісаў БІНІМ”:
“Жылі, жывем і жыць будзем!
Нішто нам у тым не перашкодзіць!”
Ганна Сурмач, bielarus.info,
фота Аксаны Пятрашкі, Надзеі Шыкаловіч