Дакументальны фільм беларускіх рэжысёраў вылучаны на прэмію Еўрапейскай кінаакадэміі

Стужка «Радзіма» Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзяка трапіла ў лонг-ліст прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі. Гэта прэстыжная кінематаграфічная ўзнагарода, якую яшчэ часта называюць «еўрапейскім Оскарам». У розныя гады яго атрымлівалі Кшыштаф Кіслёўскі, Пэдра Альмадовар і Міхаэль Ханэке.

Фільм беларускіх рэжысёраў будзе змагацца за ўзнагароду ў секцыі дакументальнага кіно. «Радзіма» («Motherland») — у ліку 14 намінантаў. Шорт-ліст канкурсантаў, якія працягваюць дасылаць свае заяўкі, апублікуюць 7 лістапада.

Кадр з фільма «Радзіма». Фота: krakowfilmfestival

Фільм Ганны Бадзяка і Аляксандра Міхалковіча даследуе гвалт у войску і грамадстве. У кіно распавядаецца пра маці, якая страціла сына, калі ён служыў у войску. Яшчэ адна сюжэтная лінія — гэта падзеі 2020 года.

«Беларускія рэжысёры Ганна Бадзяка і Аляксандр Міхалковіч стварылі маштабны фільм, які выходзіць далёка за межы краіны і аналізуе постсавецкі стан з пункту гледжання, які рэдка можна ўбачыць: з пункту гледжання моладзі. Дзякуючы выдатнай аператарскай працы і глыбокаму веданню культуры, „Радзіма“ — адзін з тых рэдкіх фільмаў, якім удаецца захаваць вырашальны момант у гісторыі, пакуль яна яшчэ разгортваецца», — можна прачытаць у апісанні да стужкі.

Беларускія рэжысёры Аляксандр Міхалковіч і Ганна Бадзяка атрымліваюць галоўны прыз кінафестывалю CPH:DOX за сваю стужку «Радзіма». Капенгаген, 24 сакавіка 2023 года. Фота: aol.com

Адзначым, што фільм «Радзіма» — гэта вынік капрадукцыі Украіны, Швецыі і Нарвегіі. Стужка ўжо атрымала FIPRESCI на 23-м Міжнародным фестывалі кіно Цэнтральнай і Усходняй Еўропы goEast у Вісбадэне і галоўны прыз на Капенгагенскім міжнародным фестывалі дакументальнага кіно CPH:DOX.

Цырымонія ўручэння прэміі Еўрапейскай кінапрэміі адбудзецца ў Берліне 9 снежня 2023 года.

budzma.org