85 гадоў таму, 11 верасня 1938 года свае дзверы для наведвальнікаў адчыніў Дом-музей Адама Міцкевіча ў Наваградку. Здавалася, у падзеі нічога надзвычайна, усё сваім парадкам. Але справа стварэння і адкрыцця музея агорнута таямніцамі і зацягнулася амаль на два дзесяцігоддзі…
У міжваеннай Польшчы вакол Адама Міцкевіча сфармаваўся сапраўдны культ, без перабольшання. Прарок, светач, геній… Якімі тытуламі і званнямі толькі не ўзвялічвалі асобу Міцкевіча. У гэтым няма нічога заганнага, мець нацыянальных герояў — натуральная справа для любой краіны. І ў гэтым рэчышчы цалкам натуральным падаваўся б клопат дзяржавы аб месцах, звязаных з жыццём героя. Але ж тут тэорыя разыходзіцца з практыкай.
Канешне, Адама Міцкевіча ў Наваградку шанавалі, а вось да месцаў, звязаных з ім, стаўленне было дзіўным. Дзіва! У горадзе быў дом сям’і Міцкевічаў, але там доўгія гады жылі іншыя асобы, не было мемарыяльнага месца. Так званы «Міцкевічаў двор» доўгі час належаў прыватным асобам, і толькі дзякуючы ініцыятыве мясцовай інтэлігенцыі, дзякуючы намаганням актывістаў, там з’явіўся музей. І тое толькі ў 1938-м годзе!
Сёння музей Міцкевіча дзейнічае, дзейнічаў ён і ў савецкі час. Але вось гісторыя музея ў 1930-я застаецца мала вядомай: у афіцыйных даведніках яна змяшчаецца ў абзац-другі тэксту. Маўляў, адкрыты 11 верасня, дзякуючы намаганням Камітэта па ўшанаванні памяці Адама Міцкевіча. 85-я ўгодкі адкрыцця музея — добрая нагода праліць святло на першыя старонкі яго, як аказваецца, таямнічай гісторыі.
«Очистить от проживающей публики»: перадгісторыя музея
А папярэднічала адкрыццю музея ў 1938 годзе доўгая гісторыя, якую суправаджалі розныя праблемы і перыпетыі. Тут усё сплялося ў адзін клубок, дзе кожная нітачка — паасобная гісторыя.
Першыя рэальныя крокі зрабіць музей Міцкевіча ў Наваградку былі зробленыя яшчэ ў 1920 годзе. І што цікава, у той кароткі час, калі ў горадзе была ўстаноўленая савецкая ўлада. 16 верасня 1920 году Рэвалюцыйны камітэт Наваградскага павету выдаў Загад аб стварэнні музею ці бібліятэкі імя Адама Міцкевіча ў доме, дзе той нібыта жыў. У тым загадзе, у прыватнасці гаворыцца, што «дом… очистить от проживающей в нём публики». Што праўда, ні музея, ні бібліятэкі не з’явілася, публіка не вычысцілася… Праз 2 тыдні Польскае войска заняло Наваградак, улада змянілася.
Канешне, польскі ўрад быў не супраць памяці па Міцкевічы, але на шляху стварэння музея ўзніклі праблемы. Бадай, самая галоўная — згаданая публіка, ад якой саветы хацелі ачысціць дом. Калі без іроніі, то будынак быў прыватным, і проста так польскія ўлады, у адрозненне ад бальшавікоў, не маглі яго забраць і зрабіць там музей, хоць бы і ў гонар вялікага Міцкевіча. Павага да прыватнай уласнасці ў Польшчы была на парадак вышэйшая, чым у бальшавікоў. Дом трэба было выкупіць.
І тут нітачкі пачынаюць заплятацца ў клубок… Дом, уласнікі, грошы, камітэт. За 18 гадоў усё добра так знітавалася.
Чый дом?
Пытанне, падаецца, дзіўнае. Міцкевіча ж! Але ж… Калі хто дзе скажа, што сцены таго дому, які мы цяпер бачым у Наваградку, сапраўды памятаюць Адама Міцкевіча, то гэта будзе вялікай хлуснёй. «Гісторыя мілай белай сядзібы сумная, а па сваім смутку яна падобная да лёсу і жыцця самаго Прарока» — так пра дом Міцкевіча пісала прэса ў 1935-м. У чым жа сум?
Дом у Наваградку пабудаваў яшчэ бацька Адама Міцкевіча ў 1800-х. Пасля смерці Мікалая Міцкевіча ў 1812 годзе сям’я Міцкевічаў перайшла жыць у флігель на пляцы, а пасля смерці маці 9 кастрычніка 1820 году гаспадаром дому стаў старэйшы з чатырох братоў Міцкевічаў — Францішак. Іншых раскідала па свеце: Адама выслалі ў Расію, Аляксандр меў юрыдычную практыку ў Кіеве, самы малодшы Юры Міцкевіч працаваў лекарам на Валыні. У 1833 годзе ў Францішка Міцкевіча адабралі дом за ўдзел у лістападаўскім паўстанні. А потым быў пажар… У 1863 годзе згарэў драўляны флігель, а ў 1881 годзе згарэў і дом.
Дом аднавілі, але ён аказаўся ва ўладанні зусім іншых асоб. Хто аднаўляў, той яго і займеў. У 1935-м газеты пісалі: «Так сталася, што гэта святое для кожнага месца, гэтая нацыянальная рэліквія, дзе Прарок наведваў маці, прыязджаючы на канікулы, і дзе правёў першыя гады свайго юнацтва, дзе напісаў свае першыя вершы і сядзеў у мроях ля яра побач з сядзібным домам, цяпер з’яўляецца прадметам нажывы і гандлю, дзе жывуць чужынцы».
Па выніку, у 1930-я дом належаў Тадэвушу Дамброўскаму. Да яго звярнулася ініцыятыўная група камітэту ўшанавання памяці Адама Міцкевіча з просьбаю прадаць гэты дом. Дамброўскі быў зусім не супраць, але была акалічнасць: ён заключыў дамову з пані Вярбоўскай, якая трымала дом у арэндзе. Дамброўскі не мог прадаць дом, пакуль не скончыцца тэрмін дамовы, а пані Вярбоўская не спяшалася з’язджаць.
Трэба было чакаць. І збіраць грошы…
Краўдфандзінг узору 1930-х
Выкупіць дом у цэнтры гораду — справа не з танных. Трэба было сабраць вялікія грошы. І камітэт праз прэсу пачынае збор. Сёння гэта б назвалі краўдфандзінг, а тады казалі, што камітэт ласкава выказвае просьбу падтрымаць намеры.
Канешне, планы пакупак у Камітэта былі грандыёзныя. Але ж, на вялікія мэты прыходзяць вялікія грошы. Газеты пісалі, што самая галоўная задача Камітэта — выкупіць з прыватных рук дом Міцкевіча ў Наваградку, які з’яўляецца самым прыдатным месцам для музея і бібліятэкі, а таксама, ні больш ні менш, выкуп з прыватных рук возера Свіцязь з мэтай стварыць там запаведнік, а таксама — выкуп прыватнай зямлі вакол Кургана Міцкевіча на малым замку ў Наваградку.
Каб падтрымаць Камітэт, трэба было стаць яго чальцом і заплаціць унёскі. Далучыцца да арганізацыі мог кожны, тым больш, што гэтыя ўнёскі былі хутчэй сімвалічнымі: 50 грошаў штомесяц і 1 злоты аднаразова як плата за ўступленне. Камітэт пісаў: «Мы не просім міласціны. Гэта была б абраза вялікай памяці Адама. Унёсак, які кожны з нас будзе рабіць у памеры палова злотага ў месяц, мы лічым сапраўдным пагашэннем доўгу, які кожны з нас меў перад Прарокам».
Але адным парывам сэрца ў справе вяртання доўгу Адаму Міцкевічу грошы на пакупку яго дома не назбіраліся. Камітэт пачыне выдаваць і прадаваць кнігі. Гэта быў праект выдання танных кніг з творамі Міцкевіча для самага шырокага іх распаўсюджання па магчымым нізкім кошце. І ў гэтай справе камітэт падрыхтаваў шэраг самых розных выданняў. Выходзілі і распаўсюджваліся зборнікі паэзіі, «Пан Тадэвуш» у мяккай вокладцы, збор твораў у 5-ці тамах.
Кніжная справа мела поспех!
Працэс пайшоў
Пакуль Камітэт праз ахвяраванні і продаж кніг збіраў грошы на выкуп дому, 21 мая 1937 года Марыя Вярбоўская выехала з двара Міцкевічаў. Дом хутка выкупілі, Камітэт з энтузіязмам стаў дзейнічаць.
Але трэба прызнаць, што справа стварэння музея Міцкевіча рухалася і раней, наколькі гэта было магчыма. Яшчэ 28 чэрвеня 1931 году Камітэт на чале з Наваградскім ваяводам Зыгмунтам Бачковічам усталяваў на доме памятную дошку з надпісам па-польску: «Тут на заранку жыцця раскрыў крылы для паэтычнага ўзлёту Адам Міцкевіч». У 1936 годзе ў флігелі атрымалася размясціць экспазіцыю будучага музею.
У створаным музеі знаходзіліся памяткі пра Марылю Верашчака: старасвецкі куфар, акаваны масіўнымі абручамі, люстэрка, шаль і крыж, які вісеў у яе спальні, розныя фотаздымкі. У музеі былі судовыя акты бацькі і дзеда, напісаныя гусіным пяром, лісты Адама да сяброў і Марылі, некалькі кніжак з хатняй бібліятэкі ў Парыжы.
Адкрылі музей урачыста. Адбылося гэта ў рамках традыцыйных дзён Адама Міцкевіча, які праходзілі ў 1938-м годзе з 11 па 22 верасня. Першым дырэктарам стаў Уладзіслаў Ляруй. А вось пра яго хацелася б сказаць болей…
Загадкавы дырэктар Ляруй
Асаблівых звестак пра жыццё і лёс першага дырэктара музея Уладзіслава Ляруя — няма. Літаральна драбнюткія, але досыць красамоўныя факты. Не вядома, адкуль ён паходзіць, але ў 1930-я пан Ляруй займаў пасады ў Наваградку. Вядома, што ён быў рэферэнтам па турызме ва ўрадзе Наваградскага ваяводства. У Камітэце Міцкевіча Ляруй займаў пасаду сакратара, а пасля, як ужо вядома, быў дырэктарам музея.
Акрамя таго, Уладзіслаў Ляруй быў фактычна рухавіком турыстычнай справы ў Наваградскім ваяводстве. У 1935 годзе ў Наваградку выходзіў Інфармацыйна-турыстычны бюлетэнь «У Наваградскім краі». Непасрэдна за выдавецкую дзейнасць, з’яўляючыся рэдактарам бюлетэня, адказвала Алена Ляруй, яго жонка. Фактычна, гэта сям’я і выдавала бюлетэнь, уласна напаўняла яго кантэнтам і на іх плячах трымалася папулярызацыя Наваградскага краю на тагачасным турыстычным рынку. Іх пяру належыць большая частка матэрыялаў. У тым ліку, прысвечаных Адаму Міцкевічу.
То бок, атрымліваецца, Уладзіслаў Ляруй быў чалавекам актыўным, дзейсным польскім чыноўнікам, развіваў культуру… А тут 1939-ты год, верасень. Амаль усіх польскіх чыноўнікаў савецкая ўлада рэпрэсіравала. Але ж Уладзіслаў Ляруй не толькі пазбег арышту, але і застаўся на пасадзе дырэктара музея, а ў 1940 годзе на старонках «Полымя» апублікаваў вялікі матэрыял пра Міцкевіча і музей. Ведаючы лёс яго калег, яму сапраўды пашчасціла.
Дзе быў Ляруй падчас нацысцкай акупацыі — не вядома. Яго след пакажацца толькі ў пасляваенны час, што праўда, ужо ў Польшчы.
Тры гады… і дома Міцкевіча зноў няма
Калі можна так сказаць, з савецкай уладай пашчасціла не толькі дырэктару Лярую, але і самаму музею Міцкевіча. Як толькі ў Наваградак увайшлі жаўнеры Чырвонай Арміі, то завіталі ў музей. Ёсць звесткі (публікаваліся ў савецкай прэсе), што ў Кнізе водгукаў музея быў такі запіс з верасня 1939-га: «Палітрук і група байцоў схіляюць свае галовы, аддаючы належнае творцы «Пана Тадэвуша» і «Дзядоў»». Веры гэтаму мала, ведаючы савецкія смі, але ад Міцкевіча не адымецца, што палітрук і байцы яго нібыта ўшанавалі.
А ўжо 3 снежня 1940 году музей бярэцца пад ахову дзяржавы, у бюджэце 1941-га плануецца выдача сродкаў на рамонт, абсталяванне і афармленне ўстановы, маюцца задумкі адкрыць пры музеі і бібліятэку.
Прыязджаюць у Наваградак і зоркі з БССР — Янка Купала, Міхась Лынькоў дый іншыя. У 1940-м годзе ў СССР адзначалі 85-я ўгодкі з дня смерці Міцкевіча, была створаная юбілейная камісія. Канешне, на гэтай хвалі музей атрымліваў падтрымку: у Наваградак прысылалі кнігі Міцкевіча з розных бібліятэк і музеяў.
Але ж на чацвёрты дзень нападу Рэйха на СССР, 26 чэрвеня 1941 года, Дом-музей быў разбураны. Пасля вайны яго зноў аднавілі, але гэта ўжо іншыя старонкі гісторыі дома Адама Міцкевіча.