У панядзелак традыцыйны мітынг салідарнасці з Украінай, які праходзіць кожны тыдзень у Вільні, ператварыўся ў мітынг салідарнасці з Ізраілем. Выказаць словы падтрымкі і асудзіць агрэсію прыйшлі літоўскія дэпутаты на чале са спікерам парламента Вікторыяй Чмелітэ-Нільсан, кіраўнікі дыпламатычных місій, прадстаўнікі нацыянальных супольнасцей Літвы. Прынялі ўдзел у акцыі беларусы Літвы.
Аляксандр Царук:
— Я прыйшоў, каб падтрымаць народ Ізраіля ў іх барацьбе з тэрарыстамі ХАМАС. Я быў некаторы час ва Украіне, ваяваў супраць расійскай агрэсіі, і гэта такія ж тэрарысты, Расія як і ХАМАС. Тыя метады, які расіяне прымянілі ва Украіне – расстрэлы, захопы закладнікаў, узгадаем Бучу ці Ірпень – гэта жа сама паводзяць сябе тэрарысты зараз у Ізраілі.
Беларусы заўсёды на баку ахвяр агрэсіі. Калі на Украіну напалі расіяне, беларусы прыйшлі сюды і прыходзяць кожны панядзелак у знак салідарнасці з Украінай. Калі на Ізраіль напалі тэрарысты, мы таксама на баку ахвяр агрэсіі. Тое, што адбылося ў суботу, стала для мяне шокам. Таму што ўсе думалі, што ўжо супакоілася ўсё на Блізкім Усходзе. Гэта была спецыяльна задуманная аперацыя, магчыма, яна ўзгоднена з Расіяй і Іранам, каб адцягнуць увагу ад Украіны. Не выключаю такі варыянт.
Нікога знаёмага не было ў Ізраілі і на дадзены момант няма. Але мяне, як і шмат каго з беларусаў, абураюць тыя падзеі, якія адбываюцца, што ні з таго ні з сяго нападаюць на іншую краіну. І не глядзяць, дзе грамадзяне, а дзе вайскоўцы. Мы ведаем, што там праходзіў музычны фэст, на які моладзь з’ехалася з розных краін. Іх атакавалі, шмат каго забілі, ні за што. Мы тут, каб падтрымаць Ізраіль, які апынуўся ў такой сітуацыі. Спадзяемся, што Ізраіль знойдзе спосабы і ў хуткім часе возьме справы пад свой кантроль.
Мы тут, каб падтрымаць тых, хто падвергся неапраўданай агрэсіі. Каб выказаць спачуванні загінуўшым. Каб людзі бачылі, што беларусы супраць агрэсараў. Мы з народам Ізраіля. Я ўжо спісаўся са сваімі знаёмымі ў Ізраілі, мне сказалі, што ўсе пакуль жывыя і здаровы, так што я ўнутры спакойны.
Прадстаўнік Рады Вольнай Серабранкі ў Літве Юры Самко:
— Мы, міжнародная супольнасць «Вольнай Серабранкі» і іншыя дваравыя супольнасці Беларусі рашуча асуджаем тэрарыстычныя акты ХАМАС, здзейсненыя супраць мірнага насельніцтва Ізаіля. Нішто не можа быць апраўдана забойствам мірнага насельніцтва. Мы склалі адпаведны ліст і будзем перадаваць яго прадстаўнікам Ізраіля, якія прыйшлі сёння сюды. Гэта словы падтрымкі ад беларускай супольнасці. У ААН сёння было заяўлена, што грамадзянская супольнасць Беларусі знішчана, так не, не знішчана. Яна працуе, пакуль павольна, таму што складана, але згуртоўваецца і працуе.
Аляксандр Загорскі, прадстаўнік яўрэйскай абшчыны Літвы:
— У яўрэйскай абшчыне зараз усе вельмі моцна нервуюцца, перажываюць за блізкіх, сяброў і родных. За тых, хто зараз на вайне. Для нас гэта вялікія страты і надзея, што мір настане як мага хутчэй. Я адчуваю падтрымку: мне патэлефанавала вялікая колькасць людзей, пыталіся, як мае родныя. Тое, што адбылося ў суботу, стала для мяне вялікай нечаканасцю. Таму што мы прывыклі да таго, што там страляюць, кожныя паўгода там страляюць. Я ў суботу нават навіны не чытаў, але, калі адкрыў, то зразумеў, што на гэты раз сур’ёзна, што скрадаюць і забіваюць людзей. І адно пытанне: як можна дапамагчы тым, хто зараз у Ізраілі.