З нагоды дня нараджэння паэта вырашылі ўзгадаць трэкі, створаныя беларускімі музыкамі на словы вядомага творцы і песні, прысвечаныя асобе ды спадчыне Адама Міцкевіча.
1. Лявон Вольскі — «Сон»
У сваім праекце 2010 года «Белая Яблыня грому», створаным на вершы беларускіх паэтаў, Лявон Вольскі не абмінуў увагай і Адама Міцкевіча. Музыка выканаў песню на верш паэта «Сон» у перакладзе Язэпа Семяжона.
2. Гурт «Lutavierje» — «Litwa»
Фолк-метал гурт «Lutavierje» запісаў песню на словы з паэмы Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Паэт напісаў яе ў 1834 годзе ў Парыжы, дзе ён знаходзіўся ў эміграцыі і вельмі сумаваў па Радзіме. На музыку паклалі пераклады Пятро Бітэля і Язэпа Семяжона
3. Андрэй Мельнікаў — «Літва»
Песня беларускага барда Андрэя Мельнікава створана паводле словаў з паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш, або апошні наезд ў Літве». Музыка ў якасці тэксту ўзяў урывак з паэмы, перакладзены Наталляй Арсенневай.
4. Аляксей Жбанаў — «Хай радасць з вачэй нашых блісне!»
Беларускі аўтар-выканаўца з Мінска Аляксей Жбанаў выканаў «Песню філаматаў» на словы Адама Міцкевіча ў перакладзе Кастуся Цвіркі. Мяркуецца, што песня на словы Міцкевіча была негалосным гімнам філаматаў, сябры таварыства спявалі яе, бадай, пры кожнай сустрэчы. Цікава, што гімн выкананы на арыгінальную мелодыю, напісаную Антонам Сакульскім, якая захавалася да нашых дзён, дзякуйючы нотнаму сшытку жонкі Тамаша Зана Брыгіды Свентажэцкай. Яна запісала шэраг філамацкіх песень незадоўга да сваёй смерці ў 1855 годзе.
5. Гурт «Стары Ольса» — «Пан Тадэвуш»
Твор з альбому гурта «Verbum» 2002 года. У альбоме сабраныя ўрыўкі з шэдэўраў беларускай пісьмовасці пад гукі мелодыяў на даўно забытых інструментах, сярод якіх і урывак з паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», выкананы па-польску пад гукі колавай ліры.
6. Стэфан Вітас — «Ці ведаеш той край?», 1935 г.
Песня на словы Міцкевіча, музыка да яе напісаная Станіславам Манюшкам. Твор эпохі рамантызму, першапачаткова надрукаваны ў «Хатнім спеўніку», прызначаным для хатняга музыцыравання, выдадзеным у Вільні ў 1855 годзе. Лірычны суб’ект Міцкевіча, углядаючыся ў глыбіню кратэра Везувій, успамінае імгненні, пражытыя разам з каханай у чароўнай Італіі. У ХІХ стагоддзі у Расійскай Імперыі паэзія Міцкевіча, нават калі яна не закранала нацыянальна-вызваленчыя тэмы лічылася сімвалам усяго польскага. З гэтай прычыны ў «Спеўніку» тэкст быў надрукаваны не пад іменем аўтара.
7. Праект «Міцкевіч-Стасюк-Гайдамакі»
Польскі пісьменнік Анджэй Стасюк супольна з украінскім этна-рок гуртом «Гайдамакі» запісалі 10 кампазіцый, натхнёных творчасцю Адама Міцкевіча. Гэта 10 песень па матывах тэкстаў «Крымскіх санетаў», «Дзядоў», «Конрада Валенрода», «Рэдута Ардона» і цыкла «Лазанскай лірыкі». У праект таксама былі запрошаны тры артысты, якія па-свойму разам з Анджэем Стасюком інтэрпрэтавалі Міцкевіча. Гэта беларускі паэт, перакладчык і рэпер Віталь Рыжкоў, Мамаду Дыуф — нямецкі грамадскі дзеяч і музыка з польскім грамадзянствам, і Адэб Шамун — сірыйскі перкусіяніст і вакаліст, які жыве ў Польшчы. Пераклад Міцкевіча на беларускую мову зрабіў сучасны беларускі паэт Андрэй Хадановіч.
8.Алесь Дзянісаў — «Адам Міцкевіч»
Алесь Дзянісаў выдаў альбом «Кароткая Гісторыя Беларусі» на словы Алеся Чобата, дзе шэраг вершаў быў прысвечаны вядомым постацям беларускай гісторыі. Сярод іх і Адам Міцкевіч. Самы час узгадаць і гэты твор.
9. Тутэйшая Шляхта [TŠ] — Да Адама Міцкевіча
Гурт «Тутэйшая шляхта» запісаў музычны зварот да славутага паэта. Калі Міцкевіч жыў у выгнанні ў Парыжы, яго сучасніца і аўтарка словаў песні Габрыеля Пузыня даслала Адаму флакончык вады з Нёмана і букецік кветак. Гэтай вадой пазней быў ахрышчаны малодшы сын паэта, а кветкі Адам Міцкевіч захоўваў да самай сваёй смерці. Пераклад тэкста з польскай мовы зрабіла, а таксама распавяла гэтую гісторыю Ірына Багдановіч — сучасная беларуская паэтка, даследчыца, перакладчыца. Музыку да твора напісала Вольга Махнач
Дару майго не адпрэчыш, літвіне,
Ён успаміны абудзіць сабою:
Вырасла ў ковенскай кветка даліне,
Нёман-сваяк падзяліўся вадою!
Плынь, што да мора імкнулася бачна,
Марам вяртае тваім спадзяванне —
Нёман, за песні хвалы табе ўдзячны,
Шле ад Літвы ўсёй табе прывітанне.
Сам ты калісьці ў запале юначым
Слёзы крышталіў тут росамі ў маі;
Дол чужаземскі ўжо іх усмактачыў,
Ды пазастаўся выток іхні ў краі!
Ад усіх рэк і літоўскіх крынічак,
Дзе землякі твае песні спявалі.
Кроплі іх слёз хто ўзгадае, падлічыць,
Што разам з песнямі ў Нёман сплывалі?!
Помнячы, што не вяртаюцца плыні,
Воды кірункаў сваіх не зракуцца, –
Ластаўкай лепей для нас будзь, літвіне,
Каб у Літву мог яшчэ ты вярнуцца!
10. Віктар Шалкевіч — «Міцкевіч ніколі не ездзіў у плацкартным вагоне»
Не абмінуў у сваёй творчасці славутага паэта і бард Віктар Шалкевіч, абраўшы адным са сваіх лірычных герояў Адама Міцкевіча. «Неяк я ехаў у плацкарце, і прыйшоў такі выраз: «Міцкевіч ніколі не ездзіў у плацкартным вагоне». Міцкевіча ўвогуле страшэнна люблю, вельмі вясёлы быў чалавек, тым больш мой зямляк. А ў балгарскім горадзе Бургасе я знайшоў ля мора камень, на якім было напісана, што ў гэтым горадзе Міцкевіч пэўны час чакаў карабля з рэйсам на Канстанцінопаль. Усё сышлося, і нарадзілася песня. Потым яшчэ і Марыя Верашчака далучылася…».
ПЖ, budzma.org