Адна з мэт – наладжванне эфектыўнага ўзаемадзеяння паміж беларускай дыяспарай і эстонскім грамадствам.
Эстонскія грамадскія арганізацыі з беларускімі каранямі аб’ядналіся ў нефармальную кааліцыю «Згуртаванне беларускіх суполак Эстоніі». Адна з мэт – наладжванне эфектыўнага ўзаемадзеяння паміж беларускай дыяспарай і эстонскім грамадствам.
Беларуская дыяспара ў Эстоніі зараз трэцяя па колькасці пасля расійскай і ўкраінскай (каля 12.000 чалавек). Беларусы прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім і дзелавым жыцці Эстоніі, сярод іх шмат кваліфікаваных спецыялістаў у самых розных сферах. Яны зарэкамендавалі сябе як надзейныя і дысцыплінаваныя супрацоўнікі, партнёры, на якіх можна разлічваць. Дзейнасць беларускіх дыяспаральных арганізацый знаходзіць разуменне і падтрымку з боку ўрада Эстоніі.
«Цяпер беларуская дыяспара Эстоніі перажывае новы этап станаўлення, які звязаны найперш са зломам кансерватыўнага трэнду: большая частка беларусаў, якія жывуць у Эстонскай Рэспубліцы, аддалі галасы за дэмакратычны выбар у жніўні 2020 года. З гэтага моманту назіраецца новая хваля згуртавання беларусаў у Эстоніі і Таліне, у прыватнасці, на дэмакратычнай праеўрапейскай платформе», – кажа адзін з актывістаў кааліцыі Павел Марозаў, кіраўнік Valgevene Uus Tee – арганізацыі, якая дзейнічае ў Эстоніі з 2006 г.
Дзейнасць кааліцыі падтрымала МЗС Эстоніі, з якім у «Згуртавання беларускіх суполак Эстоніі» наладжаны працоўны кантакт. Апроч актыўнага дыялогу з уладамі Эстонскай Рэспублікі, грамадзянскай супольнасцю краіны, у сферы інтарэсаў «Згуртавання беларускіх суполак Эстоніі» захаванне і папулярызацыя беларускай нацыянальнай культуры, мовы, падтрымка беларускіх актывістаў, палітычных зняволеных і іх сем’яў, інтэлектуальнай эліты і дзеячоў культуры ў эміграцыі.
У лістападзе ў Таліне пройдзе штогадовы кінафестываль “Паўночнае ззянне”, які стаў візітоўкай беларусаў Эстоніі. Пры падтрымцы сталічнай мэрыі плануецца адкрыццё ў бліжайшай перспектыве “Беларускага Дому ў Таліне” – стацыянарнай пляцоўкі для мерапрыемстваў рознага фармату.
«Экзістэнцыйныя выклікі, якія на дадзены момант стаяць перад беларускім грамадствам і беларусамі за мяжой, патрабуюць кансалідацыі намаганняў па многіх накірунках. Іх цяжка рэалізаваць сіламі адной арганізацыі, – адзначае Ірына Суурсільд, лідарка Valgevene Maja, грамадскай арганізацыі беларусаў хвалі-2020. – Мы спадзяемся наладзіць кантакт з беларускімі дыяспарамі іншых краін, у першую чаргу Скандынавіі і Балтыі, для супрацы на рэгіянальным і еўрапейскім узроўнях. У прыватнасці, намі ўжо ўсталяваны кантакт і вызначаны вектар сумеснай дзейнасці з беларускай дыяспарай Фінляндыі».
Немалаважную ролю ў дзейнасці аб’яднання таксама адыгрывае адвакатаванне інтарэсаў беларусаў у дзяржаўных органах Эстоніі. Зараз «Згуртаванне беларускіх суполак Эстоніі» вядзе перагаворы з МУС Эстоніі па замене пашпартоў грамадзян Беларусі з заканчэннем тэрміну дзеяння на эстонскія праязныя дакументы. Устаноўлены кантакт з мэрыяй Таліна, якая гатова падтрымаць беларусаў па шэрагу надзённых праблем. У бліжэйшы час «Згуртаванне беларускіх суполак Эстоніі» збіраецца правесці даследаванне, мэта якога – ацэнка дэмакратычнага патэнцыялу беларускай дыяспары ў Эстоні
У «Згуртаванне беларускіх суполак Эстоніі» ўваходзяць наступныя арганізацыі: Valgevene Uus Tee, Valgevene Maja, Belarusian Independent Film Academy, Wind Rose Center, Friida Bell, Digital Media Hub, Kodanikualgatuse Toetuskeskus, Valgevene, Kultuuri Assotsiatsioon, Valgevene Spordi Solidaarsusfond
Паводле прэс-рэлізу