У аўторак у Падкамітэце па Еўропе Камітэта па замежных справах Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША прайшлі слуханні па Беларусі. Асноўным спікерам была Святлана Ціханоўская.
Ціханоўская агучыла шэраг практычных прапаноў для падтрымкі дэмакратычнай Беларусі: прызначыць спецпасланніка ЗША для працы з дэмакратычнымі сіламі, дадаць Беларусь у план эканамічнага аднаўлення – і пашырыць праект яшчэ і на нашу краіну (зараз ён тычыцца Украіны і Малдовы), падтрымаць праект новага беларускага нацыянальнага пашпарту, прыцягнуць Лукашэнку і яго памагатых да адказнасці праз міжнарожныя суды.
«Мы вітаем беспрэцэдэнтнае рашэнне Дзяржаўнага дэпартамента ЗША распачаць Стратэгічны дыялог з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
Мы заклікаем ЗША падтрымаць нашыя намаганні па захаванні незалежнасці і аднаўленні дэмакратыі ў нашай краіне. Прызначэнне спецпасланніка ЗША павінна паспрыяць стварэнню кааліцыі ў падтрымку незалежнай дэмакратычнай Беларусі.
Беларусь не павінна стаць суцяшальным прызам для Расіі. Свабода ў Беларусі ўдарыць па Пуціне мацней за любыя санкцыі і дапаможа Украіне перамагчы ў вайне. Таму падтрымка свабоднай Беларусі – гэта не дабрачыннасць. Гэта вашыя інвестыцыі ў мір і бяспеку на ўсёй планеце».
Пасля прамовы ў кангрэсмэнаў быў час задаваць пытанні. У асноўным яны тычыліся ўдакладненняў сітуацыі ў Беларусі, таксама пыталі і пра тое, як звязаныя з Ціханоўскай структуры бачаць далейшае супрацоўніцтва з ЗША і якую менавіта дапамогу патрабуюць.
Прадстаўнікі ад ЗША выказалі разуменне сітуацыі ў Беларусі. Таксама гучалі і словы падтрымкі. У заключэнне амерыканскія кангрэсмены адзначылі, што размова са Святланай Ціханоўскай была для іх цікавай і натхняльнай.