Вандроўка шляхамі Адама Міцкевіча

З нагоды 225 год з дня народзінаў паэта запрашаем прагуляцца па Вільні шляхамі Адама Міцкевіча. У гэтым горадзе адбывалася ягонае станаўленне як творцы. Тут Міцкевіч навучаўся ва ўніверсітэце, друкаваў кнігі, пазнаёміўся са сваімі лепшымі сябрамі, цёплыя стасункі з якімі захаваў на ўсё жыццё. У Вільні паэт адседзеў у расійскім астрозе, адсюль выехаў у ссылку, з якой ніколі больш не вярнуўся на радзіму.

Помнік Адаму Міцкевічу ў Вільні. Аўтар Гедэмінас Якубоніс, 1984

Вільня

Да Вільні Адам Міцкевіч меў асаблівы сантымент. Тут па сённяшні дзень на вуліцах і плошчах можна сустрэць сляды паэта. Ён прыехаў у Вільню, калі яму было сямнаццаць гадоў у верасні 1815 года, каб вучыцца ў Віленскім універсітэце. Пра гэты перыяд жыцця паэта сведчыць мемарыяльная шыльда на адным з універсітэцкіх будынкаў.

Віленскі ўніверсітэт і касцёл Святых Янаў (Šv. Jono g. 12)

Апроч таго як пашпацыраваць ўніверсітэцкімі дворыкамі, адзін з якіх мае імя паэта, прайсціся калідорамі, якія памятаюць Адама Міцкевіча, варта наведаць і Святаянаўскі касцёл, які ўваходзіць у архітэктуррны ансамбль Віленскага ўніверсітэта.

Касцёл Святога Яна Хрысціцеля і Касцёл Святога Яна Евангеліста — узор позняга барока з рэнесанснай званіцай побач, узведзены пад патрэбы езуіцкага ордэна напрыканцы ХVІ стагоддзя і істотна рэканструяваны паводле праекта майстра барока, архітэктара Яна Глаўбіца пасля пажару ў 1737 годзе.

Святаянаўскі касцёл cityzenclub.pl

Езуіты атрымалі стары касцёл, заснаваны яшчэ Ягайлам, меркавана, нават да прыняццця хросту ў 1386 годзе, ад Жыгімонта Аўгуста і істотна перабудавалі яго. Але і ў сучасным будынку можна знайсці элементы готыкі, уласцівыя для першапачатковага аблічча храма.

Пасля скасавання ордэна езуітаў у 1773 годзе храм быў перададзены галоўнай Віленскай школе, пасля Віленскаму ўніверсітэту. У касцёле можна пабачыць самы вялікі на сёння арган у Літве, перавезены пасля скасавання езуіцкага калегіюма ў Полацку з мясцовага касцёла. Але гэты арган Міцкевіча не застаў, ён быў усталяваны толькі ў 1837 годзе.

Арган у касцёле Святых Янаў

Вядома, малады Міцкевіч падчас навучання ў Віленскім універсітэце наведваў касцёл. Сёння, на месцы, дзе маліўся паэт у Святаянаўскім касцёле ўсталяваны ягоны бюст з памятнай шыльдай. Побач можам пабачыць помнік ягонаму ўніверсітэцкаму сябру і паплечніку па паэтычнай справе ды таварыству філаматаў, а пазней і па эміграцыі, Антонію Эдварду Адынцу.

Друкарня Юзафа Завадзкага (Šv. Jono g. 4)

Пасля сканчэння Віленскага ўніверсітэта ў 1819 годзе ў абмен на стыпендыю Адам Міцкевіч паехаў працаваць настаўнікам у Коўна, але працягваў перыядычна наведваць Вільню. Тут, у 1822 годзе ў друкарні Юзафа Завадскага, колішняй друкарні Віленскай езуіцкай акадэміі, была выдадзена першая кніга Міцкевіча — зборнік вершаў «Балады і рамансы».

Дзякуючы гэтай кнізе паэт адразу атрымаў вядомасць. Пра гэтую падзею нагадвае шыльда на будынку былой друкарні недалёка ад універсітэта. А Юзаф Завадскі пахаваны побач з сям’ёй на Антокальскіх могілках, якія таксама варта наведаць.

Музей Адама Міцкевіча (Bernardinu, 11)

Калі паэт вяртаўся з Коўна ў Вільню ён часта змяняў адрасы пражывання, кватараваў у розных будынках. Сярод іх у 1822 годзе ён здымаў пакой у доме па вуліцы Бернардынскай, дзе сёння месціцца музей паэта. Пра тое, што тут жыў Міцкевіч, сведчыць памятная шыльда на будынку і барэльеф ва ўнутраным дворыку.

Музей Адама Міцкевіча

Лічыцца, што ў гэтым будынку Адам Міцкевіч рэдагаваў сваю паэму «Гражына». Зараз у памяшканні, якое наймаў Міцкевіч, можна наведаць музей. Экспазіцыя налічвае больш за 200 экспанатаў, сярод якіх партрэты паэта, частка ягонай бібліятэкі.

Музей Адама Міцкевіча

Тут можна пабачыць нават арыгінал кнігі рэгістрацыі студэнтаў 1815 года, дзе студэнт Адам Міцкевіч мае нумар 93 і дыплом паэта аб сканчэнні ўніверсітэта. Яшчэ экспануецца стол ды крэсла, за якімі працаваў Міцкевіч, ягоныя лісты да сяброў па таварыстве філаматаў, першыя выданні твораў і шмат іншых цікавостак. Варта спусціцца і ў падвал, дзе некалі месцілася кухня ды сталовая, там з 1822 года адбылося найменш зменаў.

Музей Адама Міцкевіча

Дом Казіміра Пясецкага (Literatų, 5)

Наступны будынак, які памятае Адама Міцкевіча, — дом бацькоў ягонага сябра, паплечніка па таварыстве філаматаў Казіміра Пясецкага. Тут паэт квартараваў у 1823 годзе і напісаў ІІ і ІV часткі аднога са сваіх галоўных твораў «Дзяды». Менавіта ў гэтай кватэры ў ноч з 22 на 23 кастрычніка 1823 года паэт быў арыштаваны за ўдзел у таемным таварыстве ды змешчаны ў вязніцу.

Дом Міцкевіча, Вільня

Базылянскі кляштар (Aušros Vartu, 7а)

Пад вязніцу расійскімі ўладамі былі прыстасаваныя памяшканні Базылянскага кляштара. Наступныя паўгады з 22 кастрычніка 1823 па 21 красавіка 1824 года Міцкевіч разам з іншымі філаматамі ды філарэтамі будзе знаходзіцца тут. Пазней паэт апіша гэты перыяд у ІІІ частцы свайго твора «Дзяды».

Колішні кляштар базалянаў

Пад суд патрапілі 108 удзельнікаў студэнцкіх арганізацыяў, гэта быў найбуйнейшы студэнцкі палітычны працэс ва ўсёй тагачаснай Еўропе. Дваццаць студэнтаў ўвосень 1824 года былі альбо прысуджаныя да турэмных тэрмінаў з наступнай высылкай, сярод іх Тамаш Зан, Ян Чачот, Адам Судзін, альбо высланыя ўглыб Расіі, як і сам Адам Міцкевіч.

Гатэль у базылянаў

Сёння на будынку колішняга базылянскага кляштара можам пабачыць шыльду, дзе па-польску і па-літоўску пазначана, што тут быў у заключэнні Адам Міцкевіч разам з іншымі філаматамі ды разгортвалася дзеянне трэцяй часткі «Дзядоў». Сам будынак належыць сёння ўкраінскай грэка-каталіцкай царкве і прыстасаваны пад гасцініцу.

У гатэліў базылянаў

Да сёння не захавалася аўтэнтычная камера, дзе ўтрымліваўся зняволены Міцкевіч, у якой, падкупіўшы вартаўнікоў, па начох вязні сустракаліся разам. У III частцы паэмы Міцкевіча «Дзяды» яе галоўны герой, які носіць аўтабіяграфічныя рысы, у сваёй камеры вядзе спрэчку з Богам і сатаной і перажывае духоўнае перараджэння, ператвараючыся з Густава ў Конрада. Своеасаблівы музей «Келлі Конрада» з 2009 года функцыянуе ў невялікай прыбудове паміж гасцініцай і царквой Святой Тройцы. Тут размешчана экспазіцыя, прысвечаная таемным студэнцкім таварыствам Віленскага ўніверсітэта і сімвалічная камера Густава-Конрада.

Келля Конрада

Апошняя адрэса Міцкевіча ў Вільні (Didzioji, 22)

Адам Міцкевіч быў вызвалены з вязніцы дзякуючы Іахіму Лялевелю, тагачаснаму прафесару гісторыі Віленскага ўніверсітэта, які паручыўся за яго.

Надмагільны помнік Іахіму Лялевелю на могілках Росы

Міцкевіч чакаў судовага выраку па сваёй справе ў будынку па вуліцы Вялікай, што месціцца побач з ратушай. У кастрычніку 1824 года яму была перададзена пастанова з загадам выехаць у Расею не пазней чым праз два дні. Ад таго часу паэт у Вільню больш ніколі не вярнуўся. На будынку, дзе кватараваў Міцкевіч зараз можна пабачыць памятную шыльду.

Язэп Вараніцкі, budzma.org