22.01: Клуб рэканструкцыі паўстання 1863 зладзіць дзень адчыненых дзвярэй у Беластоку

Клуб гістарычнай рэканструкцыі “Invictus 1863” ладзіць Дзень адчыненых дзвярэй.

З гэтай нагоды ў тэлеграм-канале хабу “Новая Зямля” апублікаваны адмысловы прэс-рэліз клубу:

“Сябры і сяброўкі! Мы – суполка гістарычнай рэканструкцыі “Invictus 1863”.

Шчыра запрашаем вас на Дзень адчыненых дзвярэй клубу!

Клуб стварылі беларусы, якія цікавяцца гісторыяй ды актыўна яе папулярызуюць. Як можна зразумець з нашай назвы, мы цікавімся Паўстаннем Каліноўскага (Студзеньскім Паўстаннем 1863 года).

Мы толькі пачынаем: ідэя сфармавалася ў жаданне год таму, падчас ушанавання 160-й гадавіны пачатку Паўстання. Жаданне перарасло ў намер праз пару месяцаў. А паўгода таму мы пераўтварылі ўсё гэта ў рэчаіснасць!

Мы распавядзем вам пра мэту і памкненні, пакажам строі ды зброю паўстанцаў, а калі здолеем вас зацікавіць (а мы абавязкова здолеем), то паставім разам вешкі на нашым шляху ў бліжэйшую будучыню”.

Імпрэза адбудзецца 22-га студзеня а 18.00 гадзіне ў хабе “Новая Зямля” ul.Wyszyńskiego 6A у Беластоку.