Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” запрашае ўсіх неабыякавых да беларускай мовы далучыцца да імпрэзы, што адбудзецца ў нядзелю, 25 лютага 2024 г. ў Рызе, ў будынку АНКТЛ (вул. Слокас 37).
Дзейныя сябры таварыства збяруцца на чарговы справаздачна-выбарчы сход і традыцыйную дыктоўку, прымеркаваную да Міжнароднага Дня роднай мовы, што адзначаецца ва ўсім свеце 21 лютага. На сходзе, акрамя справаздачы, плануецца абмеркаванне актуальных пытанняў і плана мерапрыемстваў на 2024 год, а таксама сяброўскі стол.
Праграма:
- Дыктоўка, прысвечаная 100-м угодкам з дня нараджэння Васіля Быкава.
- Справаздача кіраўніцтва ЛТБК “Сьвітанак” аб выніках працы таварыства ў 2023 г. і абмеркаванне плана працы на 2024 г. Выбары Рады ЛТБК “Сьвітанак”.
- Сяброўскі стол з беларускімі стравамі, гарбатай ды беларускімі настольнымі гульнямі для тых, хто пажадае застацца ў добразычлівай кампаніі ды атмасферы. Прысмакі да стала (у дабрачынным парадку) пажадана прыносіць у аднаразовым посудзе.
Запрашаем ўсіх ахвотных ўзяць удзел у напісанні дыктоўкі, прысвечанай ў гэтым годзе Васілю Быкаву, а таксама далучыцца да актыўнай працы ў нашым таварыстве. Пераможцам у напісанні дыктоўкі мы падрыхтавалі прызы!
Пачатак у 13 гадзін.