Збор на анлайн-трансляцыю святкавання БНР106 для беларусаў і беларусак у Беларусі

Каманда БНР100 плануе правесці мерапрыемства з анлайн-трансляцыяй на YouTube у гонар святкавання 106 гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Каманда БНР100 узнікла ў 2018 годзе пры падрыхтоўцы масавых святкаванняў 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. І была заснаваная Паўлам Белавусам, Антонам Матолькам і Эдуардам Пальчысам. Папярэднія івэнты – БНР100, БНР101, БНР102 – гэта святочныя фестывалі і канцэрты, якія сабралі дзясяткі тысячаў удзельнікаў і ўдзельніц. Каманда арганізатараў зазнала рэпрэсіі, але справа святкавання гадавінаў БНР жыве.

Для правядзення анлайн-трансляцыі да БНР106 запушчаны збор на BYSOL з агульнай сумай у 25000 еўра на арганізацыю. Выдаткі патрэбныя на аплату пляцоўкі, тэхнічную каманду, тэхнічнае абсталяванне і арганізацыю выступу гуртоў. Падрабязная праграма будзе агучвацца паступова.

106 гадоў таму ў 1918 годзе Беларуская Народная Рэспубліка стала першай нацыянальнай дзяржавай беларусаў. Гэта тая падзея, якая стала беспрэцэдэнтнай у фармаванні нашай нацыі і паклала пачатак сучаснай Беларусі.

Сёлета мерапрыемства адбудзецца ў фармаце анлайн, каб да яго можна было далучыцца з любой краіны свету, і асабліва з Беларусі, дзе беларусы і беларускі не могуць адзначыць гэты дзень проста выйшаўшы на вуліцы сваіх гарадоў. Але можна быць разам з сям’ёй, сябрамі і іншымі беларусамі і беларускамі. Падчас анлайна можна будзе ананімна задаваць свае пытанні ды віншаваць суайчыннікаў і суайчынніц.

У мерапрыемстве прымуць удзел вядомыя беларускія музычныя гурты і цікавыя спікеры і спікеркі, з якімі мы будзем размаўляць пра гісторыю і сучаснасць, абмяркоўваць пытанні беларускай ідэнтычнасці.

Мы ведаем, што з вашай дапамогай мы зможам стварыць святочную атмасферу, аб’яднаць беларусаў і беларусак як у Беларусі, так і за яе межамі. А таксама нагадаць вам і сабе, што нашая сіла ў адзінстве. 106 гадоў таму нашыя продкі здолелі заявіць пра сябе. Мы ўпэўненыя, што і ў нас усё атрымаецца, таму што беларуская салідарнасць – нашая галоўная сіла.

Паводле прэс-рэлізу