Лявон Вольскі абвесціў конкурс кавераў

З нагоды 10 годдзя альбома «Грамадазнаўства» Лявон Вольскі абвесціў конкурс кавераў. Каб паўдзельнічаць, трэба запісаць кавер на любую песню Лявона Вольскага. Пераможцы атрымаюць каштоўныя прызы.

«Вы самі, а можа, вашыя дзеці ці бацькі граеце на гітары ці іншым інструменце, ці любіце спяваць, а, можа, вы самі арыгінальны выканаўца ці музычны гурт?

Бярыце ўдзел у конкурсе і атрымлівайце прызы да 10-годдзя альбома «Грамадазнаўства»!», — паведамляецца ў Instagram-акаўнце volski.official.

Каб паўдзельнічаць у конкурсе, трэба запісаць кавер на любую песню Лявона Вольскага, падзяліцца ім у сетках з хэштэгам #hramadaznaustva10 і адзначыць профіль @volski.official.

Пераможцы атрымаюць адзін з трох прызоў:

1. Магчымасць выканаць свой кавер альбо заспяваць разам з Лявонам Вольскім і гуртом на адной сцэне ў Варшаве 23 сакавіка.

2. Бясплатны занятак па навучанні ігры на гітары ці вакалу ў студыі ў Варшаве (ці online — на выбар) гітарыста гурта VOLSKI Паўла Трыпуця

3. Падарунак ад кавярні Beerstation Praga (напой + страва)

Пераможцаў абярэ асабіста Лявон Вольскі.

Вынікі будуць абвешчаныя 20 сакавіка.

budzma.org