У гасцінай таварыства ”Уздым” прадоўжыўся цыкл музычна-паэтычных вечарын ”На лукавіне Даўгавы”. На гэты раз вечарына была прысвечана да 80-годдзя таленавітага музыканта, прафесіанала з высокай літары, дырыжора, кампазітара, спявачкі, кіраўніка, настаўніцы, стваральніцы многіх калектываў і цудоўнага чалавека, якая прысвяціла таварыству “Уздым” больш 30 гадоў – Яніны Антонаўны Юзэфовіч.
Гэтую абаяльную, інтэлігентную, таленавітую жанчыну мы cустракаем заўсёды з асаблівай павагай і прыемнасцю. Дасведчаная, уважлівая, простая і шчырая ў размове, яна здзіўляе шырынёю творчых інтарэсаў, глыбінёю разважанняў, адметнасцю адухоўленай душы. Нашаму таварыству пашанцавала, што ў нас ёсць такая таленавітая кіраўніца гурта “Натхненне”, якая сама калісьці вучылася ў вядомага беларускага кампазітара Ігара Лучанка.
Яніна Антонаўна высока прафесійный музычны кіраўнік, дырыжор, як кажуць нашы спявачкі, яна з музыкай як рыба ў вадзе . Можна зайздросціць па добраму яе шырокаму і разнастайнаму кругагляду, зацікаўленаму стаўленню да музыкі, арыгінальных творчых народных музычных знаходак, яе музычнай нястомленнасці і прагнасці. У гэты вечар ніхто не сумаваў. Яніна Антонаўна захоплена распавядала пра сваё дзяцінства і юнацтва, пра сваю працу настаўніцай музыкі, пра тое, як 30 гадоў таму назад яна стварала першы калектыў у таварыстве. У гэты вечар гучалі словы падзякі, добрыя пажаданні і прыгожыя беларускія песні. Аўтарам музыкі шэрагу гэтых песень з’яўляецца віноўніца ўрачыстасці. Сярод іх песні на словы яе мужа Фёдара Ісаева і старшыні “Уздым”, паэткі Ліліі Воранавай, паэта Яўгенія Голубева. Кожны з прысутных стараўся павіншаваць Яніну Антонаўну, сказаць ёй самыя добры словы падзякі за яе працу на блага таварыства. Павіншаваць яе прыйшоў наш знакаміты паэт Станіслаў Валодзька, з якім звязвае іх творчае супрацоўніцтва шмат гадоў. Станіслаў падрыхтаваў Яніне Антонаўне свой верш.
ЯНІНЕ ЮЗЭФОВІЧ Бацькоўскі кут, як шмат для нас ён значыць! З гадамі не слабее сэрца зрок: Праз далячынь гадоў так ясна бачны Малінава – утульны хутарок. Непадалёку возера Густаты Чароту шэптам кліча адпачыць. Як пасвіцца у ім аблокаў статак, Падчас падоўгу хораша сачыць. Дзе б ні былі, па родным наваколлі Заўсёды памяць будзе нас вадзіць. Дагэтуль Барадзініцкая школа, З надзеяю убачыць Вас, глядзіць. Прыроды запаветнай гукі-спевы Змаля дзяўчынцы западалі так, Што узышлі іх жытнія пасевы – Музыкам і спявачкай даў Бог стаць. Вы разам з намі распраўлялі крылы, Штодзённа шчыравалі, як маглі: “Купалінку” і “Спадчыну” стварылі, Што з Вамі добры голас набылі…* Асветлена любоўю і сагрэта, Душа з дзяцінства стала, нібы храм. Вялікая удзячнасць ёсць за гэта Ядвізе і Антонію бацькам. Яны з нябёсаў зараз рады бачыць, Як новаму хвалу аддаўшы дню, І маці, і бабуля, і прабабка Вы дорыце любоў і дабрыню… * Вакальныя калектывы таварыства “Уздым” і Цэнтра беларускай культуры ў Даўгаўпілсе