
Былыя беларускія палітвязні накіравалі зварот да незалежных экспертаў ААН у справе Беларусі, а таксама да шэрагу еўрапейскіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў з просьбай звярнуць увагу на выкарыстанне артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу – «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Яны сведчаць, што гэтая норма выкарыстоўваецца для ціску на зняволеных і падаўжэння тэрмінаў.
Сярод адрасатаў звароту – група незалежных экспертаў ААН у справе Беларусі, старшыня дэлегацыі Еўрапарламенту для сувязяў з дэмакратычнай Беларуссю Малгажата Гасеўска, спікер Сейму Літвы Юозас Олякас, часовая павераная ў справах Беларусі ў Літве Аста Андрыяўскіене, а таксама беларускія нобэлеўскія лаўрэаты – пісьменніца Святлана Алексіевіч і праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Аўтары звароту заклікаюць дамагацца на міжнародным узроўні скасавання артыкулу 411 і вызвалення ўсіх палітвязняў, асуджаных паводле яго.
«Гэты артыкул дазваляе бясконца падаўжаць тэрмін зняволення на падставе сфабрыкаваных у калоніі «парушэнняў», – гаворыцца ў звароце.
Са сведчанняў былых палітвязняў, артыкул выкарыстоўваецца і як інструмент ціску ўнутры калоніяў.
«З дапамогай гэтага артыкулу рэжым прымушаў нас пісаць прашэнні аб памілаванні на імя ўзурпатара, удзельнічаць у прапагандысцкіх відэаматэрыялах з мэтай дыскрэдытацыі беларускага дэмакратычнага руху, а таксама даваць згоду на так званае «канфідэнцыйнае супрацоўніцтва», – адзначаюць аўтары.
«Сёння артыкул 411 ёсць інструментам катаванняў і механізмам бясконцай пралангацыі палітычнага зняволення, а паводле сутнасці – эквівалентам пажыццёвага пазбаўлення волі», – гаворыцца ў звароце.
Аўтары звяртаюць увагу на сітуацыю ў калоніях і адзначаюць, што, нягледзячы на іх вызваленне, дзясяткі іхных паплечнікаў працягваюць заставацца за кратамі, пры гэтым, кажуць яны, існуе рэальная пагроза жыццю і здароўю вязняў.
Былыя палітвязні заклікаюць міжнародную супольнасць падымаць пытанне наконт скасавання артыкулу 411, вызвалення асуджаных паводле яго і іх поўнай прававой рэабілітацыі.
Сярод падпісантаў звароту – Павел Вінаградаў, Алена Гнаўк, Мікола Дзядок, Юрый Зянковіч, Аляксандр Казлянка, Зміцер Казлоў, Ігар Карней, Вікторыя Кульша, Павел Севярынец, Павел Спірын і Паліна Шарэнда-Панасюк.
Нагадаем, падставай для завядзення справы паводле артыкулу 411 могуць быць самыя розныя эпізоды – ад адмовы выконваць патрабаванні адміністрацыі да фармальных парушэнняў распарадку.
У гомельскай жаночай калоніі № 4 рапарты супраць зняволеных складаюць за «даклад не паводле ўсталяванай формы», «параўнанне ўмоваў утрымання з генацыдам», «сон, седзячы на падлозе, паклаўшы галаву на тумбу», «няветлівыя паводзіны з працаўнікамі», «камунікацыю з іншымі асобамі», «выкананне фізічных практыкаванняў у забаронены час», «расшпілены пінжак», «знішчэнне ліста», «выхад у туалет без папярэджання», «адмову ўстаць і назвацца пры адкрыцці дзвярэй камеры» або «адмову прыбраць рэчы з батарэі».
У мужчынскіх калоніях «парушэннямі» лічацца, у прыватнасці, «адмова прыбіраць камеру або туалет», «адмова выходзіць на прагулку а 5:30 раніцы», «сон на падлозе ў штрафным ізалятары», «перабыванне без курткі каля стадыёну», «размова з іншымі асуджанымі» або «адмова заняць прызначанае месца».
Раней праваабарончы цэнтр «Вясна» ужо звяртаўся да спецыяльнага спавяшчальніка наконт правоў чалавека ў Беларусі – незалежнага эксперта, які прызначаецца Радай правоў чалавека ААН, – у сувязі з артыкулам 411 КК Беларусі. Праваабаронцы падкрэслівалі, што гэтую норму варта выключыць з Крымінальнага кодэксу, паколькі прыцягненне да адказнасці паводле яе парушае права на асабістую свабоду і прынцып недапушчальнасці двайнога пакарання.
Паводле звестак «Вясны», на падставе артыкулу 411 былі асуджаныя больш за 80 палітвязняў, пры гэтым каля 45 чалавек застаюцца ў зняволенні.
