
Беларуская рэжысёрка Нэла Агрэніч узяла ўдзел у стварэнні папулярнага польскага сіткома «Падляшша», які выйшаў на платформе Netflix і адразу трапіў у топ праглядаў. Для яе гэта быў першы досвед працы ў польскай камандзе з новым моўным асяроддзем, новымі прафесійнымі выклікамі і знаёмствам з легендарнай актрысай Ганнай Сенюк.
Разам з поспехам серыяла з’явілася і крытыка падляшскіх беларусаў, перадусім за тое, як у ім паказана культура і мова Падляшша. Сама Нэла Агрэніч заклікае не ўспрымаць праект занадта сур’ёзна і нагадвае: гэта перадусім лёгкае, забаўляльнае кіно для шырокага гледача.
Пра працу на здымачнай пляцоўцы, польскі досвед, уласнае бачанне фільма і лёс беларускага кіно пагаварылі з Нэлай Агрэніч.
РР: Раскажыце, як вы патрапілі ў здымачную групу фільма «Падляшша»?
Нэла Агрэніч: Трапіла я па знаёмстве праз аднаго са свайго прадзюсара, з якім я зараз спрабую рабіць поўнаметражны дэбют. Патрэбна была праца, і я папрасіла, каб мяне дзесьці ўладкавалі. Так што, можна сказаць, па знаёмстве трапіла. Як раз запускаўся гэты праект, і мне прапанавалі ролю персанальнага асістэнта для Ганны Сенюк. А потым я ўжо была на пляцоўцы як асістэнт рэжысёра. Такія дзве ролі выконвала адначасова.
РР: Як у вас склалася праца з рэжысёрам фільма Лукашам Касміцкім? Можа ён мае крыху беларускіх каранёў?
Нэла Агрэніч: У нас увогуле была вельмі крутая каманда. Былі вельмі добрыя стасункі. Я бліжэй за ўсё была з Ганнай Сенюк, таму што большую частку працы я праводзіла з галоўнай гераіняй. А на пляцоўцы больш адбывалася камунікацыя з рэжысёрам, ці праз другога рэжысёра, там ёсць свая іерархія. Пра карані Лукаша не ведаю. Калі гаворка ідзе пра аўтарскае кіно, то, канешне, важна, адкуль чалавек, чаму ён робіць гэтую тэму. Там гэтыя аспекты вельмі важныя. Тут, у камерцыі, больш важны твой бэкграунд, што ты да гэтага зрабіў і г.д. Таму, напэўна, больш на гэта глядзелі, калі выбіралі рэжысёра, як мне здаецца. У біяграфію рэжысёра я не ўнікала, можа там штосьці і ёсць.
РР: Як вы выбіралі кандыдатаў для натурных здымкаў «Падляшша»?
Нэла Агрэніч: Я не дакраналася да працэсу падрыхтоўкі, таму што гэтым займаецца рэжысёр, аператар, мастак і прадзюсары. Потым ужо мы працуем на пляцоўцы з тым, што ёсць, што нам падрыхтавалі. Скажу, што мы жылі ў гатэлі ў Беластоку, але здымкі ў нас былі нават у мясцовасці, якая 500 метраў ад беларускай граніцы. Усё добра атрымалася, нават памежнікі нас не правяралі. Некалькі здымачных дзён там было. Дакладна ведаю, што мы здымалі ў Канюках. У нас былі аб’екты таксама не ў самой вёсцы, недзе дарога, рэчка, ці лес, ці яшчэ штосьці. Каля рэшткаў старога касцёлу. Там шлюб адбываўся галоўных герояў.
РР: І калі мы кажам пра польскі касцёл, то гэта, канешне, вёска Ялоўка. Яна сапраўды побач з беларускай граніцай. І гэта мясціны звязаныя з Каліноўскім.
Нэла Агрэніч: Ого, якія моцныя мясціны.
РР: Можа ў вас у здымачнай групе быў хтосьці з кансультантаў, хто падказаў, ці можна з мясцовых хтосьці выступіў як эксперт?
Нэла Агрэніч: Гэта быў ужо другі фільм. Бо «Падляшша» – гэта другі фільм на гэтую тэму. І большасць лакацый, былі выбраныя яшчэ на першым фільме. Як праходзіў працэс выбару лакацый, мне цяжка сказаць, я не ўдзельнічала ў гэтым. Шмат было натурных здымкаў, і мы трапілі ў сезон дажджоў. Вельмі часта ліло, і таму нярэдка чакалі, кал надвор’е палепшыцца.
