Арганізатары фестывалю Tutaka шукаюць валанцёраў. Tutaka — гэта не толькі артысты і гледачы. Гэта і вялікая супольнасць валанцёраў, без якіх фэст проста не адбыўся б! Хто можа стаць валанцёрам і што трэба будзе рабіць, расказваем у тэксце.

«Менавіта дзякуючы вашаму энтузіязму, заангажаванасці і душы фестываль кожны год атрымлівае жыццё. Запрашаем далучацца да каманды ў 2026 годзе!», — адзначаюць арганізатары фестывалю.
Хто можа далучыцца?
Кожны_ая ў каго ёсць жаданне і хто мае 18+ год.
Асобы ва ўзросце 16–17 гадоў могуць далучыцца толькі разам з бацькамі або законнымі апекунамі, якія таксама ўдзельнічаюць у валанцёрстве.
Каб далучыцца да каманды валанцёраў, трэба запоўніць форму да 10 чэрвеня.
Што будуць рабіць валанцёры?
Некаторыя задачы:
- Падрыхтоўка і фініш — самая нябачная, але важная праца: мантаж канструкцый, кашэнне травы, капанне, упрыгожванне прасторы, уборка і сартаванне смецця і шмат іншага
- Праца ў інфапунктах, на фестывальных кропках — усмешка і інфармацыя для гасцей, рэгістрацыя гасцей, продаж фестывальнага мерча
- Актыўнасці — дапамога ўдзельнікам пры падрыхтоўцы майстар-класаў, лекцый і г.д.
- Сцэна і артысты — тэхнічная і чалавечая падтрымка
- Прастора — усё, што вакол: крэслы, сцяжкі, агеньчыкі. Тут патрэбная дапамога з тым, каб было чыста і ўтульна: падняць, перанесці, нешта ўсталяваць або падправіць
*Болей пра гэта — у рэгламенце.
Важна ведаць
- Фестываль адбываецца ў лесе, валанцёры жывуць на прыродзе ў намётавым лагеры.
- Намёт неабходна мець свой уласны.
- Арганізатар не кампенсуе дарогу да Беластока.
- У валанцёрскім лагеры арганізавана палявая кухня. Арганізатары забяспечваюць неабходны посуд для гатавання і прыёму ежы, а таксама бытавую тэхніку (пасудамыйную машыну, пральную машыну, лядоўку і іншае).
- На тэрыторыі лагера ёсць душ з гарачай вадой і прыбіральня.
Дзе і калі?
Дата: з 12 чэрвеня па 30 ліпеня 2026
Падрыхтоўка: 12 чэрвеня — 15 ліпеня 2026
Сам фестываль: 16–19 ліпеня 2026
Дэмантаж і прыборка: 20–30 ліпеня 2026
Для людзей, якія жывуць у Беластоку або паблізу, ёсць магчымасць удзельнічаць у валанцёрстве з 01.06.2026 ў фармаце разавых прыездаў і самастойна выбіраць зручны графік.

Што валанцёры атрымаюць?
- Харчаванне і клопат
- Фестывальную кашульку ў падарунак
- Начлег у асобным валанцерскім лагеры
- Жывое знаёмства з закуліссем фестывалю
- Знаёмствы з артыстамі, спікерамі, дзеячамі
- Развіццё арганізацыйных і камандных навыкаў
- Пасведчанне аб валанцёрстве пры неабходнасці
- Новых сяброў, размовы ля вогнішча, успаміны на ўсё жыццё
- Новыя прафесійныя кантакты і магчымасці для будучых праектаў
- Падцягванне камунікатыўных навыкаў у польскай і беларускай мовах
Чаму варта быць часткай фэсту?
Гэта добрая нагода, каб пазнаёміцца з арганізацыйнай кухняй фестывалю і спецыфікай працы пры вялікім праекце. Арганізатары гарантуюць, што вы атрымаеце каштоўны досвед у арганізацыі культурнага мерапрыемства, пазнаёміцеся з неймавернымі людзьмі і файна правядзеце час у атачэнні прыроды, музыкі і мастацтва.
Фестываль — гэта не толькі некалькі дзён падзей, а цэлы працэс, які пачынаецца значна раней і працягваецца пасля заканчэння.
Ён складаецца з трох этапаў: падрыхтоўкі, самога фестывалю і завяршэння. Спачатку разам ствараецца прастора, наладжваюцца працэсы і камунікацыя, і ўжо на гэтым этапе фарміруецца каманда. Потым ідуць інтэнсіўныя фестывальныя дні з жывой атмасферай, вялікай колькасцю працы, узаемадзеяння і эмоцый. І пасля гэтага — дэмантаж, калі ўсё паступова вяртаецца ў звычайны стан, але з’яўляецца час паразважаць, падсумаваць досвед і яшчэ раз адчуць вынік агульнай працы.
Калі валанцёр праходзіць усе гэтыя этапы, фестываль успрымаецца значна глыбей: лепш разумееш, як усё працуе, мацней адчуваеш сябе часткай каманды і атрымліваеш не фрагмент, а цэлы досвед. Гэта пра сувязі, уключанасць і адчуванне, што ты сапраўды паўплываў(ла) на тое, што адбываецца.
Як далучыцца?
- Перад запаўненнем анкеты прачытайце рэгламент удзелу
- Запоўніце форму да 10.06.2026 г.
- Да 12 чэрвеня арганізатары дашлюць лісты ўсім, каго змогуць запрасіць у каманду
Запаўненне формы не гарантуе ўдзелу — арганізатары адбяруць валанцёраў у залежнасці ад патрэб фестывалю і колькасці заявак.
