21 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень паэзіі. З гэтай нагоды «Новы Час» паразмаўляў з паэтам і перакладчыкам Андрэем Хадановічам, які падзяліўся сваім першым вершам, распавёў пра лацінаамерыканскія літаратурныя фестывалі і паразважаў над пытаннем: чаму людзі ўсё яшчэ чытаюць і любяць паэзію.
— Што для цябе паэзія? Як ты напісаў свой першы верш?
— Для мяне паэзія — тэрыторыя цудоўнага і нечаканага, дзе ты сам сябе можаш здзівіць. І навакольны свет часцей прыемна здзіўляе праз оптыку паэзіі.
А першы досвед паэзіі ў мяне здарыўся, калі мне было 3-4 гады. Я неасцярожна выцягнуў з ёлачнай цацкі аснову, такія тоненькія металічныя пруткі, і засунуў іх у разетку. Тады ток прайшоў у мяне па руцэ — па пальцах і, на шчасце, не пайшоў далей. Мяне «дзяўбанула» токам, я напалохаў усю сям’ю. А пасля гэтага выпадку напісаў дзіўны верлібр:
жила-была пятка она взяла и накакала в розетку…
І яшчэ пару радочкаў у такім духу.
Бацькі не ўспрынялі гэта як паэзію, а захавалі выпадак у сямейных гісторыях, якімі можна смяшыць сваякоў. Наступныя тэксты былі «афіцыйна-паказушныя» — школа, насценгазета, форма — рыфмаваная байка. Я добра пісаў пра рэчы, якія трэба было высмеяць. Да таго моманту, пакуль мяне аднойчы не сустрэлі героі майго твора. Я напісаў вершык пра кепскую паспяховасць, настаўніца прачытала яго ў старэйшых класах, маўляў, глядзіце, які малы таленавіты вучыцца і што думае пра вас, прагульшчыкаў.
І вось некалькі такіх прагульшчыкаў сустрэлі мяне ў калідоры і ў сваю чаргу выказалі, што яны думаюць пра мяне і мае опусы. То-бок, я атрымаў свой першы фідбэк і больш насценгазетных вершаў не пісаў.
— Якія ў цябе творчыя навіны? Раскажы, калі ласка, пра свае кнігі, якія выйшлі нядаўна.
— Не так даўно выйшла ажно тры кнігі. Першая — выбранае пад назвай «Вершы» ў серыі «Паэты планеты». Мне вельмі радасна надрукавацца ў серыі, для якой шмат гадоў працаваў як перакладчык, укладальнік, дзе ёсць Шэкспір, Сапфо і мае любімыя французскія, польскія і ўкраінскія паэты. Кніга выйшла ў Беластоку з дапамогай выдаўца Яраслава Іванюка. Другая кніга — таксама выбранае, яе прапанавалі выдаць мае літоўскія калегі, яна называецца «Фантомныя радасці», гэта дзвюхмоўны зборнік вершаў. Радуюся ад думкі, колькі крутых літоўскіх паэтаў і паэтак сабраліся пад адной вокладкай як перакладчыкі. Трэцяя кніга выйшла ў серыі hochroth Minsk — гэта падсумаванне тых зменаў, якія адбыліся з намі ў 2020 годзе, — там пра пратэсты, салідарнасць, страх і надзею часоў рэпрэсій і вайны. Кніжка называецца «На беразе волі» — мы ўсё яшчэ на беразе, мы быццам блізка, але адначасова ў доўгім падарожжы да яе.
— Як ты думаеш, чаму людзі ўсё яшчэ чытаюць паэзію: купляюць кнігі, ходзяць на фестывалі нягледзячы на тое, што існуюць іншыя віды мастацтва і новыя забавы, напрыклад, тэатр, кіно, стэнд-ап?
— У нейкі час я пачаў актыўна ездзіць на літаратурныя гастролі ў розныя краіны. І з гонарам казаў заходнееўпрапейцам: як у вас класна ўсё арганізавана, як добра працуюць фонды, ёсць стыпендыі — але ў нас нашмат больш жывых людзей прыходзіць на выступы, людзі да гэтага цягнуцца. А потым адзін раз прыехаў на фестываль у Лацінскую Амерыку. А там гледачоў — у дзесяць разоў болей, чым на нашых імпрэзах. Яны шэсць гадзін слухалі вершы, некаторыя стоячы, гадзіну ліў дождж, а людзі не разышліся, дасталі дажджавікі і парасоны.
Але не менш людзей збіралася там пад латарэйнымі кіёскамі, стаяла ў чэргах і купляла квіточкі. Сапраўды, нешта палобнае: паэзія як латарэя, а верш — шчаслівы білецік. Разгарнуў кніжку — і атрымаў нечаканы досвед, цудоўны алгарытм, формулу шчасця. Проста дзеля ямбаў і харэяў людзі не сталі б чытаць вершы.
Ёсць паэзія, з якой ты засынаеш у ложку, разгарнуўшы кніжку, і іншая, тая, у такт якой качаеш галавой падчас чытання, упадаючы ў калектыўны транс ад гукаў на сцэне. Калі-нікалі гэтыя розныя паэзіі можа напісаць адзін і той жа аўтар і нават у адным і тым жа вершы. Напэўна, існуюць нейкія энэргетычныя хвалі, а супадзенне энергіі чакання і энергіі пасылу нараджае выбух, нірвану, слёзы. У выніку атрымліваецца, як казаў Апалінэр: «Ты можаш смяяцца і плакаць і не здавацца пры гэтым смешным».
— Мы дайшлі да абмена энергіямі паміж аўтарам і чытачом (ці слухачом), як да прычыны, чаму людзі ўсё яшчэ чытаюць вершы. На тваю думку, ці зможа штучны інтэлект цалкам замяніць паэтаў?
— Я думаю, штучны інтэлект ужо сёння піша лепш за палову вядомых мне паэтаў. Але я веру ў другую палову. Калі адказваць сур’ёзна, то ў паэзіі ўся надзея на чалавечую «няправільнасць», непрадказальнасць. Мяркую, у паэтаў і паэтак яшчэ будуць атрымліваюцца вершы, непадуладныя штучнаму інтэлекту. А вось прыклады для падручнікаў па літаратуры нейрасеткі з часам будуць пісаць лепш за людзей. Якія-небудзь санэты, трыялеты, ці вершы з канкрэтным тропам — метафарай, гукапісам. Штучны інтэлект будзе фармуляваць правілы, а людзі будуць іх парушаць.
— Мы жывем у гістарычныя часы і набірае папулярнасць дакументальная паэзія — калі вершы складаюцца з урыўкаў падслуханых фраз, з кавалкаў паведамленняў, з надпісаў на сценах… Як ты ставішся да такога жанру?
— Калі я працаваў ва ўніверсітэце на філфаку, я любіў размаўляць са студэнтамі і студэнткамі. З гэтых размоў калі-нікалі нараджаліся цікавыя ідэі. Я мог напісаць верш, перапрацаваўшы расказаную імі гісторыю, перапісаўшы ў іншым настроі. Але шчыра прызнаюся, пачутыя гісторыі былі цікавейшыя за тыя вершы. Да таго ж, я па сваім тэмпераменце люблю ствараць штосьці радаснае, і падслухоўваць люблю штосьці вясёлае. А зараз мы адно адному расказваем гісторыі траўмаў, няшчасцяў, гэта вельмі важна ў плане салідарнасці, у плане ўзаемнай падтрымкі.
Скажам, Дзмітрый Строцаў піша як бы ад сябе, але піша дакументальную паэзію і часам занатоўвае фрагменты размоў. Каб зразумець, што здарылася з канкрэтнай Беларуссю ў канкрэтны жнівень і верасень 2020 года, можна пачытаць яго вершы. Ці створыцца з гэтага масавы трэнд, ці такі жанр хутка надакучыць, я дакладна не магу сказаць.
— Ці быў у тваім жыцці такі момант, калі ты думаў, што больш не будзеш (ці не хочаш) пісаць вершы?
— З моманту, калі бацькі не зразумелі верш пра пятку, іншых вялікіх перапынкаў у напісанні паэзіі ў мяне не было (смяецца). Бывалі моманты, калі проста доўга не пішацца, і я гэта прымаю. Мяркую, спрацоўваюць нейкія засцярагальныя механізмы, каб не пісаў рэдкаснай фігні. У мяне ёсць спраўджаная часам думка, што будзе іншы стан, і нейкая хваля, і я яшчэ надакучу сабе і навакольным, кожны дзень запісваючы тэксты. А ў такія перапынкі можна з большай карысцю пачытаць іншых паэтаў ці празаікаў, паперакладаць вершы. Пасля 24 лютага, пасля нападу Расіі на Украіну, у мяне не было эмацыйнай хвалі пісаць уласныя тэксты, затое ў некалькі разоў узмацнілася жаданне чытаць, знаходзіць і перакладаць украінскую (і не толькі) паэзію, якая рэагуе на штосьці ў сённяшнім свеце. І, канешне, дзяліцца ёю з беларускімі чытачамі.
— Якая паэтычная кніга з нядаўна прачытаных табе спадабалася і чым менавіта?
— Некалькі дзён таму я чытаў адзін паэтычны зборнік — дэбютны, які нядаўна выйшаў у выдавецтве «Пфляўмбаўм». Павольна смакаваў і перачытваў вершы. Вельмі моцны паэтычны голас, на маю думку. Увогуле мне неяк пашанцавала — палову жыцця кантактую і праводжу майстар-класы з маладымі паэтамі. Я даю ім заданні, яны гэтыя заданні выконваюць, і часам атрымліваецца нашмат лепш, чым я мог сабе ўявіць. А потым некаторыя паэты і паэткі ўключаюць вершы-заданні ў свае зборнікі, так атрымалася і з гэтай кнігай.
Прыемнае здзіўленне адчуў, калі да паэзіі пасля доўніх гадоў прозы і эсэістыкі вярнуўся Альгерд Бахарэвіч. Кніга са сціплай назвай «Вершы» — усім рэкамендую.
— Паэзія адлюстроўвае жыццё ці жыццё адлюстроўвае паэзію?
— Паэзія адлюстроўвае жыццё, якое адлюстроўвае паэзію. І гэтую байку, як пра папа і ягонага сабаку, можна расказваць вельмі доўга. Гэта спалучаныя сасуды. Паэзія — аўтаномная тэрыторыя, «мова магчымых сусветаў», як казаў хтосьці з вялікіх. Але энергетычна паэзія зачахла б без кантакту з рэальнасцю. Уражанні ад яе прапускаюцца праз свядомасць творцы, праз суму нашых ведаў пра культуру, праз тое загадкавае і невядомае, што мы пафасна называем творчасцю.
Але і вершы маюць свае наступствы ў рэальнасці. Першы паэт-сюррэаліст, як казаў усё той жа Апалінэр, паглядзеў на чалавечую хадзьбу — і вынайшаў кола. Чытанне добрай паэзіі ў разы паскарае мысленне. А колькі добрых людзей паразумеліся паміж сабой з дапамогаю паэзіі. Колькі новых людзей нарадзілася, дзякуючы паэзіі — калі нясмелы хлопец (або дзяўчына), не ведаючы, як прызнацца ў каханні, выдабыў з сябе паэтычную цытату — і спрацавала. Пакуль мы тут размаўляем, нехта знаёміцца на паэтычных чытаннях. Так што прапаную перайсці да вершаў.
Сучасны верш Не бяды, што сучасны верш такі, які ёсць, бо яго першыя чытачы — перакладчыкі, і аўтар не хоча абразіць іх вершам, які нельга перакласці. Бяда, што сучасны верш такі, які ёсць, бо яго апошнія чытачы – паэты, і аўтар не хоча абразіць іх вершам, які нельга напісаць.
* * * Адбіваецца свет у вадзе ад журбы і нямога адчаю. Сам сябе да слёз давядзе і самога сябе выбачае. Сам пытае й тлумачыць сам, што іначай не патлумачым. Свет не верыць п’яным слязам, але верыць рыфмам дзіцячым. Сам сябе давядзе да слёз і суцешыць сябе самога, бо чаканая рыфма — лёс, і чаканая — перамога. Бо змяняе радасць бяду і блукальцаў вяртае вырай, і каханкі — двойчы ў ваду за дзіцячаю рыфмай шчырай. Адгукнецца за ўсё ў жыцці пераможцам, суддзям і сведкам, каб далей на стале расці смешным вершам і першым кветкам. У слупочак плача паэт, і яшчэ адзін далучае да вясновых водаў, дзе свет адбіваецца ад адчаю. 21.03.2023
*** Г.С. Першая доза — эмблема тугі, радасці ўкол — другая. Тым, хто радзіўся не з той нагі, мала што памагае. Снежань на левым плячы тваім, студзень — другою дозай. Цемра накрыла Вершалаім. Зараз крычацьмеш прозай. Пекла і рай на лакдаўне, хоць едуць кудысь багамолкі. Бібліятэка — тут і выходзь, бо наступная — могілкі. Дзень малаціў языком, як цэп. Ноч не прынесла лекаў. Застаецца вечны рэцэпт з букіністычных аптэкаў. Там, дзе ў стужцы зла і дабра плач і боль неадольны, з перасадкай дабрацца да бра, верхняй або настольнай. Там, дзе не спіць надзея ўначы, хопіць яе дабра вам: казкі казак — на левым плячы, песні песень — на правым. Першая доза — знакам бяды, золатам дня — другая. Свята, якое з табой заўжды, зноўку перамагае.
*** Юнацтва на пальцах тлумачыць крывыя шэсць рысак, малюе акорды, Am — назаўсёды галоўны, бо ў ім феерверкі надзеі і роспачы прысак, пякельныя геніі, сумныя райскія клоўны. Мы танчылі дрэнна, бо граць запрашалі на танцы, пілі што цякло, жартавалі з невячным здароўем. Ды неяк афганскі шансон замянілі ў альтанцы паўстанцім рамансам — і ўсё, што чакае, было ў ім. Як выпрастаў спіну. А потым — памры або ўкленчы. Як торбу збірала, хоць з велічы і хараства ўся. Як ганьба ўціскала галовы ў сутулыя плечы. Як горад штодня паміраў — і жывым заставаўся. Не пройдзе і… ўстаўце лічэбнік… як гэтае пройдзе… Вяртаецца з выраю бог і выходзяць у белым багіні, Еўропа клянецца свабодай на Марксе і Фройдзе, што болей ніколі не кіне, не кіне, не кіне. І будуць валіцца на голаў завея ды спёка, бо нехта наверсе закэнсэліць восень ды вёсны. Ваенная лодачка роспачы пойдзе далёка, а свет застанецца, прыгожы, варожы, дзівосны. І ўсё, што было, пралятае паветранай хваляй, фальшывай фанерай, пахеранай шыльдаю з яцем. Ці помніш, што ўчора — насуперак гору — спявалі? Ці помніш, што заўтра — насуперак шчасцю — пяяцьмем?