
Праваахоўныя органы Польшчы дагэтуль не могуць вызначыць месца перабывання Анжалікі Мельнікавай і ейных дзяцей. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.
«На сённяшні дзень праваахоўныя органы Польшчы не вызначылі месца перабывання Анжалікі і яе дзяцей. Пра гэта я быў праінфармаваны падчас сустрэчы сёння. Няма і адзінай прыярытэтнай версіі прычынаў яе знікнення. Адзінае, што ўдакладнілі ў праваахоўных органах, – гэта тое, што Анжаліка Мельнікава пакінула тэрыторыю Еўразвязу 26 лютага, а яе былы муж пакінуў тэрыторыю Польшчы ў кірунку Беларусі 3 сакавіка», – заявіў Павел Латушка 2 красавіка.
Нагадаем, выканаўца абавязкаў спікеркі Каардынацыйнай рады Стася Гліннік расказала на паседжанні Каардынацыйнай рады 1 красавіка, што пошукі зніклай спікеркі КР Анжалікі Мельнікавай трываюць. Са спасылкаю на польскія праваахоўныя органы Гліннік паведаміла: плёну пошукі пакуль не прынеслі. Апошні тэкставы кантакт з Мельнікаваю быў раніцаю 25 сакавіка. Што з ёй з таго часу, невядома.
«Усе версіі застаюцца версіямі і здагадкамі», – падкрэсліла Гліннік і заклікала іншых не распаўсюджваць непацверджанай інфармацыі.
30 сакавіка правяла сваё першае паседжанне працоўная група КР у справе рэагавання і маніторынгу, групу ўзначаліў Аляксандр Паршанкоў. Яна распрацоўвае ўсе магчымыя сцэнары падзеяў і рэагавання на іх, публікуе справаздачы для КР у закрытым канале. Група сярод іншага адзначыла неабходнасць удасканаліць механізм фінансавання КР, тэму фінансавання асобна разгледзяць 2 красавіка на паседжанні фракцыяў КР.
Пра знікненне спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай ейныя сябры паведамілі ўвечары 28 сакавіка. 29 красавіка Гліннік расказвала, што версіяў знікнення Мельнікавай шмат: ад выкрадання і вербавання да дэпрэсіі.