Зусім нядаўна ў клубе калекцыянераў у Коўне былі прададзеныя некалькі антыкварных беларускіх паштовак. Не танна, бо вядомых асобнікаў у свеце — вобмаль. Сярод іх — тая легендарная і, мабыць, першая ў гісторыі паштоўка, датычная БНР і 25 Сакавіка. Сюжэт з яе пасля тыражаваўся безліч разоў, на эміграцыі і на радзіме. Але ці гэтая паштоўка — адзіная?..
Так сталася, што ад 1918-га да сёння дату абвяшчэння БНР беларусы святкавалі найчасцей нелегальна, паўлегальна або — на чужыне (за рэдкімі выключэннямі). У эмігранцкіх колах 1920-х — 1990-х пра дату памяталі, хоць і не называлі яшчэ «Днём Волі». Былі імпрэзы, публікацыі, мітынгі, а таксама — віншавальныя паштоўкі.
Як яны выглядалі і колькі іх было? Сказаць адназначна немагчыма. Напэўна, недзе яшчэ захоўваюцца невядомыя даследчыкам прыклады, малатыражныя або наогул — самаробныя ці маляваныя ад рукі.
Зробім кароткі агляд таго, што вядома.
Паштоўка з вялікім гербам БНР: Пагоня ды выявы беларускіх ваяводстваў. Фактычна гэта «геральдычная мапа»: тэрытарыяльныя адзінкі з Пагоняй на гербах добра накладаліся на этнаграфічную мапу Карскага, паводле якой палітыкі з БНР і крэслілі межы дзяржавы. Так, паштоўка з’яўляецца гістарычным тлумачэннем тэрытарыяльных прэтэнзій новай дзяржавы.
Звычайна пра картку пішуць: «паштоўка часоў БНР». Насамрэч гэта берлінскае выданне 1920-х, калі палітыкі БНР ужо былі на эміграцыі. Адваротны бок чысты: толькі лінейка для таго, каб упісаць адрас атрымальніка. Ад пазнейшых дубляў, выдадзеных у другой палове 1940-х таксама ў Нямеччыне, першы асобнік адрозніваецца лепшай якасцю паперы і друку, на ім граюць колеры.
Паштоўка з бел-чырвона-белым сцягам — верагодна, першая ў сваім родзе. Цікава, што яна існуе ў дзвюх версіях: з цытатай Багушэвіча ды без яе. Выдавец — Таварыства імя Ф. Скарыны, верагодна, гаворка пра пражскіх беларусаў 1920-х гадоў.
Паштоўка, якую ўмоўна можна аднесці да тэмы 25 сакавіка. Яе выдаў «Беларускі сакол» у 1920-х (быў таксама польскі ды ўкраінскі «Сокал», папулярны на той час фармат моладзевых спартовых аб’яднанняў). Цікавая іканаграфія: атлетычнага выгляду юнак, сцяг, беларусы ў этнаграфічных строях, Скарына ды Янка Лучына (?) у нябёсах, наваградскія вежы, спартовыя прылады…
А яшчэ геральдычны сюжэт. Тыя самыя гербы ваяводстваў, але па цэнтры замест Пагоні — выява птушкі-сокала. Дарэчы, на адвароце чытаем «Паштовая пісулька» і адпаведнікі па-польску, па-ўкраінску, па-французску ды па-чэшску. Слова «паштоўка» яшчэ на той момант не ўвайшло ў беларускі ўжытак.
Паштоўка, выдадзеная ў 1948 годзе Галоўнай кватэрай Згуртавання беларускіх скаўтаў у Нямеччыне. Тут і далей «крафтавы», як бы зараз сказалі, гатунак паперы — не адмысловая дызайнерская прыдумка, але сведчанне адсутнасці добрай паперы (ці грошай на яе). У ідэале тло, канешне ж, мае быць белае.
Яшчэ адна паштоўка да 30-годдзя БНР 1918-1948, выдадзеная ў Нямеччыне. Тут цікавы подпіс: «Нацыянальны Дар». Як бачым, пра фармулёўку «Дзень Волі» яшчэ не чулі.
Паштоўка, выдадзеная ў Таронта каля 1951-1952 гадоў. На адвароце пазначаны кошт — 20 цэнтаў. Цікавая цытата з прысягі беларускіх партызанаў: «Уздымем яго [сцяг] высока — або ён пакрые нас!». Абарот «пакрые» тычыцца вайсковага рытуалу пахавання, калі труну пакрываюць сцягам… У эмігранцкай прэсе на той час шмат пісалася пра партызанскія дзеянні антысавецкіх груп у БССР, адсюль і кантэкст: нехта, маўляў, працягвае справу 25 Сакавіка на Радзіме.
Прыгожая гербавая паштоўка з воклічам «Жыве Беларусь!» Адзінага стандарта гербу Пагоня як дзяржаўнай азнакі надалей не існавала, таму мастакі (тут — невядомы) натхняліся той іканаграфіяй, якую мелі перад вачыма ці маглі знайсці ў літаратуры. Час выдання — мяжа 1940-х — 1950-х.
Густоўная паштоўка ўжо амаль сямейнага фармату: «Найлепшыя пажаданьні на Дзень 25 Сакавіка». Эмігранцкае выданне ў Нямеччыне, 1948-1949 гады. Бачна, што дата ўжо ўспрымаецца не як памятная, але як святочная.
Двухмоўная паштоўка «25 Сакавіка 1918-1966», выдадзеная ў Брэдфардзе, Вялікабрытанія. Тут, прынамсі, вядомы выдавец — дзеяч эміграцыі Янка Калбаса. Паштоўка больш нагадвае ўлётку: замест поля для напісання адрасу ці віншаванняў — англамоўны тэкст пра Каліноўскага. Яе, відаць, таксама дарылі ангельцам для папулярызацыі беларушчыны.
Паштоўка з Пагоняй на фоне бел-чырвона-белага арнаменту, Канада, мяжа 1970-х — 1980-х. Ёсць іншыя канадскія паштоўкі з вельмі падобным сюжэтам, але крыху іншай кампазіцыяй.
Паштоўка «25 Сакавіка — Беларуская Народная Рэспубліка 1918-1998», падпісаная на дзвюх мовах. Даволі позні прыклад, вытрыманы ў старых традыцыях. Цікава, што нягледзячы на ўжо існуючы варыянт кананічнай Пагоні, якая была гербам Беларусі ў 1991-1995, на эміграцыі надалей ужывалі іншыя варыянты вершніка.
Паштоўка-запрашэнне на ўрачысты канцэрт з нагоды Дня Волі, выдадзеная Цэнтрам Беларускай Культуры ў Беластоку, 2024. Як бачым, іншы час ды — зусім іншы дызайн. Замест сцягоў, вершнікаў, волатаў у вышыванках — шэрае неба з птушкамі і дата.
Праз 100 год пафас саступіў месца эстэтыцы.
Зрэшты, сюжэт той самай, першай паштоўкі 1920-х — жыве надалей як самадастатковы артэфакт. Напрыклад, як прынт для тэматычных цішотак.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org,
у публікацыі выкарыстаны матэрыял і знаходкі даследчыцы Наталлі Гардзіенка