31.03: У Вільні пройдзе Суседскі фэст пісанак

31 сакавіка грамадзянская ініцыятыва ды беларуская прастора запрашаюць на Суседскі фэст пісанак, каб далучыцца да святкавання вясны ды Вялікадня ў фармаце абмену традыцыямі, эстэтыкай, ведамі, музыкай ды спевамі.

Мэта фэсту — стварыць творчае асяроддзе, дзе дарослыя ды дзеці, прадстаўнікі літоўскай хост-культуры, украінскай ды беларускай змогуць пазнаёміцца, падтрымаць адзін аднога і наўпрост добра правесці час.

«Мы хочам стварыць магчымасць па-суседску, па-простаму заспяваць нашыя песні, стварыць сяброўскія карагоды, распісаць яйкі ў нашых розных традыцыях. Розных, але аб’яднаных адной ідэяй — паклікаць вясновыя змены на нашыя землі, ушанаваць жыццё», — адзначаюць арганізатары.

Што ў праграме?

Удзельнікаў Суседскага фэсту чакаюць літоўскія, украінскія, беларускія музыка ды спевы, танцы ды карагоды. Дзеці створаць папяровых птушанят — сімвалаў абуджэння прыроды, пашукаюць велікодныя скарбы. Для цікаўных наведнікаў будуць прапанаваны расповеды пра старажытныя і хрысціянскія абрады ды сімвалы на розных мовах. І канешне ж, наведнікі распішуць яйкі ў цудоўнай мінімалістычнай беларускай традыцыі, дададуць колераў у жыццесцвярджальнай украінскай ці створаць маргучай у таямнічай традыцыі Літвы.

Стварэнне пісанкі — гэта вельмі персанальны працэс, інтымны. На пісанках не малюецца штосьці наўпрост. Каб абраць які сімвал наносіць, чалавек пачынае размаўляць з сабой, зазіраць углыб, аналізаваць свае адносіны з сусветам. Калі пісанка ствараецца — гэта падобна нараджэнне сусвету: з хаосу і незразумелых рысачак з дапамогай агню і творчасці нараджаецца вельмі-вельмі старажытны сімвал сусвету!

Арганізатаркі адзначаюць, што падчас мерапрыемства з дзецьмі будуць займацца тьютары, таму бацькі змогуць заняцца абранымі справамі. Напрыклад, паслухаць лекцыі, не спяшаючыся стварыць пісанку ці наўпрост папіць гарбаты ды пачытаць кнігу з бібліятэкі музею.

Як зарэгістравацца на фэст?

Дата: 31 сакавіка

Час: пачатак а 13.00

Месца: Музей Івана Луцкевіча [Vilniaus, 20]

Рэгістрацыя на майстар-класы па спасылцы.

budzma.org