У Лондане будзе створаны Даследчы цэнтр беларусазнаўства на базе Скарынаўскай бібліятэкі

25 сакавіка пачала дзейнічаць дамова паміж «Кафедрай міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту і Беларускай бібліятэкай і музеем імя Ф. Скарыны ў Лондане аб супрацоўніцтве і стварэнні Даследчага цэнтру беларусазнаўства на базе бібліятэкі».

«Бібліятэка мае багаты шматгадовы досвед супрацоўніцтва з індывідуальнымі даследнікамі па ўсім свеце. Але цяпер гэтае супрацоўніцтва становіцца інстытуцыйным. Падпісаная дамова з Варшаўскім універсітэтам — гэта для нас першая, з моманту заснавання бібліятэкі ў 1971 годзе, дамова з інстытуцыяй», — пракаментаваў апякун бібліятэкі Павал Шаўцоў.

Караліна Мацкевіч, апякунка і куратарка бібліятэкі, дадае што «заснаванне гэтага даследчага цэнтру адпавядае бачанню стваральніка нашае бібліятэкі айца Аляксандра Надсана пра яе ролю ў беларускіх даследаваннях. Айцец Аляксандар, які актыўна камунікаваў з беларусазнаўцамі з усяго свету і ўсялякім чынам пашыраў акадэмічную ролю бібліятэкі, заклаў велізарны патэнцыял, які вось цяпер, установай гэтага цэнтру, можа быць паўней рэалізаваны».

Загадчыца кафедры праф. Ёанна Гэтка падкрэсліла важнасць супрацоўніцтва і для кафедры, паколькі яно дазволіць «студэнтам спалучаць акадэмічныя веды з практычным досведам. У сучасным свеце неабходна ня толькі ведаць, але ўмець на практыцы гэта рэалізоўваць. І калі маем інстытуцыю з такім досведам як у Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны, то лепшага партнёра для супрацоўніцтва знайсці немагчыма».

Намеснік загадчыцы кафедрай праф. Юры Грыбоўскі прызнаў, што ў рэгіёне недастатковыя веды «пра Беларусь, якая ёсць часткай Еўропы і ў гістарычным, і ў цывілізацыйным, і ў культурным сэнсе, пра беларускую культуру, яе мінуўшчыну і сучаснасць». Ён адзначыў, што «мэтай супрацоўніцтва, між іншым, з’яўляецца тое, каб гэтую сітуацыю палепшыць і паспрыяць таму, каб асабліва маладое пакаленне, студэнцтва, пачало больш цікавіцца беларускімі праблемамі, датычнымі культуры і гісторыі. Нашая кафедра займаецца гэтым на працягу апошніх гадоў, і падпісаная дамова павінна надаць гэтаму новы імпульс».

budzma.org