31 сакавіка ў Музеі Івана Луцкевіча дзеці распісвалі велікодныя яйкі ды рабілі папяровых птушанят — сімвалы абуджэння прыроды. А ў панадворку музея гучалі беларускія і ўкраінскія велікодныя песні, акторы і акторкі Вулічнага тэатра «Вір» забаўлялі малых і дарослых, можна было ўключыцца ў карагод ці навучыцца старадаўнім танцам.
Суседскі фэст пісанак арганізавалі Грамадзянская ініцыятыва ды Беларуская прастора. Нагода зразумелая — каталіцкі Вялікдзень і святкаванне прыходу вясны. З надвор’ем пашанцавала — сонца і больш за 20 градусаў цяпла — сама тое для спеваў, танцаў і гульняў на вуліцы.
Як заяўлялі арганізатары, мэта фэсту — стварыць творчае асяроддзе, дзе дарослыя ды дзеці, прадстаўнікі розных культур змогуць пазнаёміцца, падтрымаць адно аднога і проста добра правесці час. Гэта, здаецца, атрымалася. Украінкі і ўкраінцы добра разумеюць беларускую («для мяне гэта было нечаканасцю, прызналася Budzma.org украінская наведвальніца фэсту), а беларускі і беларусы — украінскую.
Цікаўным наведнікам прапанаваліся міні-лекцыі пра старажытныя і хрысціянскія абрады ды сімвалы на розных мовах.
Адкрываў вулічную праграму фэсту украінскі гурт Star — выканне дзецьмі вясенніх ды велікодных украінскіх песень было цёпла ўспрынята публікай.
Затым выйшаў гурт «Беларускі цуд» пад кіраўніцтвам Святланы Чакушкі. Не спыняючы выканання вясенніх ды велікодных песень гурт зладзіў усеагульны карагод, у які ўключыліся літаральна ўсе госці фестывалю — і малыя, і дарослыя.
І на заканчэнне фэсту дудар Вячка Красулін з сябрамі-музыкамі зладзілі майстар-клас па старадаўніх танцах.