«Беларускую супольнасць Украіны» прэзентавалі ў Кіеве

4 снежня ў Кіеве адбылася прэзентацыя грамадскай суполкі «Беларуская супольнасць Украіны» – аб’яднання беларусаў дзеля захавання нацыянальнай ідэнтычнасці і падтрымкі Украіны, паведаміў у сваім фэйсбуку яе кіраўнік Аляксей Францкевіч.

Супольнасць заручылася падтрымкай лідараў нацыянальных меншасцяў і карэнных народаў Украіны – супольнасцей, якія разам складаюць амаль 30% насельніцтва краіны. Гэта выразны знак даверу і павагі да працы «Беларускай супольнасці Украіны».

Супольнасць выказвае падзяку:

  • Ігару Лоссоўскаму, намесніку кіраўніка Дзяржаўнай службы Украіны ў справах этнапалітыкі і свабоды сумлення;
  • Ашоту Аванэсяну, кіраўніку «Рада національних спільнот України 2025»;
  • Рэфату Чубараву, старшыні Меджліса крымскататарскага народа;
  • Раўшану Тагіеву, кіраўніку Азербайджанскага кангрэса Украіны;
  • Аляксандру Хара, сябру Рады грамадскіх аб’яднанняў нацыянальных меншасцяў Украіны;
  • Марыі Харакоз-Лапеевай, кіраўніцы «Моладзі Рады нацыянальных грамад Украіны», намесніцы старшыні Федэрацыі грэчаскіх таварыстваў Украіны.

Асобная і шчырая падзяка ад «Беларускай супольнасці Украіны» – прадстаўніку Міністэрства замежных спраў Украіны і Упаўнаважанаму Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека за ўдзел, увагу да патрэбаў беларусаў і гатоўнасць супрацоўнічаць у вырашэнні актуальных пытанняў.

„Мы цэнім давер і падтрымку з боку ўсіх партнёраў і прадстаўнікоў улады. Разам умацоўваем прастору, у якой салідарнасць мацнейшая за выпрабаванні.
Беларусы і народы Украіны — плячо ў плячо па адзін бок фронту“ – зазначыў у сваім допісе Аляксей Францкевіч.

Тэкст і фота паводле facebook.com/lesha.franc