ПанямунЬ

Адна з трох загарадных рэзідэнцый апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага — Панямунь. У будынку, што схаваны глыбока ў парку, не раз гасцілі знатныя асобы і паплечнікі караля, з якімі манарх вырашаў будучыню краіны. У новым артыкуле «Гарадзенскай азбукі» — пяць фактаў пра сядзібу Панямунь.

Ці быў калісці замак на месцы сядзібы

Як сцвярджае мясцовае паданне, на месцы сядзібы калісьці стаяў замак. Але ніякіх прызнакаў яго існавання і пацвярджэнняў гэтаму няма. Загарадную рэзідэнцыю для караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага пабудавалі на гэтым месцы ў 1771 годзе.

Аднапавярховы будынак размясцілі ў глыбіні парка над правым берагам Нёмана. Сядзібу умацавалі падпорнымі сценкамі тэрас. З усходу і поўначы тэрыторыя была абмежавана глыбокім ровам.

Упрыгожаны толькі чатырохкалонным порцікам

Будынак пабудавалі з цэглы. Палац быў атынкаваны і не меў ніякіх дэкаратыўных элементаў на знешніх фасадах. Адзіным упрыгожаннем можна лічыць чатырохкалонны порцік на высокім цокалі. Пачатковы выгляд сядзібы можна ўбачыць на малюнку Напалеона Орды. У ХХ стагоддзі частку разбураных сценаў замянілі драўлянымі.

Палац належаў не толькі Панятоўскаму

Пасля адрачэння ад трона Станіслаў Аўгуст Панятоўскі аддаў палац сваім крэдыторам. У другой палове ХІХ стагоддзя ўласніцай сядзібы стала Ядзвіга Друцкая-Любецкая. Пасля яе смерці сядзіба адышла яе брату Уладзіславу, які быў гаспадаром іншага палаца былога караля — Станіславова. Апошняй уладальніцай сядзібы стала дачка Уладзіслава Яніна.

Ажэшка адзначала тут юбілей літаратурнай дзейнасці

Гродзенская пісьменніца Эліза Ажэшка 9 лютага 1892 года адзначала ў палацы 25-годдзе літаратурнай дзейнасці. Сярод гасцей былі паэт Францішак Багушэвіч і кампазітар Мечыслаў Карловіч.

Не ўсе пабудовы захаваліся да нашых дзён

Будынак палаца — не адзіны, які ўваходзіў у комплекс рэзідэнцыі. У ХІХ стагоддзі на ўездзе ў сядзібу пабудавалі капліцу. Неагатычны будынак з васьміграннай шатровай званіцай захаваўся да сённяшняга дня.

Ніжэй палаца, на тэрасе, знаходзіўся прамакутны флігель, які з аднаго боку быў аднапавярховы, а з другога двухпавярховы. Да яго прымыкалі аранжарэі. У адрозненні ад капліцы, яны не захаваліся да нашых дзён.

hrodna.life