Беларускі рэжым ператвараецца ў рабаўніка-пірата. Надта грошы трэба

У Беларусі прынялі адразу некалькі рэзанансных законаў, якія адкідваюць краіну ў прававым плане ў пачатак ліхіх 90-х. Пра сутнасць «новай эканамічнай палітыкі» novychas.online пагаварыў з эканамістам Львом Марголіным.

Закон «Аб канфіскацыі маёмасці» дазваляе забіраць маёмасць у краінаў, юрыдычных асобаў і грамадзянаў, якія здзейснілі «недружалюбныя дзеянні», ды “Аб абмежаванні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці”, які легалізуе так званы “паралельны імпарт” і ўзаконьвае інтэлектуальнае пірацтва.

— Усе магчымасці, тайныя замыслы і размах задумы мы ўсвядомім толькі тады, калі закон пачне прымяняцца на практыцы, — лічыць Леў Марголін. — Праўда, ужо зараз адзін аспект відавочны. Замежныя фірмы, якія прынялі рашэнне сысці з беларускага рынку, у тым ліку і славуты МакДональдс, кансервуюць сваю маёмасць; яна застаецца іхняй уласнасцю, але знаходзіцца ў закансерваваным стане. Прыняты закон дазваляе беларускаму ўраду канфіскоўваць маёмасць замежных фірмаў на карысць дзяржавы.

Закон таксама дае магчымасць забіраць маёмасць у тых фізічных асобаў, якія знаходзяцца за мяжой краіны і заклікаюць да санкцый. Мяркую, гаворка ідзе не пра ўсіх беларусаў, якія апынуліся за мяжой, а тых, хто актыўна займаецца палітычнай і грамадскай дзейнасцю.

Праўда, мы дагэтуль не ўсведамляем і не бачым увесь размах думкі беларускага кіраўніцтва, якое нацэлілася на чужую маёмасць. І зразумеем маштабы працэсу толькі тады, калі закон пачне прымяняцца на практыцы.

Чаму закон прымаўся ў сакрэтным рэжыме? Хутчэй, не ў сакрэтным, а ў тэрміновым: законапраект цягам літаральна некалькіх дзён унеслі ў Палату прадстаўнікоў і прынялі. Законапраекты, унесеныя на разгляд ПП, звычайна публікуюцца на афіцыйным сайце, а гэтым разам, відаць, было не да таго.

Эканаміст патлумачыў асаблівасць прынятага закона:

— Канфіскацыя маёмасці будзе весціся міма судовай сістэмы. Галоўны прынцып судовай сістэмы — магчымасць абскардзіць рашэнне ў другой інстанцыі. Але ўсе рашэнні па маёмасці будзе прымаць урад — куды ж ты абскардзіш рашэнне Савета міністраў?

Леў Марголін пракаментаваў таксама закон, якім легалізаваны “паралельны імпарт”:

— Закон аб паралельным імпарце (“Аб абмежаванні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці”) — гэта магчымасць абысці санкцыі. Расія адразу пасля ўвядзення санкцый прыняла падобны закон, тым жа шляхам пайшла і Беларусь.

Беларусі намнога прасцей, чым Расіі, абысці санкцыі, бо агульная мяжа з Еўрапейскім Саюзам больш працяглая. Усё, што забаронена афіцыйна імпартаваць, дазволена ўвозіць з дапамогай фізічных асобаў і камерцыйных фірмаў. Праўда, калі польская ці літоўская фірма пачне пастаўляць забароненыя тавары, то яна тут жа падпадзе пад другасныя санкцыі.

Або можна здабываць санкцыйныя тавары праз трэція краіны. Гавораць, што экспарт драўніны праз Казахстан і Кыргызстан павялічыўся ў разы, то што перашкаджае вырасці ў разы і санкцыйнаму імпарту? Звычайна такое не практыкуецца, бо вытворчцы павінны кантраляваць пастаўкі сваёй прадукцыі, іначай іхнія пазіцыі могуць быць падарваныя. Але навошта Мінску ўзгадняць свае пазіцыі з вытворцам, калі ён можа набыць забаронены імпарт праз трэція краіны?

novychas.online