28.04: Дабрачынная экскурсія ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча

28 красавіка а 12-й гадзіне запрашаем на экскурсію ў Літаратурны музей Максіма Багдановіча – адзін з самых прыгожых і гасцінных музеяў нашай сталіцы!
На экскурсіі вы бліжэй пазнаёміцеся з асобай маладога таленавітага класіка, які ў свой час разбурыў шаблон успрымання беларускага пісьменніка як прадстаўніка вёскі. Даведаецеся, як паэту, амаль ўсё жыццё пражыўшаму ўдалечыні ад Бацькаўшчыны, удалося вывесці на еўрапейскі ўзровень беларускае вершаскладанне.
У музеі можна пабачыць унікальныя фотаздымкі і рукапісы Максіма Багдановіча, прадметы, звязаныя з яго сям’ёй і сябрамі, а таксама рэчы, якія сталі сімваламі беларускай культуры – залататканы слуцкі пояс і арыгінальную кнігу “Вянок”.
Экскурсія з’яўляецца дабрачыннай – заробленыя грошы будуць залічаны на рахунак, дзе акумулююцца сродкі на стварэнне надмагільнага манумента пісьменніку і актыўнаму дзеячу літаратурна-грамадскага руху ў Мінску пачатку XX ст. Змітраку Бядулю.
Класікаў звязвала не толькі літаратурна-грамадская дзейнасць, але і моцнае, шчырае сяброўства. Падчас прыезду Багдановіча ў Мінск у кастрычніку 1916 года метавіта Змітрок Бядуля даў хвораму паэту прытулак, выдзеліўшы яму на невялікіх арэндаваных метрах асобны пакой. Пад агульным дахам яны разам пражылі да самага ад’езду Багдановіча ў Ялту…

Экскурсію правядзе загадчык музея Міхаіл Бараноўскі.

Усіх удзельнікаў чакаюць памятныя сувеніры ад музея!

Унёсак: 20 руб.

Адрас: г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а.

Запіс па тэл.: +375 (17) 363 94 65.

Для даведкі:
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 3 лістапада 1941 г., Змітрок Бядуля (сапр. Самуіл Яфімавіч Плаўнік) памёр у эвакуацыі каля г.Уральск (Казахстан), дзе быў пахаваны на гарадскіх могілках. Намаганнямі дзяржавы і грамадскасці, была арганізавана работа па вяртанні яго на Бацькаўшчыну. Пры арганізацыйнай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Мінгарвыканкама, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і прыхільнікаў таленту пісьменніка 3 лістапада 2020 года адбылося перапахаванне яго парэшткаў на Усходніх могілках у Мінску.
Напрыканцы вясны 2023 года Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ініцыяваў збор сродкаў на вытворчасць і ўстаноўку надмагільнага помніка Змітраку Бядулю (аўтар эскіза – скульптар С.Гумілеўскі). Музею неабходна было сабраць 12,5 тысяч беларускіх рублёў. На дадзены момант на дабрачынным рахунку назбіралася 10,5 тыс.руб. Такім чынам 2 тыс.руб. – сума, якую застаецца сабраць. Збор працягваецца.

Далучыцца да збору сродкаў на стварэнне надмагільнага помніка можна таксама, наўпрост зрабіўшы ўнёсак на дабрачынны рахунак. Тлумачым, як гэта можна зрабіць, на прыкладзе мабільнага дадатка “M-Belarusbank”:

Абіраеце пункты: Платежи>Перевод по реквизитам

Запаўняеце палі:
ФИО
УНП плательщика (неабавязкова)
Адрес плательщика (неабавязкова)
Получатель: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
УНП получателя: 190269032
Счёт получателя: BY15AKBB36429000005530000000 (літары лацінскія)
БИК банка получателя: AKBBBY2X (літары лацінскія)
Код назначения платежа: 999
Назначение: стварэнне помніка Змітраку Бядулю.

bellitmuseum.by