Валер Карбалевіч разважае ў сваім тэлеграм-канале пра суд над нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім.
У Мінску распачаўся гучны судовы працэс. Грамадская, медыйная ўвага да яго прыцягнутая тым, што судзяць вядомых у краіне асобаў. Гэта лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру гэтага году, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, ягоны намеснік, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімер Лабковіч. Таксама судзяць завочна Змітра Салаўёва, які знаходзіцца за мяжой.
Калі казаць проста, іх абвінавачваюць у тым, што яны фінансава падтрымлівалі палітвязняў, — напрыклад, дапамагалі сплачваць штрафы.
Нобелеўская прэмія міру прысуджаецца з 1901 году. Выпадкаў у гісторыі, каб ёй уганароўвалі асобу, якая знаходзіцца за кратамі, было няшмат. У 1935 годзе яе прысудзілі нямецкаму журналісту Карлу фон Асецкі, які сядзеў у фашысцкай турме. Дарэчы, пасля гэтага гітлераўцы былі вымушаны вызваліць журналіста, хоць і пад нагляд спецслужбаў.
Кітайскага дысідэнта Лю Сяобо ўзнагародзілі ў 2010 годзе, калі ён быў у турме, а на волю ён выйшаў у 2017 годзе, перад самай смерцю.
Быў яшчэ выпадак з лідарам апазіцыі Бірмы (М’янмы) Аўнг Сан Су Чы. У 1991 годзе ёй прысудзілі Нобелеўскую прэмію міру, калі яна была пад хатнім арыштам. А вызвалілася толькі ў 2010 годзе.
І беларус Алесь Бяляцкі цяпер у гэтым жа драматычным шэрагу.
Суд над вядомымі праваабаронцамі ўлады зрабілі паказальным, дэманстратыўным. Ён фармальна адкрыты (хоць замежных дыпламатаў не пусцілі ў залю), адрозна ад іншых падобных працэсаў. Яго актыўна асвятляюць дзяржаўныя медыя. Пры падрыхтоўцы «справы» правялі 120 ператрусаў і сабралі 300 тамоў матэрыялаў. Такім жа паказальным быў і суд над «тэрарыстычнай групай» Мікалая Аўтуховіча.
То-бок праваабаронцаў прыраўноўваюць да тэрарыстаў. Ва ўсялякім разе, улады імкнуцца стварыць ім такі імідж. Таму і кайданкі ў клетцы не здымаюць.
Рэжым хоча знішчыць праваабарончы рух як інстытут. Бо абаронцы правоў чалавека — не толькі скрупулёзныя хранікёры палітычнага пераследу, якія фіксуюць факты, падзеі, чыноўнікаў, засвечаных у рэпрэсіях, лічаць ахвяраў. Яны яшчэ ўвасабляюць грамадзянскую салідарнасць, дэманструюць, што палітвязні не застаюцца па-за ўвагай, пра іх ведаюць, іх падтрымліваюць, часткова нават фінансава. Вынішчэнне самой ідэі салідарнасці, структур, якія яе ўвасабляюць, — важная задача рэжыму. Таму, напрыклад, праваабаронцы той жа «Вясны» Марфе Рабковай 6 верасня 2022 года прысудзілі 15 гадоў калоніі. Падсудным на гэтым працэсе пагражае да 12 гадоў калоніі. Такія тэрміны даюць за тэрарызм.
Суд над нобелеўскім лаўрэатам прыцягнуў увагу міжнароднай супольнасці да палітычных рэпрэсій у Беларусі. Ахвярнасць Алеся Бяляцкага і ягоных паплечнікаў дапамагла вярнуць тэму беларускай дыктатуры (хоць на кароткі час) у топы сусветных СМІ. На галоўных старонках вядучых медыя — фотаздымкі з судовай залі. З гэтай нагоды генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш канстатаваў «вельмі трывожнае развіццё падзей і яшчэ адзін прыклад звужэння прасторы, якую мы назіраем у многіх краінах для праваабаронцаў».
У пэўным сэнсе гэты суд над нобелеўскім лаўрэатам ставіць беларускі палітычны рэжым у няёмкае становішча. Прыцягваецца дадатковая ўвага сусветнай супольнасці да палітвязняў у Беларусі. Але і вызваляць «вясноўцаў» не вельмі выпадае: а раптам падумаюць, што Лукашэнка спужаўся маральнага ціску сусветнай супольнасці.
А з іншага боку, Лукашэнка займеў вельмі важнага палітзняволенага. Для яго гэта каштоўны тавар, за які можна патрабаваць ад Захаду вялікі выкуп.